Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА
Дарогай у вёску Гута вядучы навуковы супрацоўнік Пастаўскага РЦКНТ Людміла Чатовіч распавяла нам, што сама па сабе гульня “Яшчар” (дзесьці яе называлі “Яшчур” альбо нават “Цмок”) калісьці была распаўсюджаная па ўсёй Беларусі. Першыя яе запісы датуюцца канцом ХІХ — пачаткам ХХ стагоддзя.
У даўніну ў “Яшчар” гуляліся ўвесну і на Купалле. Паступова гульня перастала быць выключна вяснова-летняй, у яе пачынаюць гуляць у пост узімку перад Калядамі, і ўвесну перад Вялікаднем. А цяпер — і на валачобных вячорках на Вялікдзень. Паколькі вянок у “несезон” плесці не было з чаго, яго замянялі дзявочай хусткай альбо іншымі рэчамі.
Яшчарам звычайна быў хлопец, вакол якога “паненкі” з песнямі вадзілі карагод. Яшчар жа забіраў у абранай ім дзяўчыны вянок, і каб вярнуць яго, тая павінна была выканаць пэўныя заданні.
— На яшчара абіраюць толькі прыемнага хлопца, — расказвае пра гульню спадарыня Людміла. — Гарэзлівага, вясёлага і прыгожага. Лічыцца, што гэта быў абрад-ініцыяцыя для дзяўчат і маладзіц, каб яны атрымалі сілу ад яшчара, які сімвалізаваў мужчынскі пачатак, і потым нараджалі моцных здаровых дзяцей.
18 варыянтаў гульні
Яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя моладзь Пастаўшчыны ахвотна гулялася ў “Яшчара”. Але новая генерацыя не надта пераймала вясковыя звычаі. І паступова гульня адышла ў нябыт, як і шмат чаго з традыцыйнай вясковай культуры беларусаў. Так было ажно да пачатку 1990-х, калі “Яшчара” пачалі адраджаць работнікі культуры Пастаўшчыны.
— Тады ў нас быў сапраўдны бум інтарэсу да вывучэння нацыянальнай культуры, — тлумачыць спадарыня Людміла. — У Паставах дзейнічаў нядзельны ліцэй, дзе збіраліся ўсе цікаўныя да гісторыі роднага краю. Там мы развучвалі мясцовыя спевы і танцы. І ў “Яшчара” таксама гуляліся.
Цяпер, як запэўніла краязнаўца, гэтая гульня зноў распаўсюджаная па ўсім раёне. “Чаму ж тады мы едзем менавіта ў Гуту?” — запытаўся я. Як выявілася, прычына ў тым, што ў Гуце “Яшчар” — асабліва аўтэнтычны.
— Наогул, у нас зафіксавана васямнаццаць варыянтаў гэтай гульні! І кожны з іх трошку, а дзе і зусім адрозніваецца, — працягвае спадарыня Людміла.
Гуцкі варыянт “Яшчара” быў запісаны мясцовымі работнікамі культуры ад пані Касарэўскай — якой ужо, на жаль, няма з намі.
— Дакладней, яна згадала толькі асноўнае пра ўсхваленне яшчара, — дадае дырэктар Гуцкага СКЦ Тамара Маслоўская. — А пасля нам па драбнічках удалося рэканструяваць і ўсю гульню, ходзячы па бліжэйшых вёсках ад хаты да хаты. Ці не кожны са старажылаў дадаваў нейкія цікавыя дэталі.
Менавіта гуцкі “Яшчар” і прэтэндуе на ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Дапамогу ў падрыхтоўцы дакументаў аказалі знаныя фалькларысты Алесь Лозка з Цэнтра нацыянальных культур, Алена Каліноўская з Нацыянальнага інвентару НКС. Разгляд намінацыі на пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады чакаецца ўжо самым бліжэйшым часам.
