“Калі выступаеш ад імя Беларусі...”

№ 26 (844) 28.06.2008 - 04.07.2008 г

26 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася традыцыйная сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Матвейчука з лепшымі выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў — удзельнікамі Рэспубліканскага балю выпускнікоў. Сімвалічна, што гэтая сустрэча прайшла напярэдадні Дня Незалежнасці, што неадменна пацвярджае: дзяржава надае асаблівую ўвагу клопату аб таленавітай моладзі, якая з’яўляецца апорай нашай краіны.

 /i/content/pi/cult/166/1513/Kali-vystupajesh.jpg
Як зазначыў Уладзімір Матвейчук, сёння творчыя людзі надзвычай запатрабаваны ў нашай краіне. Маладыя таленты, выступаючы на міжнародных пляцоўках, узнімаюць прэстыж Беларусі, на сусветным узроўні пацвярджаюць вялікі патэнцыял беларускай нацыі. “Таму перад удзельнікамі прэстыжных конкурсаў Прэзідэнт краіны ставіць планку: калі выступаеш ад імя Беларусі — прывязі на Радзіму дастойны вынік!” — падкрэсліў У.Матвейчук. Ён выказаў спадзяванне, што сённяшнія выпускнікі і за сценамі альма-матэр будуць надалей пацвярджаць сваю адукацыю гучнымі перамогамі.

— Вы — эліта нашай нацыянальнай культуры! Цудоўна завяршыўшы навучанне, вы апраўдалі давер не толькі сваіх родных, педагогаў, кіраўнікоў вучэбных устаноў, але і Міністэрства культуры, і ўсёй дзяржавы, — гаварыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, старшыня Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Наталя Аўдзеева. — Мне вельмі прыемна зазначыць, што адзін з прысутных — стыпендыят, а другі— лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Сёння атрымаць такія ганаровыя званні вельмі няпроста — трэба адпавядаць найсур’ёзным крытэрыям. Таму мы ганарымся, што за мінулы перыяд у нас з’явілася 27 стыпендыятаў, лаўрэатаў і дыпламантаў.

Новым стымулам для больш актыўнай творчасці будучых маладых спецыялістаў, па словах Н.Аўдзеевай, стане зацверджаная Указам Прэзідэнта дзяржаўная праграма “Маладыя таленты Беларусі” на — 2010 гады. Адпаведна ёй і па ўзгадненні з Міністэрствам культуры стыпендыяты спецыяльнага фонду змогуць прэтэндаваць на права пазачарговага атрымання льготнага крэдыту на куплю ці будаўніцтва жылля.

Пад час урачыстай сустрэчы міністр культуры не абмінуў і надзённыя пытанні. Ён нагадаў прысутным у зале рэктарам Акадэміі мастацтваў, Акадэміі музыкі і Універсітэта культуры і мастацтваў пра тое, што шмат выпускнікоў застаецца ў сталіцы, хаця ў творчых кадрах адчуваюць патрэбу найперш абласныяі раённыя ўстановы культуры.

— Цудоўная акцыя “Мы — беларусы!” стала яскравым пацвярджэннем таго, наколькі цягнуцца людзі да народнай творчасці ў рэгіёнах, — адзначыў Уладзімір Матвейчук. — Таму неабходна ўжо з першага курса заахвочваць будучых маладых спецыялістаў, каб яны захацелі адправіцца ў глыбінку. Мы разам павінны падтрымліваць, захоўваць і развіваць культуру ў рэгіёнах.

Міністр таксама выказаў пажаданне больш шчыльнага супрацоўніцтва галіновых навучальных устаноў з Міністэрствам культуры. Прадстаўнікі Міністэрства хацелі б непасрэдна, у час сустрэч ва аўдыторыях знаёміцца з новым пакаленнем творцаў, ад саміх студэнтаў чуць прапановы і пажаданні па ўдасканаленні навучальнага працэсу, па пытаннях, звязаных з працоўнай дзейнасцю маладых спецыялістаў.

Рэктары мастацкіх ВНУ Рычард Смольскі, Аляксандр Рашчупкін і Барыс Святлоў таксама пажадалі выпускнікам поспеху, плённай працы і рашучасці, не згубіцца ў бурлівым дарослым жыцці.

На развітанне міністр культуры Уладзімір Матвейчук уручыў выпускнікам кветкі і падарункі і запэўніў, што яны, без сумнення, з часам стануць упрыгожаннем беларускага мастацтва.

 Настасся ПАНКРАТАВА
На здымку: удзельнікі сустрэчы ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Фота Юрыя ІВАНОВА