Ці ўтрымлівае збанок архетып?

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г

Люблю людзей з разумнымі рукамі. Ткачоў, цесляў, краўцоў, глінамесаў, лозапляцельшчыкаў… Лічу, яны мацуюць нацыянальную бяспеку краіны (слова “нацыянальную” — ключавое). У кожным ручніку, поясе, збанку-гладышы, калі яны зроблены па спаконвечных беларускіх традыцыях, закладзены наш код-архетып, спрагназавана жыццё роду, уключаны ў работу абярэг, што спрыяе захаванню менталітэту і росту дабрабыту. Традыцыя — той цэмент, які яднае народ у нацыю. Народ можна знішчыць: адымі мову, плюнь на традыцыю, забудзь на тое, кім быў прадзед — і вось ужо кожны выжывае паасобку. А нацыя — невынішчальная.

/i/content/pi/cult/687/15119/7.jpgХтосьці рассмяецца ў паняверцы. Маўляў, ну які-такі нацыянальны архетып у драўлянай лыжкі? І чым беларуская ад, скажам, рускай адрозніваецца? “Наша, якая без Хахламы, паміж чарпальняй і дзяржальняй мае добра ўмацаваную перамычку. Да прыкладу, калі бацька пакарае сына за які грэх ударам па ілбе, прылада не зламаецца!” — калісьці прыкладна такі адказ даў мне на гэтае пытанне адзін з нашых разьбяроў. Дзе тут жарт, а дзе ісціна, разбірайцеся самі.

І не рабіў бы я такія акцэнты ў размове пра нашы традыцыйныя рамёствы, калі б не вось якая акалічнасць. Усё часцей чую ад людзей, што маюць немалыя пасады, вось якія прэтэнзіі: мо час нам ужо выбірацца з лапатнікаў? Усе гэтыя пралкі, веялкі, падковы ды архаічныя глякі — як кайданы: замінаюць хадзе ўперад. Мо варта ўжо абсучасніць рамесніцтва, каб не таптацца на месцы? Мне асабіста ўсе гэтыя пытанні-прэтэнзіі, як соль на рану. “Абсучасніць” можна ўсё. І Коласа з Купалам. Але ж класіка (не толькі літаратурная) габлявалася і шліфавалася стагоддзямі. Не буду казаць банальнасцяў пра гаючыя вытокі, але без іх пры самаўпэўненым руху наперад ззаду застанецца пустэльня ў выглядзе закапаных бульдозерам вясковых хат.

Вось такая, трошкі зацягнутая прэамбула перад канкрэтнай гаворкай пра асобна ўзяты раённы дом рамёстваў, дзе тыя вытокі песцяцца ды памнажаюцца без абсучаснення.

Птушка са знакам якасці

У Лагойскім РДР я ўпершыню. Уражанняў — мора. Але пастараюся сябе стрымліваць. Рэй ва ўстанове вядзе кіраўнік Кацярына Мароз — дзяўчына амбіцыйная, і творца, але таксама і гаспадарнік, вучыцца завочна ў БДУКіМ. У трох гуртках дзясяткі дзяцей займаюцца саломкапляценнем, вышыўкай, выцінанкай. З ахвотай наведваюць майстар-класы і сталыя людзі. З 240 рамеснікаў раёна — толькі чатыры ганчары. Усе яны — работнікі культуры. Але менавіта гэтае рамяство — самае старадаўняе на Лагойшчыне. Яму і прыярытэт у расповедзе.

Адраджалася ганчарства, па сутнасці, з нуля. Таццяна Саўрыцкая паступіла ў Бабруйскае мастацкае вучылішча, стала керамістам. Яе бацьку Сямёну Рыгоравічу — таксама закарцела. Здабыў ганчарны круг і навучыўся ім валодаць. Майстэрства пераймаў у мінскага ганчара Леаніда Панамарэнкі. Праз нейкі час у Лагойску прайшло свята “Гліняны звон”, а ў 1998 годзе ўзнік РДР. Таццяна пабралася шлюбам і стала Раманчук. Муж яе Іван — таксама ганчар. Як і брат, Уладзімір Саўрыцкі. Ён абпальвае работы не ў муфельнай печы, а ў земляной. Так атрымліваецца задымленая кераміка. А ёсць яшчэ замыленая. Але пра тэхналогію — не сёння.

