Насустрач фестывалю

№ 26 (844) 28.06.2008 - 04.07.2008 г

24 чэрвеня ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная падрыхтоўцы XVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

У ёй узялі ўдзел Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін, яго намеснік Сяргей Шухно, першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Рылатка, дырэктар, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянцін Дудкевіч, народны артыст краіны Аляксандр Ціхановіч.

На прэс-канферэнцыі быў закцэнтаваны ўдзел у фестывалі Саюзнай дзяржавы. За апошнія восем гадоў выдаткі Саюзнай дзяржавы на фінансаванне “Славянскага базару ў Віцебску” ўзраслі ў восем разоў і сёлета складаюць 25 мільёнаў расійскіх рублёў — трэцюю частку ўсіх сродкаў. Дарэчы, яшчэ адну трэць фестывальнага бюджэту зарабляе сам “Славянскі базар у Віцебску”. Ужо зараз на многія яго канцэрты раскуплены ўсе квіткі.

Паводле традыцыі, трэці раз у фестывальным Віцебску будуць уручаны прэміі Саюзнай дзяржавы, кожная з якіх складае 112 тысяч долараў. Сёлета іх атрымаюць народныя артысты Беларусі Міхаіл Фінберг, Уладзімір Гасцюхін, знаны расійскі акцёр і рэжысёр Сяргей Арцыбашаў.Адбудзецца на фестывалі і Дзень Саюзнай дзяржавы — у зручны для публікі час, у нядзелю, 13 ліпеня. П.Барадзін і члены Парламенцкага сходу сустрэнуцца з ветэранамі, наведаюць прадпрыемствы “Нафтан”, “Палімір”, дзіцячыя дамы. У святочным канцэрце ў Дзень Саюзнай дзяржавы з Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі выступяць беларускія і расійскія салісты. Дзеці-пераможцы конкурсу ўпершыню атрымаюць спецыяльныя прэміі “Надзея Саюзнай дзяржавы”. Сімвалічна, што Беларусь будзе сёлета прадстаўляць на конкурсе “Славянскага базару ў Віцебску” эстрадны спявак Віталь Гардзей, які з’яўляецца лаўрэатам фестывалю “Моладзь за Саюзную дзяржаву!”.Як паведаміў Уладзімір Рылатка, на ўрачыстым адкрыцці фестывалю Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыць прыз “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення” Аляксандры Пахмутавай.

Пра гала-канцэрт Дня Беларусі распавёў Валянцін Дудкевіч. Наш гала-канцэрт носіць падвойную назву — “Спрадвечная песня” і “Мы — беларусы!”,што сімвалізуе еднасць з аднайменнай грамадска-культурнай акцыяй. У час падрыхтоўкі гэтага канцэрта ўпершыню былі праведзены два конкурсныя праслухоўванні. Гэта дало магчымасць запрасіць у канцэрт новыя калектывы.

Дарэчы, наш Дзяржаўны ансамбль танца, які, акрамя гала-канцэрта, удзельнічае яшчэ ў трох фестывальных канцэртах, 28 чэрвеня выступае з дзвюма кампазіцыямі ў Крамлёўскім палацы з’ездаў у канцэрце, прысвечаным 1020-годдзю хрышчэння Русі.

А.Ціхановіч адзначыў наладжванне сувязей паміж “Славянскім базарам у Віцебску” і “Еўрабачаннем”.

Начны фестывальны канцэрт з удзелам зорак “Еўрабачання” ўпершыню будзе транслявацца на ўсе краіны Еўропы (інтэрв’ю з А.Ціхановічам чытайце ў наступных нумарах “К”). Дый у афармленні сцэны на “Славянскім базары ў Віцебску” сёлета будуць выкарыстаны гнуткія светладыёдныя панэлі— такія ж, якія выкарыстоўваюцца на “Еўрабачанні”.