А ў вас ёсць Парк пацалункаў?

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г

Даўно не было навін з Калінкавіцкага раёна. А тут акурат згадаў, як у 2009 годзе наведваў гэты край, і прыемна здзівіўся таму, што ў аграгарадку Сырод разбілі сквер пад назвай “Пацалунак” (назва выразана на драўлянай паркавай браме), прызначаны для шчырых сустрэч добрых сяброў, таварышаў, аднадумцаў. Нічога аналагічнага раней нідзе не бачыў. І ўвогуле ў Сыродзе нават жывёлагадоўчыя фермы выглядаюць як творы мастацтва: фасад кожнай распісаны мясцовымі талентамі. Уражанне такое, што не ў вёску заязджаеш, а ў карцінную галерэю… Ці захавалася гэтая прыгажосць?

/i/content/pi/cult/687/15117/5.JPGЗахавалася! Кіраўнік сельскагаспадарчага кааператыва “Дружба” Сяргей Даўгала — ініцыятар усіх гэтых мастацкіх экзерсісаў — не збіраецца зніжаць градус творчага напалу, які стаў для ўсіх насельнікаў мясцовых вёсак нормай жыцця. А гаспадарка Сяргея Іванавіча з таго часу разраслася: увайшлі ў яе склад землі трох сельсаветаў, жыхароў якіх абслугоўваюць тры клубныя ўстановы. Хоць і не называе сябе Даўгала спонсарам, але грашыма клубнікаў падтрымлівае пастаянна: падчас прафесійных урачыстасцяў, святаў вёскі, сельскагаспадарчых абрадавых дзей, каляндарных дат. Вось што значыць, калі ў кіраўніка-прагматыка ёсць творчае крыло! Поруч з такім у крэатыўных парывах лётаюць усе. А ў вашым раёне ёсць парк для пацалункаў?

На Смаргоншчыне ўшаноўвалі пісьменніка Мар’яна Дуксу, якому споўнілася 78 гадоў. Святочныя мерапрыемствы прайшлі ў ДК вёскі Солы, дзе жыве Мар’ян Мікалаевіч. Віншавалі яго кіраўнікі раёна, работнікі культуры, аматары вершаў. Напісала пра гэта Ала Клемянок. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства, які праходзіў у 2009 годзе ў Смаргоні, я пабываў у Солах, наведаў гасціннага Мар’яна Мікалаевіча. Мы елі на паэтавай кухні духмяныя восеньскія яблыкі ды разважалі пра стан нацыянальнай літаратуры.

Бясконца паважаю гэтага творцу за бездакорную адшліфаванасць вершаванага радка і грамадзянскую важкасць публіцыстычнага слова. Яшчэ і за тое, што не рвецца паэт у сталіцу, застаецца патрыётам малой радзімы — і гэта ніякім чынам не ўплывае на яго літаратурны аўтарытэт. Дукса — ганаровы грамадзянін Смаргоні, для землякоў — свой, родны. Але ніякім чынам не хачу назваць яго мясцовым пісьменнікам, ён выбіваецца з гэтага вузкага вызначэння і застаецца пісьменнікам беларускім. Я таксама шчыра далучаюся да шматлікіх віншаванняў. З днём нараджэння, шаноўны Мар’ян Мікалаевіч!

Яшчэ адна інфармацыя са Смаргоні. У мясцовым РЦК прайшоў традыцыйны раённы агляд-конкурс культарганізатараў “Гульнявы калейдаскоп”. Сёлета ён быў прысвечаны тэме малой радзімы. У дзесяці праграмах знайшлі адлюстраванне мясцовыя гісторыка-культурныя каштоўнасці і народныя гульні. Выкарыстоўваўся сюжэт тэлепраграмы “Падарожжа з Жыгамонтам”. Добра выступілі работнікі культуры Вішнеўскага, Залескага, Сінькоўскага, Крэўскага і Бялкоўшчынскага дамоў культуры.

Бібліятэкар аддзела абслугоўвання Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі Кацярына Ярмалінская з’яўляецца яшчэ і кіраўніком клуба творчых сустрэч “Літаратура. Музыка. Натхненне”. “Імпрэзы клуба, — піша яна, — традыцыйна складаюцца з віктарыны, творчай часткі, выступлення гасцей. Гэтым разам былі запрошаны дзве маладыя паэтэсы: Вольга Бялова з Магілёва і Дар’я Мілер з Мінска. Вельмі цікавая і карысная для абодвух бакоў сустрэча атрымалася”.

Адзін з пастаянных і даўніх нашых аўтараў — намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Наталля Дробышава. Чарговая яе навіна — пра раённы конкурс маленькіх прыгажунь “Чараўніца-2018”. На сцэне РЦК сустрэліся сем канкурэнтак. Журы ацэньвала фантазію, густ, талент, разняволенасць ды тактоўнасць. І хоць карона дасталася Маі Івашчанка, але падарункі (дзякуй Беларускаму фонду міру) атрымалі ўсе.

