Эксклюзіў беларускасці

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

Творчы праект “Плошча Якуба Коласа”, прэм’ера якога адбылася ў Канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі “ў пятніцу 13-га”, стаўся зусім не містычнай падзеяй нацыянальнага культурнага жыцця. Старонкі біяграфіі і творчасці вялікага пісьменніка і паэта, выкладзеныя ў жанры сучаснага харавога тэатра, узраслі да глыбокай філасофскай прыпавесці пра душу і мову беларускага народа. Узнік спектакль, годны прадстаўлення на музычных і тэатральных фестывалях міжнароднага

/i/content/pi/cult/688/15134/13.jpgЗнакаміты кампазітар Ларыса Сімаковіч (а ў дадзенай працы яшчэ і аўтар лібрэта, рэжысёр і харэограф) у чарговы раз не змяніла сваім творчым прынцыпам. Сярод іх, на маю думку, узняцце найбольш значных тэм грамадскага жыцця, крэатыўнасць іх мастацкага вырашэння, спалучэнне філасофіі, публіцыстыкі і высокай паэтыкі, музычна-літаратурна-пластычна-тэатральны сінтэз, заснаваны на аўтарскай канцэпцыі ў кожным відзе мастацтва. Пры ўсёй пазнавальнасці творчага почырку новая праца, як і трэба было чакаць, аказалася не паўторам ці нават развіццём чагосьці ранейшага, а яшчэ адным “крокам у невядомае”. Ларыса Сімаковіч узнялася на новую прыступку прафесійнага майстэрства, адкрыўшы і замацаваўшы ў сваёй эстэтыцы такую рысу, як пакланенне непрыхаванай прыгажосці.

Справа не ў цытаванні даволі вялікіх завершаных фрагментаў музыкі Генры Пёрсэла і Іагана Себасцьяна Баха, а ў тым, што напісанае самой Ларысай Сімаковіч быццам працягвае тыя традыцыі музычнай даўніны — без аніякай стылізацыі, на ўзроўні дыялога “на роўных”. Патлумачу: у 1970 — 1980-я прыёмы цытавання ці стылізацыі еўрапейскіх класікаў мінулых стагоддзяў выкарыстоўваліся ў беларускай музыцы з лёгкай іроніяй ці, наадварот, піетэтам — як сімвал сыходзячай прыгажосці (маўляў, няма таго, што раньш было). У 2000-х — станавіліся вынікам, да якога імкнуўся твор: атрымлівалася штосьці накшталт музычнага прынашэння. Такія звароты, дарэчы, былі і ў Сімаковіч — найперш у гонар Шапэна. Дзмітрый Смольскі ў сваіх сімфоніях розных гадоў працаваў з цытатамі, як з уласным матэрыялам. Штосьці падобнае, зноў-такі, было і ў Ларысы, яго колішняй выпускніцы. А вось у “Плошчы…” — усё крыху іначай.

Арыентуючыся на эстэтыку эпохі барока, Ларыса Сімаковіч аднаўляе не яе знешнія прыкметы, а саму сутнасць — прыгажосць асаблівай пробы, надзвычай актуальную і запатрабаваную сёння. Без класіцысцкай “стэрыльнасці”, рамантычнай пачуццёвасці, авангарднай эпатажнасці. Але з той лёгкай, ледзь заўважнай “пікантнасцю”, якая і ператварае ўраўнаважаную “музейную” гармонію ў жывое дыханне жыцця — і адначасова застаецца стрымана “аб’ектыўнай”. Менавіта такой прыгажосцю пазначаны ў спектаклі хоры на словы Якуба Коласа (і асабліва “Жыла-была хмарка”), інструментальны “Парыжскі вальс”, мелодыя якога ўпершыню прагучала гадоў пяць таму ў яе Сімфоніі для струнных “Чатыры здзіўленні Міхаліны”.

