400 СМІ на праспекце Пераможцаў

№ 18 (1353) 05.05.2018 - 11.05.2018 г

Сёння, 5 мая, — апошні дзень, калі можна завітаць на ХХІІ Міжнародную спецыялізаваную выстаўку “СМІ ў Беларусі”.

/i/content/pi/cult/690/15165/5.JPGФота Паліны КАСМАЧОВАЙ

3 мая ў выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выстаўкі, у якой прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Жаўняк, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рахманаў, віцэ-губернатар Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расіі Ірына Сакалова і генеральны дырэктар агенцтва Trend (Азербайджан) Ільгар Гусейнаў.

Уладзімір Жаўняк зачытаў прывітанне Прэзідэнта Беларусі ўдзельнікам выстаўкі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што форум “СМІ ў Беларусі” ўжо больш як два дзесяцігоддзі з’яўляецца месцам актыўнага абмеркавання сродкамі масавай інфармацыі пытанняў развіцця медыясферы і ўмацавання партнёрскіх сувязей. “СМІ павінны фарміраваць канструктыўнае грамадскае меркаванне праз своечасовую і аб’ектыўную падачу матэрыялу, адкрыты і ўдумлівы дыялог з аўдыторыяй. Упэўнены, што такая прадстаўнічая міжнародная пляцоўка паслужыць кансалідацыі грамадства, зацвярджэнню ідэй міру і добрасуседства”, — падкрэсліў у сваім віншаванні Аляксандр Лукашэнка.

/i/content/pi/cult/690/15165/4.JPGУ міжнародным форуме ўзялі ўдзел больш за 50 экспанентаў, якія прадстаўляюць каля 400 сродкаў масавай інфармацыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Кітая, Турцыі і іншых краін. Упершыню, дарэчы, былі прадстаўлены СМІ з Салехарда Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі.

Падчас работы выставы прайшло ўручэнне прызоў ХІV Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Ліцера”. Гран-пры ўдастоены праект БелТА “Мінск і мінчане” да 950-годдзя сталіцы Беларусі.

Дарэчы, новаўвядзенне сёлетняй выставы — Дзень рэгіянальнай прэсы, якая адыгрывае ў інфармацыйнай прасторы важную ролю. Яшчэ адна цікавая адметнасць — Дзень дзяцей і моладзі. Дзіцячая пляцоўка штодня прапаноўвала шматлікім гледачам цікавыя разнапланавыя праграмы, а сёння, 5 мая, на выставе пройдзе цэлы шэраг мерапрыемстваў для дзяцей. Так што прыходзьце ў выставачны комплекс на праспекце Пераможцаў усёй сям’ёй, не пашкадуеце!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"