Кіно, турызм, эканоміка... З пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

№ 26 (844) 28.06.2008 - 04.07.2008 г

25 чэрвеня прайшло чарговае пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. І ў чарговы раз кожнае з пытанняў, вынесенных на парадак дня, было надзённым і выклікала пры абмеркаванні зацікаўлены розгалас і канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні работы галіны.

Намеснік дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Уладзімір Курловіч распавёў пра рэпертуарную палітыку кінавідэапракатных арганізацый рэспублікі. Кантроль за ёй, як вядома, у адпаведнасці з Даручэннем Кіраўніка дзяржавы, ускладзены на ўпраўленні ідэалагічнай работы аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Прадуманае набыццё новай фільмапрадукцыі, фарміраванне з яе рэпертуару кінавідэасеткі наўпрост уплываюць на працэс ідэалагічнага выхавання глядацкай аўдыторыі, спрыяюць яе пашырэнню.

Але ў кінавідэапракатных арганізацыях Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай абласцей і Мінска не выконваюцца планы наведвальнасці кінавідэасеансаў, а ў Брэсцкай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях нізкімі застаюцца паказчыкі росту платных паслуг у відэазалах. Мала новых фільмаў закупляецца на Віцебшчыне...

Шмат крытыкі гучала ў час абмеркавання. Мала фільмаў для дзяцей. “Белвідэацэнтр” не вельмі песціць сацыяльнай прадукцыяй, якая пасавала б па тэматыцы Году здароўя. Айчынныя тэлеканалы не маюць прадуманай палітыкі інфармацыйнай падтрымкі нацыянальнага кінапрацэсу. Не надта “раскручваецца” прэм’ерная прадукцыя “Беларусьфільма”.

Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі Уладзімір Замяталін паведаміў, што да 1 снежня будзе выпушчана 10 фільмаў. У гэтую суботу, да прыкладу, здаецца карціна Сяргея Сычова “Пакуль мы жывыя”. Кіраўнік “Беларусьфільма” наракаў на адсутнасць сувязі тэлебачання, пракату і кінавытворчасці. Маўляў, калі прадстаўнікі названых структур збіраліся разам і размаўлялі на адной мове? Толькі адзін прыклад: здымкі стужкі Івана Паўлава “На спіне ў чорнага ката” адбываліся і на Гомельшчыне, але ж мясцовае тэлебачанне тады не “падагравала” будучае паспяховае прасоўванне прэм’еры. Паварушыцца варта і пракату. “Дні беларускага кіно” павінны стаць рэгулярнымі для кожнага кінатэатра рэспублікі.

Уладзімір Замяталін паведаміў і пра тое, што пры “Беларусьфільме” будзе стварацца Студыя дзіцячага кіно, якую ўзначаліць Алена Турава — рэжысёр “Навагодніх прыгод у ліпені”. Дарэчы, кіраўнікі трох расійскіх тэлеканалаў, пабачыўшы троххвілінную рэкламу гэтай дзіцячай казкі, гатовы заплаціць за часовае аўтарскае права на яе вельмі вялікія грошы. А стужка сапраўды унікальная — мастацкі ігравы фільм сумяшчаецца з камп’ютэрнай анімацыяй... У чарговы раз прагучала прапанова па павышаным падаткаабкладанні замежных фільмаў. Здабытыя ў выніку грошы будуць скіраваны, натуральна, на развіццё айчыннага кінематографа...

Не менш насычанай была гаворка пра выкананне Нацыянальнай праграмы развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь на 2008 — 2010 гады. Па гэтым пытанні выступіў начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка. На Гродзеншчыне яшчэ пазалетась складзены план-схема размяшчэння аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў трох турыстычных зонах: Гродзенскай, Навагрудскай, Слонімскай. Міністр культуры Уладзімір Матвейчук заўважыў пры гэтым, што такія планы-схемы культурна-турыстычных зон з абавязковай пазнакай усіх гістарычных аб’ектаў і ўстаноў культуры павінны быць у кожнай вобласці, бо маршруты турыстаў мусяць пралягаць “праз музеі, бібліятэкі, помнікі архітэктуры і гісторыі”. Безумоўна, мерапрыемствы па рэалізацыі нацыянальнай турыстычнай праграмы немагчыма ўявіць без намаганняў аддзелаў культуры, без удзелу самадзейных творчых калектываў, якія прапануюць турыстам канцэртныя і святочна-абрадавыя праграмы.

Не цалкам выкарыстоўваецца па рэспубліцы рэзерв платных паслуг, вельмі папулярны сярод турыстаў, — рэалізацыя сувенірнай прадукцыі, вырабленай народнымі майстрамі ды іхнімі вучнямі. Па словах міністра, гэтая справа неблагім чынам арганізавана ў Паставах, дзе ў Доме рамёстваў збіраюцца і прадаюцца творы з усяго раёна, і ў Лепелі.

А як прадастаўляецца такі від паслуг на Гродзеншчыне? “Сувенірная прадукцыя рэалізуецца ў галерэі “У майстра”, “Музеі гісторыі Гарадніцы”, “Галерэі Тызенгауза”, выставачнай зале Гродна, а таксама ў 18 раённых дамах рамёстваў”, — адказвае Аляксандр Лойка.

Ішла гаворка і пра стварэнне належнай культурна-турыстычнай інфраструктуры і прыдарожнага сервісу. (Дарэчы, у наступным нумары “К” гэтая тэма будзе працягнута пад рубрыкай “Соцыум” на прыкладзе Навагрудскага раёна Гродзеншчыны, дзе прысутнічаюць усе вышэйназваныя праблемы, што замінаюць планамернаму развіццю турызму на Беларусі...).

У ходзе пасяджэння была прааналізавана работа ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама па выкананні асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця арганізацый культуры. Тэмп росту рэалізацыі платных паслуг у супастаўных цэнах тут склаў за 4 месяцы 124,8 працэнта пры рэспубліканскім паказчыку — 118,1. Не забяспечылі выкананне прагнознага паказчыка па платных паслугах насельніцтву Горацкі, Бабруйскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Чавускі раёны.

 

Андрэй СТАРЖЫНСКІ