Дабрыня навобмацак

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

Team theatre стварыў першы ў Беларусі дзіцячы спектакль для невідушчых гледачоў. Атмасферную “Снежную каралеву” пабачылі ўжо гомельскія і мінскія сем’і.

/i/content/pi/cult/688/15136/15.jpgУзімку “К” распавядала, як гомельскі калектыў удзельнічаў у конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend з прапановай па стварэнні спектакляў для невідушчых і людзей з праблемамі зроку. Гэтая ідэя прыйшлася даспадобы прадстаўнікам кампаніі мабільнай сувязі. Вядомы брэнд дапамог набыць неабходнае абсталяванне, рэквізіт, касцюмы. Усяго за месяц была пастаўлена эксперыментальная “Снежная каралева”, у якой акцэнт са зрокавага ўспрымання перанесены на іншыя органы пачуццяў: слых, нюх, дотык.

— Мы высветлілі, што ў Беларусі налічваецца каля 25 тысяч людзей з праблемамі зроку. Нам хацелася, каб і яны змаглі далучыцца да тэатральнага мастацтва, — тлумачыць выбар кірунку дырэктар Team theatre Андрэй Бардухаеў-Арол. — Пры падрыхтоўцы спектакля ўзнікала шмат нестандартных пытанняў, таму мы нават некалькі разоў завітвалі па кансультацыі ў Беларускае таварыства інвалідаў па зроку. Пасля прэм’ерных паказаў стала відавочным: наш спектакль запатрабаваны гледачом.

/i/content/pi/cult/688/15136/16.JPGЯк невідушчым людзям на словах растлумачыць танец ці раскрыць нюансы колеравай палітры сцэнаграфіі? Гамельчане ўлічылі такія дробязі, таму адышлі ад традыцыйнага ўяўлення пра тэатр. Яны памясцілі гледача ўнутр дзеяння, разыграўшы ўсім вядомую казку вакол дзяцей: малечу пасадзілі на сцэну, падзяліўшы пляцоўку на чатыры сектары. Акцёры ходзяць скрозь іх, перамаўляюцца праз шэрагі крэслаў, даюць гледачам патрымаць у руках бабульчыны клубкі нітак, накрываюць іх “столяй” палатна, абмотваюць разбойніцкімі вяроўкамі. Успрыняцце ўзмацняецца за кошт аб’ёмнага гуку і водарных эфектаў. Здароваму чалавеку Team theatre прапануе закрыць павязкай вочы, каб зразумець, як успрымае сусвет невідушчае дзіця.

— Мы наўмысна абралі для пастаноўкі гэтую казку Андэрсена, бо ў “Снежнай каралеве” змяняюцца чатыры пары года, ёсць шмат месцаў дзеяння — ад цёплага дома да халоднага палаца, што дае падставы найбольш разнастайна візуалізаваць працэс, — дадае спадар Бардухаеў-Арол.

Прыцягваюць увагу касцюмы, створаныя навучэнцамі выпускнога курса аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа. Па-першае, адметныя плашчы гучаць — кожны рух суправаджаецца шоргатам. Па-другое, яны — двухбаковыя, што дазваляе акцёрам хутка пераўвасабляцца. Самае ж галоўнае: падолы расшыты такім чынам, што ператвараюцца ў аб’ёмныя карціны, якія ўсе ахвотныя могуць пасля спектакля памацаць. Як распавяла заснавальнік аддзялення ДПМ Ірына Данілава, яе вучаніцы імкнуліся, каб навобмацак можна было адчуць характар персанажа. Напрыклад, на плашчы Злога чараўніка шчаціняцца калючыя дахі дамоў, а падол Добрага чараўніка расшыты шаўковымі аблокамі і аксамітавымі стрэхамі. Тактыльныя карцінкі не толькі інфармуюць гледачоў пра кветкі, неба ці палацы, але і дапамагаюць развіць фантазію.

Атмасферныя спектаклі заяўлены Team theatre як сацыяльны праект, таму паказы для дзяцей з праблемамі зроку ладзяцца бясплатна. У маі “Снежная каралева” вернецца на родную пляцоўку, але гамяльчан ужо запрасілі ў іншыя беларускія мястэчкі. Калектыў спадзяецца паказаць сваю пастаноўку ўсім, хто, нягледзячы на жыццёвыя перашкоды, цягнецца да тэатральнага мастацтва.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"