Пачну з цытаты. Яўгенія Віктараўна піша: “…аўтар, распавядаючы пра сувенірную лаўку Лагойскага раённага дома рамёстваў, указвае на памылковае ўжыванне слова “лаўка” для абазначэння гандлёвай кропкі”. Так, убачыў каваны ўказальнік і напісаў у артыкуле, што слова “лаўка” ўжыта памылкова. Ёсць жа слова “крама”. Спадарыня Паляшчук даводзіць адваротнае, спасылаючыся на два тлумачальныя слоўнікі беларускай мовы 1979 і 1990 гадоў выдання.
Падаецца, мне варта апраўдвацца і прасіць прабачэння. Па шчырасці, вельмі хочацца. Але замінае любоў да роднай мовы. Амаль дзесяць гадоў выкладаў яе ў адной са сталічных сярэдніх школ (настаўнік першай катэгорыі). Некалькі гадоў быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Роднае слова”, які па вызначэнні сваім займаўся вырашэннем складаных моўных сітуацый і кожным нумарам даводзіў, што мова — імклівая рака, якая пастаянна мяняе сваё рэчышча.
Я таксама магу прывесці прыклады больш позніх слоўнікаў, якія адназначна сцвярджаюць: слова “лаўка” ў значэнні “крамы” ўжывацца можа толькі ў адным варыянце — размоўным. І неяк не пасуе такі варыянт для шыльды афіцыйнай установы.
Але, не ведаючы Вас асабіста, шаноўная Яўгенія Віктараўна, гатовы прынесці Вам свае прабачэнні. За тое, што адарваў ад справы і прымусіў гартаць слоўнікі. Давайце на гэтым спынім дыскусіі. Урэшце, некаторыя адмыслоўцы лічаць, што ўнармаваным беларускім словам для абазначэння гандлёвай кропкі і наогул з’яўляецца “магазін”.