Словы пра мастака Міхала Анемпадыстава

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

Герой чарговага сяброўскага нарысу мастака і літаратара Адама Глобуса — яго стары сябра і паплечнік, які нядаўна нас раптоўна пакінуў.

/i/content/pi/cult/686/15102/22.JPGАртыстычны псеўданім

У дзяцінстве ён быў сур’ёзным тоўстым хлопчыкам. Любіў сядзець на канапе з цацачным бурым мядзведзікам, ды і сам быў падобны на медзведзяня. Калі дарослыя пыталіся ягонае імя, ён глядзеў ім у вочы і казаў: “Мі Ша!” Ён прамаўляў сваё імя ў два словы. Не проста ў два склады, а ў два выразныя словы.

Для самых блізкіх ён і застаўся Мі Шам. Для мастакоўскай і артыстычнай тусоўкі ён прыдумаў сабе псеўданім — Міхал. Тады ўсім нам хацелася “захаднасці”, культурнасці і нават арыстакратычнасці. Адсюль і Міхал замест Міхаіла і Міхася, адсюль і проста Міхал замест Міхаіла Анемпадыстава і Анямпода.

З псеўданімам Міхал і паводзіць сябе трэба было далікатна, і выкшталцонасць трэба было дэманстраваць. У яго атрымлівалася быць Міхалам. Яго любілі і ведалі як Міхала, але мне помніцца і ягонае імя ў два словы — Мі Ша.

Тры “ха”

У часы заняпаду савецкай імперыі, які пачаўся з прыходам да ўлады Брэжнева, заквітнеў самвыдат. Мы ў майстэрні Гены Хацкевіча зачытваліся Хармсам. Сярод вялікіх яго аматараў я ведаў трох мастакоў. Яны не проста любілі Хармса, яны яго палюбілі ў часы самвыдата і пранеслі гэтую любоў да дзён сённяшніх. Хармсам захапіліся Ігар Цішын, Лёха Мартынаў і Міхал Анемпадыстаў.

У постаці Міхала заўжды праглядалася нешта хармсаўскае, нешта брытанска-піцерскае, нешта тэатральнае і трагікамічнае. Нават смех у Міхала быў тэатральна-выразны. Смех той складаўся з трох асобных “ха”.

Анемпадыстаў зачытваў верш Данііла Хармса, рабіў працяглую паўзу і потым выдаваў стрыманае “Ха-ха-ха!” Падобныя тры “ха” былі яшчэ і ў кінематаграфічнага Фантамаса, але ў Міхала смех быў больш цёплы, чым смех зялёнатварага французскага монстра.

Ад Хармса ў творы Міхала перайшлі абсурд, лапідарнасць і гумар. У сваіх тэкстах і малюнках Міхал заўжды быў вясёлым падлеткам, як і яго вечна ўлюбёны Ювачоў — Данііл Хармс.

Праца

Першы раз я ўзяў Міхала мастаком у мінскія камісійныя крамы. Нейкі час я быў галоўным аздабляльнікам усіх сталічных камісіёнак. Мне дазвалялася мець аднаго падначаленага. Нейкі час ім лічыўся Міхал Анемпадыстаў. З камісіёнак я перацягнуў яго ў часопіс “Бярозка”.

Працавалася з Міхалам добра. Ён быў крыху марудны, але вельмі адказны і ніколі не ствараў імітацыйнай мітусні. Для мяне Міхал заўжды быў майстравітым працаўніком, якому можна даручаць самае складанае. Нават напісанне тэкстаў для песні можна даручаць.

І вось, неяк на пачатку 1990-х да мяне падышоў Лявон Вольскі і сказаў:

— У Касі скончыліся тэксты. На ўсе твае лепшыя вершы яна ўжо напісала музыку. Было б добра, каб ты напісаў ёй новы тэкст…

— Сам чаму не напішаш?

— Пішу для “Мроі”. Для “Новага Неба” павінен нехта іншы пісаць. Мне так падаецца.

— Хай Міхал піша. У яго выдатна атрымліваецца з гэтымі каструбаватасцямі: “...дарога, дрэва, мур і вуліца ледзь-ледзь”…

Я саступіў Міхалу сваё месца ў “Новым Небе”. Саступіў і ніколі пра гэта не пашкадаваў. Як ніколі не шкадаваў і пра тое, што двойчы ўладкоўваў яго на працу.

/i/content/pi/cult/686/15102/2942-55555555_opt.jpegКаляды

У 1980-я адраджэннем калядавання і святкавання Калядаў займаліся хлопцы і дзяўчаты з фальклорных гурткоў. Міхал Анемпадыстаў іх наведваў і лічыў, што Каляды вартыя таго, каб зноўку стаць усенародным, а не толькі касцёльным святам. Гэтую любоў Міхала да Калядаў я і скарыстаў.

