“Зона Х” замест genius loci

№ 17 (1352) 28.04.2018 - 05.05.2018 г

Пра мінскі “Цэнтральны” даўно было варта зняць дакументальную стужку, каб зафіксаваць непаўторнасць яго атмасферы. Прадуктовая крама ля Кастрычніцкай плошчы, на першым паверсе якой яшчэ з савецкіх часоў дзейнічае незвычайны кафетэрый, ніколі не патрапіць на турыстычныя карты. Але менавіта гэтае культавае месца дазваляе спасцігнуць дух Мінска як вялікага горада. Урэшце, такі фільм з’явіўся. Але… “Цэнтральны” там нейкі не той.

/i/content/pi/cult/689/15160/22.JPGЛёгкасць камунікацыі — галоўная фішка гэтага магічнага месца. Яна прываблівае сюды мясцовую інтэлігенцыю, каб у кампаніі аднадумцаў пахваліцца творчымі поспехамі, галодных студэнтаў, ласых да таннай сасіскі ў цесце (колісь я і сам такі быў!), археолагаў пасля экспедыцый, панкаў, проста аматараў закласці за каўнер на дурніцу, бо тут нехта ды налье запаветны келіх. Ля стойкі, працягнутай уздоўж арачных шкляных вокнаў, наведвальнікі розных інтарэсаў, прафесій і дастатку п’юць хто каву, а хто і нешта мацнейшае, абмяркоўваючы паміж сабою ўсе навіны на свеце. Пляцоўка стала месцам, дзе інтэлігенцыя можа адчуць пралетарскі дух і пах, а пралетарыі — паназіраць з ухмылкай за гэтымі высакалобымі снобамі ў рагавых акулярах.

Менавіта гэтую разнастайнасць, у тым ці іншым выглядзе, чакаеш пабачыць у стужцы са знаёмай для слыху назвай — “Цэнтральны”. Але чакаеш дарэмна. Яе аўтары Дар’я Андрыянава і Мікалай Купрыч правялі шмат часу ў кафетэрыі толькі дзеля таго, каб з нахабствам адыёзных публіцыстаў (а не дакументалістаў, кім яны сябе называюць) прадэманстраваць маральнае дно цэлага россыпу нецвярозых фрыкаў. Атрымалася гіперрэалістычная “чарнуха”, якая павінна ўсімі сродкамі зачапіць за жывое сытага і задаволенага бюргера па той бок экрана.

Таму кіношны “Цэнтральны” трэба разглядаць толькі як адгалосак сапраўднага. Дзеянне намінальна адбываецца ў кафетэрыі або на яго ганку, але аўтараў фільма не цікавіла ні сама прастора, ні яе гісторыя, ні ўнікальная спецыфіка.

“Цэнтральны” там цяжка пазнаць. Згаданай вышэй мультыкультурнай разнастайнасці ў фільме няма. Аўтараў цікавіць толькі эпатаж: людзі з відавочнымі фізічнымі і псіхалагічнымі адхіленнямі. Падобных персанажаў лёгка можна сустрэць ля кожнай піўнушкі. Але пры чым тут “Цэнтральны”? Ды ў сутнасці не пры чым. Падзеі маглі адбыцца наогул дзе заўгодна. Аднак кафетэрый — гэта мясцовы брэнд, яго ведаюць, а паразітаваць на вядомай назве прасцей за ўсё.

Тэндэнцыйнасць і ангажаванасць у фільме ўзведзеныя ў абсалют. Мы ўжо высветлілі, што стужка прысвечана жыхарам сацыяльнага дна, якія любяць (не)культурна адпачываць у “Цэнтральным”. Амаль усе яны непрабудна п’юць, а калі не п’юць, тады пачынаюць вінаваціць іншых у сваіх бедах. Вось аднаму акцёру не даюць працаваць у кіно, таму што “грошай няма”. Сябра іншага героя асудзілі за крадзеж і цяпер не дазваляюць ні за мяжу выехаць, ні крэдыт у банку ўзяць, пакуль не будуць пагашаныя пазыкі. Па версіі трэцяга, моладзь нічым не занятая і таму співаецца.

“Паўсюль паскудства” — вось ідэйны лейтматыў “Цэнтральнага”, які аб’ядноўвае ўрыўкавыя маналогі і постаці людзей у больш-менш адзіны малюнак. Іншых аргументаў для апраўдання свайго драматычнага становішча ў герояў няма. Нават калі б яны і былі, аўтарам дастаткова той версіі, якую агучваюць іх шматлікія суразмоўцы. Капаць глыбей ніхто не хоча. Магчыма, фільм здымаўся з прыцэлам на таго гледача, якога цалкам задаволіць просты адказ на складаныя пытанні. Але ніхто не любіць, калі яго падманваюць.

Менавіта безадказная магчымасць распараджацца сведчаннямі прыватнага жыцця незнаёмых людзей так, як ты лічыш патрэбным, робіць з “Цэнтральнага” не дакументальны, а дрэнны публіцыстычны твор. Аўтары старанна выбіраюць факты ды канцэнтруюць негатыў, каб стварыць сімулякр беларускай рэальнасці, з яе праблемамі, бытавымі драмамі
маленькіх людзей і густым водарам перагару.

Па вялікім рахунку, “Цэнтральны” — гэта амаль фантастычны фільм пра Беларусь, сцэнарый якога пісаў пастаянны глядач перадачы “Зона Х”. Зроблены ён вельмі павярхоўна, без пагружэння ва ўнутраны свет прысутных на экране герояў. Іх характары і памкненні аднамерныя — як і ўсё, што трапляе ў фокус камеры. Лабавы вуаерызм, пазбаўлены нават спробы аўтараў сфармуляваць асабістую пазіцыю адносна таго, што адбываецца на экране. А яе, магчыма, і не існуе.

Тарас ТАРНАЛІЦКІ