Сышоў з жыцця Сямён Саўрыцкі, але творы яго па-ранейшаму радуюць вока. З’явіўся пад дахам дома рамёстваў яшчэ адзін глінамес — Мікалай Стрэльчанка. На адной з мастацкіх фабрык працаваў вучнем ганчара, за мінімальны тэрмін атрымаў пяты (найвышэйшы) разрад.

Я сустрэўся з Мікалаем Фёдаравічам, калі ён займаўся з дзвюма шасцікласніцамі. Паназіраў, палюбаваўся і заўважыў: на адной з птушачак-свісцёлак выдрапаны ініцыялы “КС”. Стрэльчанка патлумачыў, што гэта фірмовы знак адной з вучаніц — Ксенні Саболька. Маўляў, яна падпісвае кожную сваю работу, бо гарантуе яе якасць. Так у Лагойску выхоўваецца асабістая адказнасць за тое, што зроблена ўласнымі рукамі. Свае знакі стаяць і на вырабах дарослых майстроў.

Другое дзяўчо, Мар’яна Стрэльчанка, — дачка ганчара-настаўніка. Прызналася, што не збіраецца ў дарослым жыцці быць керамісткай, але лепка не пашкодзіць для развіцця фантазіі, пальцаў,
розуму. Малайчына. Так закладваецца менталітэт нацыі.

Менавіта ад лагойскіх глінамесаў я ўпершыню пачуў словазлучэнне “беларуская форма”. Мікалай Стрэльчанка таксама называе яе непераўзыдзенай класікай, узрост якой вылічваецца вякамі. А вось з аздобай формы, перакананы майстар, можна і паэксперыментаваць. Ён, да прыкладу, дадае свае арнаменты. Але класічны абярэг — “каўнерык” вакол рыльца гладыша ці іншага посуду — застаецца нязменным. Менавіта ён ашчаджае і ўладальніка посуду, і яго змесціва. Бяспека, так бы мовіць, на метафізічным узроўні.

РДР + галерэя

Напрыканцы мінулага года ва ўстанове скончылі грунтоўны рамонт. Нават люстры мясцовыя рамеснікі зрабілі ў выглядзе жбанкоў ды глечыкаў. З’явілася яшчэ адна муфельная печ, утрая большая за першую. Ёсць і прыбіральня.

У свой час на баланс РДР перайшла і мастацкая галерэя (на другім канцы горада) ганаровага грамадзяніна Лагойска, самабытнага мастака і пісьменніка Сяргея Давідовіча. Не буду распавядаць пра яго творчасць (хай у чытача будзе нагода наведаць Лагойск), скажу толькі, што ў РДР з’явіліся дадатковыя выставачныя плошчы і сувенірная крама. Малодшы навуковы супрацоўнік РДР Таццяна Камінская цудоўна спраўляецца і з роляй крамніцы, і з абавязкамі экскурсавода. Вельмі часта і ў РДР, і ў галерэю прыязджаюць ветэраны, нават з Мінска. Экскурсіі, як і майстар-класы — платныя. А яшчэ штат дома рамёстваў паспявае і ў экспедыцыі выпраўляцца, каб сустрэцца з носьбітамі нашай традыцыі. Транспарт пры гэтым выкарыстоўваюць збольшага асабісты.

Не рабіць памылак

Што зачапіла яшчэ? Сайта ў РДР няма, а на райвыканкамаўскім ён прэзентуецца вельмі сціпла, без яркай рэкламы. Прыдарожныя ўказальнікі таксама адсутнічаюць, таму дом рамёстваў адшукаць няпроста. Прыгожы каваны ўказальнік ёсць ля мастацкай галерэі, але стаіць ён на ўзвышшы і з дарогі кепска бачны. Мо гэта і добра, бо ў надпісе — памылка? Указальнік паведамляе: “Сувенірная лаўка”. Прыкра. На лаўцы мы сядзім, а тавар купляем у краме.

Як навучыцца не рабіць у жыцці памылак? Калісьці на Міншчыне было ці не з дзясятак дамоў фальклору. Засталося толькі два. Аптымізацыя. У краіне лічаная колькасць фалькларыстаў, таму і з захаваннем фальклору праблемы. Не, “абсучасненага” хапае, пад яго зручна падымаць чарку і закусваць. А аўтэнтыку час запісваць у Чырвоную кнігу беларускіх няздзейсненых мараў.

Дамы рамёстваў пакуль не скарачаюцца. Як вы думаеце, запалу ім надоўга хопіць?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"