У мастацкай майстэрні, якая належала АКМ — аб’яднанню камісійных магазінаў, мы з хлопцамі праводзілі штотыднёвы літаратурны семінар. Пісалі апавяданні і лірыку. Абмяркоўвалі напісанае. Дапамагалі адзін аднаму з публікацыямі. Міхал не збіраўся займацца літаратурай, таму не прымаў запрашэнні на семінар, ажно пакуль не пачуў: або ён з намі працуе і піша, або на яго месца мы пачынаем шукаць іншага мастака-афарміцеля.

Міхал атрымаў заданне напісаць першае апавяданне ў часопіс для школьнікаў “Бярозка”. Ён стварыў каляднае апавяданне. Напісаў выдатна. Твор апублікавалі. Міхал атрымаў ганарар і з першым сваім апавяданнем стаў прафесійным літаратарам.

Нават добрыя справы часам робяцца праз пагрозу і прымус.

Плакаты

Міхал шмат чым паспяхова займаўся і шмат рознага цікавага і вартага зрабіў, але для мяне ён найперш плакатыст. Міхал прыйшоў у прафесійнае мастацтва ў сярэдзіне 1980-х, калі свет пачаў хутка змяняцца. З’явіліся новыя музыкі, літаратары, мастакі... Над старой зямлёю з’явілася новае неба. Адным з самых актуальных жанраў тагачаснай культуры стаў плакат. У палітычным і сацыяльным плакаце заззялі зоркі Цэслера і Войчанкі, у рок-плакаце ўзышла зорка Міхала Анемпадыстава. Сцены інтэрнатаў і кватэр пачалі ўпрыгожвацца постарамі культавых рок-гуртоў.

Для “Бонды” Міхал намаляваў залатога пацука, які жарэ бэзавую гітару. Можна сказаць, што гэта быў першы яго шэдэўр і першы рок-плакат у Беларусі. Радавалі і яго тэатральныя плакаты. Усе захапляліся домам-чамаданам для п’есы Мрожака.

Рамонт

Ад адной згадкі пра кватэрны рамонт у звычайнага чалавека псуецца настрой. Вядома, рамонт рабіць трэба. Ад яго нікуды не падзенешся, асабліва ад капітальнага. Жыць у разрусе не па-чалавечы. Таму большасць рамонтаў робіцца праз прымус і самапрымус. Ты самую звычайную сустрэчу з сантэхнікам адкладаеш, спатканне з электрыкам пераносіш на наступны тыдзень, а пра вялікі кватэрны рамонт і пагатоў думаць не хочацца.

Але ёсць людзі, якія любяць рабіць рамонты. Яны любяць хадзіць па будаўнічым рынку. Любяць наведвацца ў крамы накшталт “Зрабі сам” і “Майстравітыя рукі”.

Да такіх аматараў рамонту належаў Міхал Анемпадыстаў. Ён лічыў, што чалавек не можа называцца добрым мастаком, калі яго жытло ў кепскім стане, калі ў яго кватэры і майстэрні не зроблены еўрарамонт. Міхал любіў паразважаць пра якасны плінтус, пра філянговыя дзверы, пра грунтоўку і фарбаванне сцен. Рамонты Міхала радавалі, бадзёрылі і натхнялі. Зайздросная якасць, скажу я вам. Якасць, вартая павагі.

Часопісная графіка

У нас шмат даследаванняў пра кніжную і станковую графіку. Нават пра экслібрыс выходзіла асобная кніга. Шкада, што часопісная графіка засталася па-за ўвагаю арт-крытыкаў і даследчыкаў мастацтва. Хаця ў ёй былі свае непаўторныя зоркі.

У часопісе “Вясёлка” такой зоркай быў Алег Луцэвіч. У часопісе “Маладосць” з’яўляліся выдатныя малюнкі Сяргея Халамава, Леаніда Дубара і Арлена Кашкурэвіча. Часопіс “Беларусь” шмат гадоў аздабляў свае старонкі вытанчанай графікай Анатоля Александровіча, Міколы Селешчука і Валодзі Савіча. У часопісах “Парус” і “Крыніца” шмат гадоў працаваў Косця Вашчанка.