КРАКАВЯК ўтрох
Менавіта на валачобныя вячоркі мы і трапілі ў вёску Гута. Як выявілася, “Яшчар” — гэта толькі адна з цэлага шэрагу вячоркавых забаў, што ведае мясцовая моладзь. Тут дагэтуль танчаць і кадрылю, і кракавяк з полькай, і лявоніху. Пры тым, некаторыя іх мясцовыя варыянты — даволі спецыфічныя. Скажам, апрача “стандартнага” кракавяка, ёсць і свая “Кракавяк утрох”:
— Як пасля вайны не хапала хлопцаў, то даводзілася танчыць не парамі, а па тры чалавекі — па дзве дзяўчыны з хлопцам, — тлумачыць яе з’яўленне Людміла Чатовіч. — Вельмі вясёлая таксама гульня “У лямура”, запісаная намі ў 1990-я гады. Там словы такія: “Каб ля-мур замацаваць, пакруціся разоў пяць” — і дзяўчаты раскручваюць хлопца. Лічыцца, што такая гульня-прымаўка здольная замацаваць маладое каханне. На вячорках яе зладзілі госці з Варапаеўскага ГПДК начале з яго мастацкім кіраўніком Ірынай Кузьміч, якая таксама вельмі ахвотная да народнай культуры.
Раней моладзь збіралася на вячоркі ў чыёйсьці хаце — а ў цёплы час і наўпрост на лузе. Цяпер усё адбываецца ў цэнтры культуры — у сценах афіцыйнай установы. Ці не шкодзіць гэта традыцыі, ці не парушае нефармальную атмасферу? Мясцовыя знаўцы народнай культуры ўпэўненыя, што не.
— Наш Гуцкі СКЦ і стаў такой “агульнай” хатай для грамады, — кажа Тамара Маслоўская. — І гэта — натуральна.
Калі казаць не пра нейкі этнаграфічны тэатр для турыстаў з дэкарацыямі з хатаў-печаў-дзежаў-ручнікоў, а пра натуральнае і арганічнае развіццё жывой народнай традыцыі, то… варта прызнаць, што сельскія ўстановы культуры ў яе ўжо і сапраўды трывала ўпісаліся. Спрадвечная традыцыя збірацца на вячоркі трапіла ў сучасныя ўмовы, але здолела да іх прыстасавацца, выжыць і развівацца далей.
Не проста забавы
Вёска Гута — не самая дагледжаная з тых, што можна ўбачыць на Пастаўшчыне. Шклозавод, які, напэўна, і падараваў ёй назву ды забяспечваў яе жыхароў працай, ужо з дзесяцігоддзе стаіць закрыты. Адпаведна, і моладзь з’язджае. Так што незразумела, ці будзе каму гуляць у “Яшчара” ўжо неўзабаве.
Магчыма, панацэя — у турызме? Балазе, на Пастаўшчыне ён развіваецца даволі актыўна. Прыкладам, акурат цяпер вядзецца работа па складанні супольнай заяўкі на атрыманне гранта Еўрасаюза на развіццё традыцыйных рамёстваў супольна з Рокішкіскім раёнам суседняй Літвы. Але сама гульня “Яшчар” пакуль у турыстычныя маршруты не трапіла.
— На дадзены момант у Гуце ёсць адны толькі вячоркі, а гэтага замала, каб прывезці сюды турыстаў, — тлумачыць спадарыня Людміла.
Пра перспектывы выкарыстання элементаў НКС у турыстычную індустрыю гаворыцца ў нас багата. Але часцяком усе забываюць, што яны маюць не толькі эканамічны, а яшчэ і выхаваўчы патэнцыял. А вось на Пастаўшчыне таго ж “Яшчара” мяркуюць уключыць у планы работы ўстаноў адукацыі рэгіёна — ды гуляцца ў школах.
— Моладзь з ахвотай сама бярэ ўдзел у вячорках, — распавядае спадарыня Тамара. — Ёй гэта цікава. Прывіць любоў да традыцыйнай культуры сёння — гэта справа не аднаго дня, а нават і не аднаго года. І важна разумець, наколькі глыбока тая гульня ўкаранёная ў народны менталітэт. Нашы продкі лічылі, што яшчур вельмі важны для сельскагаспадарчых работ. Як тады казалі: “Яшчар зямлю точыць”.
