Аранжавы хлопчык збіраецца ў дарогу

№ 18 (1353) 05.05.2018 - 11.05.2018 г

У ТЮГу абвясцілі пра пачатак працы над спектаклем “Музычныя прыгоды аранжавага хлопчыка”, які ў рэжысуры мастацкага кіраўніка калектыву Уладзіміра Савіцкага ў будучым сезоне з’явіцца ў Цэнтры творчых праектаў тэатра.

Перад гасцямі незвычайнай акцыі ў Елачнай зале ТЮГу выступілі аўтары праекта: беларуска-нідэрландская скрыпачка Вера Лапарава, чыя кніга лягла ў аснову будучага спектакля, і беларускі кампазітар Георгій Сасноўскі, які ўсур’ёз і надоўга атабарыўся ў Францыі. Падчас імпрэзы яны выступілі ў нязвыклай для сябе ролі: чыталі тэкст будучай пастаноўкі. Празаічныя ўрыўкі ўпляталіся ў фартэпіянныя мелодыі, выкананыя Аляксеем Пятровым — адным з найбольш таленавітых маладых прадстаўнікоў беларускай фартэпіяннай школы.

Як распавяла загадчык літаратурнай часткі Жана Лашкевіч, у сілу сваіх працоўных абавязкаў яна шмат чытае дзіцячай літаратуры — шукае арыгінальныя тэксты і новыя імёны, якія б маглі знайсці сцэнічнае ўвасабленне ў ТЮГу. Выпадкова ёй у рукі патрапіў зборнік кароткіх апавяданняў не прафесійнай пісьменніцы, але творчага чалавека, чые натхнёнасць і паэтычны погляд на штодзённыя сямейныя падзеі надалі замалёўкам пра дзяцінства казачнае хараство і неверагодную прывабнасць.

Праз кнігу крочыць хлопчык Том, прататыпам якога стаў старэйшы сын спадарыні Лапаравай. Літаратурны персанаж разглядае Сусвет праз уласцівае ўсім дзецям шкельца фантазіі і бязмежнай любові. Падаецца, сонечнае святло і цеплыня льецца не толькі ад рудой патыліцы маленькага героя, але і ад кожнага слова, што распавядае пра жыццё незвычайнай сям’і, у якой бацькі — музыканты. Значыць, і жыццё самога хлопчыка натуральна і непарыўна звязана з музыкай.

— Тэксты Веры Лапаравай адметныя і самадастатковыя. Намаганне перабудаваць іх у звыклую дыялогавую форму зводзіць на нішто абаянне словаў, іх празрыстасць, мелодыку, — распавяла спадарыня Жана. — Мы адмовіліся ад любога перапісвання або перайначвання — тэкст, вядома, можа быць перакампанаваны, але ні ў якім разе не зменены. Музыку, што працінае і агортвае дзеянне, рэжысёр вырашыў даверыць сапраўднаму аркестру — партытура дазваляе задзейнічаць ансамбль з 14 — 16 музыкантаў.

Самім тюгаўцам дастануцца “дарослыя” ролі — мамы і таты. А вось хто ўвасобіць галоўнага персанажа — таго самага Аранжавага хлопчыка — пакуль сакрэт! Эскіз спектакля плануецца стварыць да лістапада, пасля чаго рэжысёр Уладзімір Савіцкі распачне актыўныя рэпетыцыі.

Многія заўзятыя тэатралы пасля спектакля любяць набываць у хатнюю бібліятэку першакрыніцу. Літаратурная аснова праекта пакуль яшчэ не мае сапраўднага кніжнага ўвасаблення, так і не выбраўшыся з камп’ютарнага файла пад цвёрдую вокладку. Але ўжо вядуцца перамовы з выдаўцом, каб даўно падрыхтаваны тэкст з добрымі ілюстрацыямі выйшаў з друку.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"