Мне бліжэй за ўсіх мастакі, што працавалі ў часопісе “Бярозка”. Пятро Драчоў і Кастусь Шаранговіч, Андрэй Радзівонаў і Андрэй Дубінін, Сяргей Харэўскі і Алена Дашкевіч зрабілі безліч запамінальных разгортак і вокладак. Але я не памылюся, сказаўшы, што часопіс меў самае запамінальнае аблічча менавіта ў 1990 годзе, калі мастацкім аддзелам загадваў Міхал Анемпадыстаў. Яго лагатып, яго рок-плакаты, яго палосныя ілюстрацыі былі ўзорнымі. Выхад кожнага нумара быў святам для аўтараў і чытачоў, якіх тады штомесяц збіралася больш за дваццаць тысяч.

Лінейка

Мастак заўжды мае свой улюбёны інструмент, які яму дапамагае ў працы. Зразумела, што ў мастакоў безліч розных прылад і прыстасаванняў, але заўжды ёсць нешта выключнае, самае зручнае і лепшае.

У майго настаўніка Кіма Шастоўскага ўлюбёным інструментам быў пэндзлік. Такая сабе акуратная маленькая рука з сотняю мяккіх пальцаў. Марк Шагал казаў, што ён — фарба. Анатоль Александровіч выдрапваў шэдэўры на цынку афортнай іголкай. Сяргей Халамаў казаў, што для яго нічога лепшага за просты аловак не бывае. Яня Зельская працавала на фактурнай акварэльнай паперы... Можна сказаць, што ў кожнага мастака свае сакрэты майстэрства, і адзін з гэтых сакрэтаў — у любові да інструмента.

Любімым інструментам Міхала Анемпадыстава была лінейка. Дарэчы, металічная метровая лінейка вельмі пасавала Міхалу. Ён увесь час нешта нейкае мераў і перамерваў, крэсліў і падкрэсліваў, адмяраў і адразаў. З дапамогай лінейкі Міхал наводзіў парадак. Яна была яго рыцарскім мячом у змаганні з хаосам. Пэўна, таму на супервокладцы сваёй апошняй кнігі “Колер Беларусі” Міхал змясціў шмат розных, і ў тым ліку сталёва-шэрых, лінеек.

“Не злоўжываў”

Мастак Міхал Анемпадыстаў ніколі нічым не злоўжываў. Ён быў выхаваны і тактоўны. Не любіў моцных напояў накшталт спірту, віскі ці гарэлкі. У той жа час, мог доўга разважаць пра тутэйшыя наліўкі ды віно. Ён нават марыў пра наладжванне выпуску якаснага віна з яблыкаў і сліў у нашай вольнай Беларусі. Хацеў распрацаваць этыкеткі да бутэлек з такім віном.

Міхал не любіў хамства, пошласці і экстрыму. Далікатнасць і густ уваходзілі ў спіс яго асноўных прыярытэтаў. Сярод Міхалавых каштоўнасцяў яшчэ можна назваць мінімалізм. Ні разу ў жыцці я не чуў, каб ён крычаў ці гучна сварыўся. Стрыманасць і асцярожнасць былі ў ягонай натуры, але гэта не замінала Міхалу быць настойлівым, працавітым і паслядоўным.

І апошняе: Міхал не злоўжываў нават доўгай прысутнасцю на гэтай зямлі. Сышоў у пяцьдзясят тры. Ён нікога з блізкіх і родных не абцяжарыў сваімі хваробамі і доўгай старасцю.

Папярэднікі

Жыццё так зладжана, што ты з самага дзяцінства пачынаеш звыкацца з думкамі пра смерць. Старыя сыходзяць, на іх месца становяцца маладыя і дарабляюць за старэйшымі недаробленае, здзяйсняюць недаздзейсненае, выконваюць недавыкананае. Надыходзіць час — і ты сам пачынаеш паціху перадаваць вопыт і сакрэты майстэрства сваім наступнікам. Ты бачыш, як недзе наперадзе сыплецца ў магільную яміну пясок. Ты мужна праходзіш праз сустрэчы са смерцю дзядоў і бацькоў.

Раптам прыходзіць вестка пра смерць блізкага чалавека, які быў маладзейшы за цябе. Ён мусіў жыць і жыць, ён павінен быў выканаць тваё недавыкананае, здзейсніць недаздзейсненае, дарабіць недаробленае. Ён спыніўся раней за цябе. Пясок пасыпаўся ў магільную яміну ў цябе за спінаю. Ты згубіў трывалы грунт. Ты апынуўся ў паветры. Цяпер табе давядзецца дарабляць не толькі за папярэднікам, давядзецца дарабляць і за наступнікам, які далучыўся да тваіх папярэднікаў заўчасна, раней за цябе, далучыўся знянацку.

Такія думкі і такія адчуванні былі ў мяне, калі прыйшла вестка пра смерць Міхала. Раней думалася, што ён працягне распачатае мною, а цяпер я працягваю распачатае ім.

Адам ГЛОБУС,
мастак, літаратар