Марсіянскія складнікі настальгіі

№ 17 (1352) 28.04.2018 - 05.05.2018 г

Настальгія — добры тавар, які гарантавана разыходзіцца, прыносячы ў касу запатрабаваныя грошы. Нездарма такой папулярнасцю карыстаюцца бясконцыя музычныя канцэрты з прывітаннем з 70 — 80 — 90-х. Успаміны пра час, калі трава была зелянейшай, а каханне мацнейшым, можа надзяліць нават пасрэдны твор нейкай невытлумачальнай важкасцю. Вось і тэатры не стаяць у баку ад прыбытковай хвалі, адзін за адным выпускаючы рэтра-прэм’еры. Прынамсі, у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага паказалі “Чацвёртую планету” ў рэжысуры Дзмітрыя Астрахана.

/i/content/pi/cult/689/15155/15.jpgДзмітрыя Астрахана ў Горкаўскім тэатры любяць. А як інакш: яго папярэдні спектакль “Ледзі на дзень” ідзе з аншлагамі, дзякуючы чаму паказчыкі напаўняльнасці глядзельнай залы адпавядаюць даведзеным планам. Набітая на кінамеладрамах рука і сталае супрацоўніцтва са сцэнарыстам і драматургам Алегам Данілавым дае ўпэўненасць, што з любой наступнай пастаноўкі абавязкова атрымаецца запатрабаваны ў сентыментальнай публікі прадукт. Гэтым жа разам выбар быў яшчэ і з усіх бакоў застрахаваны ад няўдачы: у аснову “Чацвёртай планеты” лёг аднайменны фільм дваццацігадовай даўніны, які, у сваю чаргу, з’яўляецца вольным пералажэннем “Марсіянскіх хронік” шанаванага сярод савецкай інтэлігенцыі Рэя Брэдберы. Відавочна, тэатр зрабіў /i/content/pi/cult/689/15155/16.JPGстаўку на правераны часам матэрыял.

Як і ў кіно, на падмостках разварочваецца фантастычны сюжэт пра трох касманаўтаў, што ляцелі на Марс, а апынуліся ў юнацтве камандзіра экіпажа Сяргея Бяляева. Гераічная доля ізноў выпала Руслану Чарнецкаму. На жаль, характарнаму артысту недзе было разысціся ў хоць і эмацыянальнай, але даволі спрошчанай ролі. Ад спадара Руслана патрабавалася толькі замілоўвацца ўспамінамі, перыядычна задавацца пытаннем, на Марсе яны ўсё ж ці не, ды вяла патрабаваць ад падначаленых вярнуцца ў ракету. Нават змена фіналу на больш трагічны — рэжысёр адышоў ад кінаварыянта з яднаннем закаханых — не дала магчымасці акцёру заглыбіцца ў вобраз, а хутчэй нарадзіла масу пытанняў пра незразумелыя матывы паводзінаў галоўнага героя.

Спадар Астрахан вывеў да рампы большую частку трупы: адначасова на падмостках магло знаходзіцца да дваццаці чалавек. Акцёры адпаведна пастаўленым задачам складалі масоўку маскоўскага двара, выступаючы роўна на сваю мізансцэну. Астатні час — не ў фокусе рэжысёрскай задумы — яны проста марынаваліся на сцэне, не ведаючы куды сябе падзець. Такая перыядычная выключанасць з дзеяння назіралася нават у герояў першага плана. Тэмпарытм дзеяння страшэнна правісаў, адна і тая ж думка запускалася па крузе, жарты — відаць, для замацавання эфекту — стала паўтараліся пры кожным сцэнічным узняцці келіха. Што рабіць, калі з палутарагадзіннага кінасцэнарыя трэба было выцягнуць спектакль на 2,5 гадзіны…

У варунках з тэлесерыяльнай хуткасцю нечакана перацягнуў на сябе ўвагу другасны персанаж у выкананні Сяргея Жбанкова. Акцёр адыгрываў кожную рэпліку і паварот дзеяння, не спыняўся па-за рэжысёрскай карцінкай. У выніку яго гарадскі вар’ят Раберціна аказаўся адным з самых жывых вобразаў пастаноўкі.

Пастановачная група працавала з размахам ва ўсіх кірунках, прынамсі, сцэнограф Аляксандра Карнажыцкая ўзвяла ў натуральны памер маскоўскі дворык. Яна падрабязна ўзнаўляла шыльды ля пад’ездаў, рознакаляровыя фіранкі на вокнах трох паверхаў дамоў, надпісы ў двары, але ці дапамагла такая ілюстрацыйная дэкарацыя раскрыццю ідэі п’есы? Фатаграфічная адпаведнасць загубіла містычнасць, якую хацелася б адчуць у спектаклі, што з праграмкі адсылае гледача да Брэдберы.

Я не пабачыла ў спектаклі заяўленай рэжысёрам развагі на тэму, ці можна выправіць памылкі юнацтва, і пошукаў адказу, што важней: жыць халодным розумам ці даваць права на пачуцці. Вока рэзалі велізарныя нашыўкі “СССР” на скафандрах, шматлікія адсылкі да шчаслівага савецкага мінулага (на якіх, дарэчы, не было акцэнту ў фільме — там усё ж на першы план выходзіла юнацтва). Настальгія па заўсёды п’яных суседзях, разведзенай гандляркай смятане, гуляючых — пакуль жонка ў санаторыі — мужах кудысьці далёка прыхавала глыбокі сэнс брэдберыеўскай філасофіі і лемаўскіх алюзій.

Канешне, у спектакля знойдзецца глядач, які пусціць слязу ад расповеду пра першае каханне, настальгічна ўсміхнецца тлумачэнню “амерыканскаму таварышу”, што “управдом — это управляющий домом”, і рванецца апладзіраваць, калі на сцэне дама ў гадах пасля доўгіх угавораў пагадзіцца на ноч гледзячы “паглядзець квадратныя метры” пажылога мужчыны ў самым росквіце сіл. Але асабіста для мяне пасля заслоны павісае ў паветры пытанне: навошта? Ці насамрэч самай актуальнай тэмай для сённяшняй публікі з’яўляюцца ўспаміны пра савецкую рэчаіснасць? Эпоху, якая скончылася да нараджэння некалькіх пакаленняў гледачоў! Той аўдыторыі, якая прыйшла б у тэатр, калі пачула бы там развагі пра балючыя ім праблемы. Як часта мы гаворым пра беспрытульнасць сучаснай беларускай драматургіі. Верагодна, гэтыя п’есы занадта вострыя і непрадказальныя, каб пратаптаць сабе сцежачку ў галоўныя драматычныя тэатры краіны. З марсіянскімі хваляваннямі акадэмічным сцэнам куды спакайней.