А што, уласна, ёсць музей?

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г

У чацвер 11 красавіка ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь прайшла працоўная сустрэча, прысвечаная тэме арганізацыі экспанавання выстаў і стварэння прыватных музеяў і распрацоўцы падыходаў да развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў галіне музейнай справы. У нарадзе пад старшынствам намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко ўзялі ўдзел прадстаўнікі як дзяржаўных, так і недзяржаўных музейных і выставачных устаноў, а таксама прыватныя калекцыянеры.

“К” ужо неаднаразова звярталася на сваіх старонках да пытання прыватнага калекцыянавання і цяжкасцяў, якія могуць напаткаць аматараў выставіць на ўсеагульны агляд уласныя зборы (гл., напр., “К” №№ 2 і 13 за гэты год). На жаль, шэраг праблем у арганізацыі прыватнага калекцыянавання ў Беларусі дагэтуль застаўся нявырашаным — недахоп плошчаў, высокія арэндныя стаўкі,
празмерныя падаткі… Але сустрэча засведчыла, што іх вырашэнне насамрэч часта залежыць не столькі ад Міністэрства культуры, колькі ад ініцыятывы саміх “прыватнікаў” і мясцовых уладаў.

Тыя ж падаткі і арэндную плату, аказваецца, можна істотна паменшыць — варта толькі ўзяць адпаведную даведку ў Міністэрстве культуры аб тым, што прыватны музей з’яўляецца культурнай установай. З арэнднымі стаўкамі трохі больш складана — тут, апрача ініцыятывы саміх прыватнікаў, патрэбная і воля мясцовых чыноўнікаў, якія маюць права ўсталяваць мінімальны каэфіцыент на арэнду плошчы пад музейныя і выставачныя праекты. Зменшыўшы яго тым самым у шэсць разоў!

Менавіта па такім шляху пайшлі ў Гродне, дзе ў гістарычным цэнтры для культурных прыватных устаноў быў усталяваны самы маленькі з магчымых памераў стаўкі арэнды. Так крок вытлумачальны: увайшоўшы ў зону “бязвізу”, мясцовыя ўлады вырашылі зрабіць свой горад больш прывабным для турыстаў, стварыўшы для іх шэраг дадатковых цікавостак. Як адзначыў Аляксандр Яцко, гродзенскі вопыт на дадзены момант — адзін з самых цікавых і плённых сярод беларускіх рэгіёнаў.

Хаця, як высветлілася, не ўсё так проста і гладка. Як адзначылі прадстаўнікі прыватных музейных і выставачных устаноў, вельмі часта не атрымліваецца скарыстацца з нормаў указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 145 ад 14 красавіка 2011 года “Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання ў галіне культуры і інфармацыі”, якія даюць значныя палёгкі. Прадстаўнік музейнага комплексу з-пад Мінска “Дукорскі маёнтак” засведчыў, што ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах ад іх патрабуюць даведку аб уключэнні ў Рэестр музеяў, і таму яны дагэтуль не могуць скарыстацца тымі палёгкамі.

Пацвердзілі праблемы з атрыманнем ільгот і прадстаўнікі іншых прыватных устаноў — што не магло не выклікаць здзіўленне ў спецыялістаў Міністэрства культуры. Як патлумачыў Аляксандр Яцко, адпаведная даведка без прамаруджвання выдаецца ўсім, хто сапраўды займаецца культурнай дзейнасцю. А ніякіх іншых папер і не патрэбна!

Пасяджэнне не абышло ўвагай і яшчэ адзін востры падводны камень у пытаннях дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва ў галіне культуры: ці ўсе музеі — музеі сапраўды?
Вельмі часта камерцыйныя фірмы, якія могуць весці культурна-асветніцкую — альбо нават выключна камерцыйна-забаўляльную — дзейнасць, у маркетынгавых мэтах называюцца “музеямі”.

Як адзначыў дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Шляхцін, гэта не вельмі карэктна. У сусветнай практыцы ёсць сфарміраваная метадалогія, якая вызначае, чым з’яўляецца музей — што, на яго думку, у поўным аб’ёме замацавана і ў беларускім заканадаўстве. Выказаўшы кансалідаваную пазіцыю Рэспубліканскай рады дырэктараў музеяў і Рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях музейнай справы, старшыні гэтых радаў Дзмітрый Шляхцін і дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч адзначылі, што, з аднаго боку, не варта ўводзіць ліцэнзаванне музейнай дзейнасці, як гэта прапаноўваюць некаторыя. Але, з другога — калі пэўная ўстанова заяўляе сябе як музей, яна і заканадаўства ў галіне музейнай справы павінна выконваць у поўным аб’ёме. У тым ліку гэта і рэгістрацыя ў Рэестры, і выкананне пэўных структурных і арганізацыйных патрабаванняў.

Менавіта на гэтай глебе адбылася дыскусія паміж спадаром Шляхціным і заснавальнікам прыватнага музея мініяцюр “Краіна міні” Яўгенам Данілікам. Ці ёсць розніца паміж музеем, калекцыяй і забаўляльным праектам, і чаму апошнія не павінны называцца музеямі? Да згоды суразмоўцы так і не
прыйшлі.

Затое ўдзельнікі дыскусіі паразумеліся па яшчэ адным вострым пытанні. Вельмі часта можна трапіць у сітуацыю — і ледзь не кожны з прадстаўнікоў “недзяржаўнай культуры” ў яе трапляў, — калі стаўленне чыноўнікаў на месцах да “прыватнікаў” значна адрозніваецца ад стаўлення да дзяржаўных устаноў галіны. У выніку, нярэдка не ідуць насустрач у пытанні паніжэння тарыфаў і арэнды нават тады, калі гэта магчыма. І тут ужо справа не ў ініцыятыве саміх культурных прадпрымальнікаў. Як адзначылі ўсе ўдзельнікі сустрэчы, гэтае пытанне трэба вырашаць сістэмна і комплексна на рэспубліканскім узроўні.

Як падсумаваў спадар Яцко, на дадзены момант у краіне не столькі трэба рэфармаваць заканадаўства, колькі яго ведаць і ўмець выкарыстоўваць. На жаль, шмат хто сапраўды не ў курсе пра ўсе тыя магчымасці, якімі ён валодае. Але і на абавязкі таксама часта забываюцца. Выйсцем магло б быць правядзенне адмысловых адукацыйных семінараў. Магчыма, варта было б таксама падрыхтаваць і адмысловы метадычны дапаможнік.

І галоўнае — часцей сустракацца ды абмяркоўваць супольныя праблемы дзяржаўных і прыватных устаноў галіны культуры. Толькі так магчыма наладзіць супрацу.