Такі кірунак да “не музейнай, але аб’ектыўнай” прыгажосці (адна з удзельніц спектакля назвала яго “атмасферай сучаснага Баха”) уласцівы не адно Ларысе Сімаковіч. Невыпадкова яе музыка не “канфліктуе” з харавымі старонкамі сучасных амерыканскіх кампазітараў Эрыка Вайтакра і Мортэна Лаўрыдсена (два фрагменты іх твораў на кананічныя лацінскія тэксты таксама ўвайшлі ў спектакль — па просьбе мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь Наталлі Міхайлавай).

Завяршэнне “Плошчы…” фрагментам музыкі Іагана Себасцьяна Баха не толькі ставіць улюбёнае Ларысай Сімаковіч шматкроп’е, але і канстатуе сціплую аўтарскую пазіцыю: маўляў, “Моцарт і я”, а не наадварот, з асабовым займеннікам наперадзе. Гэта было для кампазітара прынцыповым: “Мне няцяжка напісаць штосьці сваё, але я свядома звярнулася да Баха, каб злучыць яго з Якубам Коласам. Нават прыемна было “зрабіцца меншай”, каб саступіць месца геніям. І тым самым парушыць меркаванне, што беларуская літаратура і сама мова — другасныя. Не, у сваіх вяршынях Колас і Бах стаяць на адной прыступцы! Вось толькі прызнанне іх мастацтва — рознае”.

Сімаковіч не ўпершыню звярнулася да творчасці Коласа: у 2006-м была яе “S-музыка” паводле “Сымона-музыкі” — з
сольнай трубой. Што ж да тэатралізаванасці, дык ледзь не кожны свой твор Ларыса аздабляе пластыкай — уласнай харэаграфіі (дарэчы, адзін з яе колішніх спектакляў перамог у Нацыянальным конкурсе Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску). Але ў “Плошчы…” усё гэта сыходзіць на другі план. Бо на першым — размовы Душы (Святлана Зелянкоўская) і Мовы (Святлана Анікей) пра лёс краіны і яе Песняра пад спевы Метафары вечнага існавання (Дзіяна Трыфанава), адзінокі голас адухоўленай флейты (Сяргей Махаў), “аб’ектыўныя” пасажы фартэпіяна (Іван Фінскі) і зладжанае гучанне Струннага квартэта на чале з першай скрыпкай Кацярынай Мішчанчук.

Але галоўнай дзеючай асобай застаецца хор. Яго артысты паўстаюць яшчэ і акцёрамі, увасабляюць то сучаснікаў паэта і пісьменніка, то нашчадкаў. Рухаюцца, танчаць, пстрыкаюць пальцамі, імітуючы ўдарныя. Хор утварае агульную фонасферу, дае каментары да падзей і выказаных меркаванняў — нарэшце, “амузычвае” коласавы вершы, смакуючы ў іх не толькі кожнае слоўца, але і кожны гук. Багацце ж уласна харавой фактуры “выдае” першую спецыяльнасць кампазітара — хормайстар.

“Зацёртая”, здавалася б, назва — “Плошча Якуба Коласа”, якую мы штодня чуем у сталічным транспарце пры аб’яве прыпынкаў (філармонія стаіць акурат насупраць), тут узрастае да ўсеагульнай прасторы жыцця і смерці. Атрымліваецца філасофска-гістарычны, дакументальна-паэтычны, тэатралізавана-музычны аповед, годны таго, каб яго паглядзелі ўсе. Вось толькі — дзе і калі? Бо спектакль павінен “выспець”, пазбавіцца “дзіцячых хваробаў росту” (на прэм’еры, на жаль, не ўсё атрымалася з акустыкай, згубіліся некаторыя словы). А нашы філарманічныя праекты часцей за ўсё застаюцца ў адзіным экземпляры. Эксклюзіў? Яно і няблага. Ды ў дачыненні да беларускай культуры эксклюзівам, на жаль, застаецца сама беларускасць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"