Досвед: мы — вам, вы — нам

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

З 24 па 28 красавіка Магілёў сустракае VI Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”. Форум, арганізатарамі якога сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі аблвыканкам і Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы, за шэсць гадоў стаў іміджавым для нашай краіны і жаданым для знаўцаў ды аматараў традыцыйнай спадчыны.

Дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра Алег Хмялькоў сцвярджае, што дынаміка развіцця мерапрыемства — відавочная. У першым форуме бралі ўдзел навукоўцы і спецыялісты па вывучэнні фальклору і традыцыйнай культуры з пяці краін. Сёлета форум пашырыў геаграфічнае прадстаўніцтва больш чым у два разы. За гады яго існавання прадстаўнікі 25 краін мелі магчымасць не толькі падзяліцца ўласным досведам працы, але і значна памножыць свой. Калі ў першым мерапрыемстве ўдзел брала толькі Магілёўшчына, дык цяпер — ці не ўся Беларусь. На адным з форумаў я сам быў сведкам такога ўзаемапрасякнення. Бачыў, як цікавіліся замежныя навукоўцы практыкай адраджэння нашага нацыянальнага касцюма, выдавецкай дзейнасцю абласных метадцэнтраў, развіццём фалькларыстыкі. Адзін з апошніх прыкладаў выніковасці форуму прывёў Алег Хмялькоў: неўзабаве пабачыць свет сумеснае беларуска-азербайджанскае выданне пра харэаграфічныя традыцыі дзвюх краін.

Што прапаноўвае сёлетні форум? Творчыя калектывы Магілёўшчыны прэзентуюць фальклорную спадчыну гэтага краю. На Быхаўшчыне гасцям пакажуць элемент нематэрыяльнай спадчыны: традыцыю вырабу саламяных павукоў. Будуць працаваць самыя розныя выставачныя экспазіцыі. Адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя “Нацыянальны касцюм як элемент гістарычнай спадчыны ў сучаснай культуры” (гаворка пойдзе і пра асэнсаванне традыцыйнасці пры стварэнні сцэнічных касцюмаў). Падчас свята “Скарбніца Падняпроўя” запланаваны паказ абрадавых элементаў народнага беларускага календара.

Мяркуецца, што удзельнікі форуму наведаюць Мсціслаўскі раён, дзе пазнаёмяцца з вопытам работы ўстаноў культуры. Гэтым разам у абмене думкамі прымуць удзел фалькларысты і навукоўцы з Беларусі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Эстоніі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"