— Ёсць яшчэ і іншая форма папулярызацыі народнай культуры, якой мы таксама не грэбуем, — дадае Людміла Чатовіч. — Напрыклад, у раённае свята Купалля мы таксама ўключылі тэатралізаваны паказ той гульні. Так мы яе распаўсюджваем па ўсім раёне, але самога “Яшчара” — у яго першаснай форме — трымаем менавіта ў Гуце, — смяецца спадарыня Людміла.
Адразу ж, праўда, у мяне паўстала пытанне: а ці не зашкодзіць такая тэатралізацыя сапраўднай аўтэнтыцы? Ці не прывядзе яна да прафанацыі жывой народнай культуры?
— Вядома, небяспека тут заўжды існуе, але ж, па-першае, тэатралізацыі робяцца рэдка — каб і на вялікім свяце людзі, у тым ліку госці нашага раёна, маглі пабачыць “Яшчара”, — адказвае спадарыня Чатовіч. — Па-другое, мы цудоўна разумеем розніцу паміж гэтымі двума падыходамі і не блытаем пастаноўку ды аўтэнтыку.
Зрэшты, сёння самая вялікая праблема — гэта нават не прафанацыя народнай культуры, а тое, што дзеці і моладзь ад яе адарваныя. Яны не выпускаюць з рук сваіх гаджатаў і нават на двор не так часта выходзяць. Абмяркоўваючы гэтую праблему, прыйшлі з пастаўскімі рупліўцамі ў справе захавання фальклору да высновы, што і традыцыйнай культуры трэба выходзіць у віртуальную прастору, каб заваёўваць сабе права на далейшае жыццё. Прыкладам, чаму б не распрацаваць адмысловую аплікацыю для тых жа смартфонаў на падставе гульні “Яшчар”?
Зрэшты, у Пастаўскім ЦКНТ ёсць і куды больш прыземленыя клопаты. За дзесяцігоддзі працы назбіраўся вялізны архіў, які ўключае шмат рукапісных запісаў, аўдыя- і відэакасет. І ўсё гэта вымагае перавядзення “ў лічбу”:
— Мы тыя касеты не выкідаем, нават калі ў іх парваная стужка, — тлумачыць вядучы спецыяліст па фальклоры ЦКНТ Святлана Марозава. — Спадзяёмся, што калісьці іх здолеюць склеіць, там жа каштоўны матэрыял сабраны. А тое, што мы можам апрацаваць самі — апрацоўваем. Набіраем на камп’ютары рукапісныя і машынапісныя запісы, якія назапасілі былыя і цяперашнія работнікі культуры. Расшыфроўваем і друкуем, каб гэта не знікла. А на алічбоўку касет у нас не хапае грошай. На шчасце, ужо знайшлі выйсце. Спецыялісты Акадэміі навук Беларусі выканалі нам работы па алічбоўцы часткі матэрыялаў бескаштоўна, а мы ім за гэта пакінулі копіі нашых матэрыялаў.
Але пры гэтым добра выбудаваная даследчая этнаграфічная сетка з сельскіх клубных работнікаў і супрацоўнікаў Цэнтра культуры і народнай творчасці спраўна пастаўляе новыя “палявыя даследаванні”. І часам яны пішуцца ад рукі.
Апрача гульні “Яшчар”, на Пастаўшчыне яшчэ шмат цікавага і вартага ўключэння ў спіс нематэрыяльных ГКК. Той жа абрад “Тры каралі”, які ў форме “жывой батлейкі” бытуе ў каталіцкіх вёсках рэгіёна — вельмі цікавае і каштоўнае сведчанне беларускай традыцыі. Ён у нечым падобны да знакамітых “Цароў” з вёскі Семежава Капыльскага раёна.
Але як па мне, то наступным пасля “Яшчара” варта падаваць на ўключэнне ў Дзяржспіс самабытную традыцыю мясцовых музыкаў. Як тое было спакон веку, усе гуцкія вячоркі суправаджае сямейны ансамбль Пачкоўскіх. І калі ўнукі хадзілі ў музычную школу, то старэйшая генерацыя — не. Яны — жывыя носьбіты сапраўднай і непарыўнай мясцовай выканальніцкай традыцыі, каштоўнасць якой у наш тэхнакратычны век будзе расці год ад году.