“Будзем трымацца да апошняга”

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

Загаловак, пагадзіцеся, нагадвае зводку з тэатра вайсковых дзей. Амаль так яно і ёсць. Аптымізацыя не церпіць слабых. Толькі зазяваешся — і пасля скасавання крамы знікаюць бібліятэка, клуб. На вёсцы можна ставіць крыж.

Словы загалоўка прыналежаць галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лельчыцкага райвыканкама Галіне Лісіцкай. І мае яна на ўвазе і вёску Новае Палессе, і тамтэйшы калектыў “Палескія напевы”. Самае галоўнае, сцвярджае Галіна Аляксееўна, пытанне аб скасаванні СК не тое што не разглядалася, але і не ўзнікала. Вось калі ўзнікне, тады і “Будзем трымацца…”

Але спачатку пра калектыў. Так, наяўнасць ягоных заслуг не з’яўляецца гарантам аптымізацыйнай недатыкальнасці. Але калі слухаеш іх выкананне, суладнае ды ўзнёслае, хочацца зняць шапку і, размазваючы слёзы па твары, упасці на калені. Ох, нездарма навакольны свет збіраецца 15 лютага на Грамніцы ў выкананні “Палескіх напеваў”. З такім імпэтам наведваюць царкву. А хіба можна скасаваць храм?

Так, колькасць вяскоўцаў Новага Палесся зніжаецца. Так, калектыў-спадарожнік ўжо не існуе з той жа прычыны. Дзеткі яшчэ засталіся, гурток, па словах Лісіцкай, наведваюць з ахвотай. Але дзеткі маюць уласцівасць вырастаць.

Пра клуб. Галоўны спецыяліст аддзела распавядае, што СК знаходзіцца ў досыць прыстойным памяшканні колішняй школы. У штаце — загадчык, кіраўнік калектыву, акампаніятар. Вельмі баяздольныя спецыялісты. Так што трымацца будуць, сапраўды, да апошняга… Тут па-ранейшаму ладзяцца семінары па захаванні традыцыйнай культуры. Па-ранейшаму вучацца і пераймаюць досвед. І не раз на гэтых семінарах гучала думка: брэнд нельга пераносіць з месца на месца, і “Палескія напевы” на новай глебе не загучаць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"