Інфармацыя з Гарадзішчанскай дзіцячай школы мастацтваў (Баранавіцкі раён). Вучні і педагогі ўстановы годна прадставілі нашу краіну на Міжнародным конкурсе-фестывалі ProFes of the best у Кіеве, які сабраў 180 удзельнікаў з Украіны, Польшчы і Беларусі. Гарадзішчанцы выступілі даволі годна. Лаўрэатамі І ступені сталі сямейны дуэт (дырэктар школы і настаўнік па класе цымбалаў Віталь і Таццяна Купрыкі; настаўнік па класе фартэпіяна Наталля Абіходава; ансамбль цымбалістаў (Карына Блажэвіч, Дар’я Жук, Настасся Ломжа, Ксенія Казінец); вучань Мацвей Шынгель (эстрадны вакал). Лаўрэацкае званне ІІ ступені атрымалі вучаніцы Карына Блажэвіч і Ксенія Казінец (цымбалы). Вучань Аляксей Сапега (акардэон) стаў лаўрэатам ІІІ ступені.

Дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна Вольга Ляснеўская напісала пра чарговую сустрэчу з настаяцелем Свята-Успенскай царквы айцом Міхаілам. Бібліятэкары раёна і сябры аматарскага аб’яднання “Сустрэча” слухалі аповед пра Марыю Егіпецкую. Пасля айцец Міхаіл адказваў на пытанні.

Навучэнцы дванаццаці дзіцячых музычных школ мастацтваў і сярэдніх школ сталіцы сустрэліся ў Вялікай зале Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі. Фестывальная праграма ІІ аркестравага маладзёжнага форуму ўключала выступленні не толькі дзіцячых калектываў, але і музычныя прывітанні ад аркестраў каледжа, што засведчыла пераемнасць пакаленняў і акрэсліла перспектыву супрацоўніцтва школ і каледжа. Удзел у святочных мерапрыемствах форуму прынялі таксама студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Пра гэта напісала Наталля Кардашова.

Два паведамленні з аграгарадка Каменны Лог, што на Ашмяншчыне. Першая — ад бібліятэкара, другая — ад работніка клуба. Алена Таўкінь піша, што ў велікодныя дні яна не толькі частавалася з чытачамі пісанкамі, але і правяла з імі Гадзіну духоўнасці. У выніку юныя аматары кніг запісалі свае самыя вялікія жаданні на аркушыках паперы. Гэтыя скрутачкі замацавалі на галінах вярбы. “Дрэва жаданняў” прастаіць у клубным фае роўна год. На наступны Вялікдзень можна будзе праверыць, чыё жаданне спраўдзілася…

А вось клубнікі Каменнага Лога вырашылі змагацца з жыццёвымі нягодамі пры дапамозе смехатэрапіі. Кіраўнік СК Настасся Іўкоўская ўпэўнена, што ўсміхацца трэба часцей. Менавіта на гэта і была скіраваная забаўляльная праграма для дзяцей. Былі конкурсы, гульні, жарты клоўнаў. Цягам мерапрыемстваў быў вызначаны самы радасны глядач. Шкада, але прозвішча і сацыяльны статус яго нам паведаміць забыліся. Вельмі карціць з ім пазнаёміцца, каб пераняць досвед пастаяннай ды максімальнай жыццярадаснасці!

Мяне асабіста вельмі натхняе тое, што з кожным разам пад рубрыкай “На людным месцы” з’яўляецца ўсё больш лістоў ад самых розных структур: сельскіх клубаў і сельскіх бібліятэк. Прыемная тэндэнцыя, якая пераконвае ў тым, што расце адказнасць сельскіх работнікаў культуры за лёс малой радзімы. Сапраўды, гэтую адказнасць не дэклараваць сёння трэба, а падмацоўваць важкай справай.

Да прыкладу, бібліятэкар Ленінскай сельскай бібліятэкі (гэта — Жабінкаўская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма) Марыя Пратасюк распавядае пра інтэрактыўную гутарку з чытачамі “Дарогі, якія мы выбіраем: шлях да прафесіі”. Як вы ўжо зразумелі, мерапрыемства было прысвечана прафесійнай арыентацыі, выбару будучыні. Што ж неабходна ўлічваць пры пошуку жыццёвага шляху? Адказаць на гэтае пытанне дапамаглі юныя акцёры аматарскага аб’яднання “Ветразі надзеі”. А потым ток-шоу выпрацавала формулу выбару прафесіі: “Хачу + магу + трэба = прафесія для мяне”.

Пагадзіцеся, вельмі слушны ды своечасовы “матэматычны” вынік, дзе ключавое слова — “трэба”. Каб усё ў нашым жыцці “вылічвалася” менавіта па гэтай формуле, кожная вёска стала б, напэўна, аграгарадком, дзе быў бы свой сквер для пацалункаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"