Чаго не зможа інтэрнэт

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

У Клічаве лічаць, што музей трэба ўмець прадаваць, а да рамёстваў далучаць толькі тых, хто жадае
Людзі ў гэтым горадзе сустрэліся мне душэўныя, далікатныя і з агеньчыкам. Так што па магчымасці наведаю Клічаў калі-небудзь зноў. Цікава будзе даведацца, што здарыцца праз пяць-шэсць гадоў з маімі юнымі суразмоўніцамі, з дырэктарам установы, якая больш любіць ствараць, а не кіраваць, з навуковым супрацоўнікам, што разам з калегамі прасоўвае актуальныя формы работы.

/i/content/pi/cult/686/15098/17.JPGНе ў адным крэатыве справа

Клічаўскі краязнаўчы музей — вялікі ілюзіяніст! Будынак з выгляду сціплы, але ўнутры — быццам бы няма канца і краю яго памяшканням. Экспазіцыйных залаў там восем плюс адна выставачная, а ў фондах — болей за 11 тысяч прадметаў.

Навуковы супрацоўнік музея Лідзія Ачыновiч больш за дваццаць гадоў займала пасаду яго дырэктара. Потым працавала ў адукацыі (па першапачатковай прафесіі яна — настаўніца рускай мовы і літаратуры), а потым вярнулася ў музей.

— Мы ў сябе ўкараняем крэатыўныя, гульнявыя формы работы, элементы тэатралізацыі, рэканструкцыю нейкіх гістарычных эпізодаў, і гэта прыцягвае ў музей самую розную аўдыторыю, — распавядае Лідзія Лук’янаўна. — Радуе, што гэтыя нашы “эксклюзівы” знаходзяць водгук у дзяцей, бо цяпер іх прывабіць у такія ўстановы вой як складана — калі гэта толькі не школьныя экскурсіі. Да нас дзеткі ходзяць і самі, без якога-кольвечы прымусу. Значыць, мы знаходзімся на правільным шляху.

Пры гэтым спадарыня Ачыновiч прызнаецца, што з тым “валам публікі”, які назіраўся ў савецкія часы, цяперашняе наведванне музея ні ў якое параўнанне не ідзе:

— Чаму так склалася? Вядома, яшчэ і таму, што мы як прапагандысты свайго дзецішча не заўсёды адкрытыя да інавацый. Не з тым поспехам піярымся, не ўмеем агрэсіўна заклікаць публіку, не так добра “прадаем” наш унікальны “прадукт” і прасоўваем яго спажыўцу. Мяркую, пры падрыхтоўцы цяперашніх музейшчыкаў абавязкова трэба навучаць іх і ўменню рэкламаваць сваю працу.

Іншая праблема заключаецца ў фінансаванні. Калі б у музея грошай ставала на ўсе праекты, задуманыя яго работнікамі, то залы з часовымі экспазіцыямі таксама ператварыліся б у нешта нешараговае. Не абы-якія артэфакты трапляюць сёння і ў фонды. У тым ліку дзякуючы мытні, якая часам дзеліцца з установай тым канфіскатам, што ўпісваецца ў яго канцэпцыю.

Мне акурат давялося стаць сведкам таго, як на практыцы рэалізоўвалася адна з формаў, пра якую распавяла спадарыня Ачыновiч — інтэграваны ўрок гісторыі для школьнікаў. Ён быў прысвечаны рассяленню славян, у тым ліку на Клічаўшчыне. Аповед пра гэта суправаджаўся квэст-гульнямі. А назаўтра быў прызначаны майстар-клас па ткацтве ад мясцовых рамесніц.

Кажучы пра супрацоўнікаў установы, спадарыня Ачыновiч асабліва падкрэслівае іх неабыякавасць да ўласнай працы, зацікаўленасць у тым, каб у музеі было яшчэ лепш — нестандартна і займальна. Таму эксперыменты з новымі відамі дзейнасці ды іх апрабаванне — рэч тут звычайная.

— Наш раён славіцца сваім партызанскім мінулым, — пераходзіць да канкрэтнага прыкладу Лідзія Лук’янаўна. — Здаецца, пра гэты рух у краіне вядома ўжо ўсё. Але ж не! Пошукавыя экспедыцыі, якія музей арганізуе рэгулярна (толькі за апошнія пару гадоў іх было пяць), пастаянна прыносяць і адкрыцці — як канкрэтныя знаходкі, так і новыя падрабязнасці пра падзеі тых часоў, якія раптам усплываюць падчас размоў са старажыламі. Гэтыя аповеды, а таксама апісанні і фатаграфіі сабраных артэфактаў, увойдуць у кнігу “Новы погляд на гісторыю Клічаўскай партызанскай зоны”, якую мы рыхтуем да выдання.

У сацыяльна-выставачнай зале — дарэчы, забяспечанай сучасным светлавым і аўдыяабсталяваннем — праходзяць вечары для пенсіянераў і падлеткаў з цяжкіх сем’яў. А штомесячныя музычна-паэтычныя салоны ў зімовым садзе збіраюць усю інтэлектуальную эліту горада. І яшчэ адна прастора абавязкова прыцягнула б маю асаблівую ўвагу — аптэкарскі агарод, дзе больш за сто відаў адпаведных раслін, характэрных для дадзенай мясцовасці. Але палюбавацца ім, удыхнуць водар траў, а то і сёе-тое пакаштаваць (крадком...) зімой не было ніякай магчымасці.

Гідамі ж не па садзе, а па культуры Клічава для “К” сталі старшакласніцы Крысціна Баранава і Дар’я Лазько. Я ледзь-ледзь угаварыў іх на крытыку. Трошачкі “дасталася” ДК: дзяўчынкам хацелася б, каб у ім праходзіла больш розных імпрэзаў, і не толькі такіх, што зазвычай ладзяцца там цяпер — як правіла, звязаных са святочнымі, памятнымі і традыцыйнымі датамі. Каб больш выступала на яго сцэне вядомых артыстаў. Не хапае ім у горадзе і сучаснага кінатэатра.

Каментарый Крысціны БАРАНАВАЙ:

— У музей заўсёды хаджу з вялікім задавальненнем. У школе нам шмат распавядалі і распавядаюць аб родным горадзе і раёне, але тут я заўсёды даведваюся штосьці новае. Паколькі мяне цікавіць гісторыя Клічаўшчыны, я і без абавязковых экскурсій наведваю гэтую ўстанову, каб адкрываць для сябе нешта, дагэтуль мне невядомае. Тут яшчэ ўсё “жывое”, сапраўднае! Гэта ж зусім іншае адчуванне, калі ты можаш паглядзець экспанаты вось так блізка і адчуць іх. Інтэрнэт такога на можа даць. Я вельмі люблю чытаць і лічу, што ў кожнай кнігі ёсць свая душа. Калі гартаеш старонкі, здаецца, быццам з табой нехта ў гэты момант размаўляе. У нашага музея таксама ёсць душа — вельмі цёплая і адкрытая.

Каментарый Дар’і ЛАЗЬКО:

— А я люблю прыходзіць на прывазныя выставы. Асабліва запомніліся экзатычныя матылькі і насякомыя, “Традыцыі і культура Японіі” і агняпальная калекцыйна-сувенірная зброя. Я б яшчэ часцей ладзiла такія выставы. Усё ж такі пастаянныя экспазіцыі музея ведаеш дастаткова добра, хочацца і чагосьці новенькага.

Такі незвычайны дырэктар

У Раённым доме рамёстваў Таццяна Жоглiк дырэктарствуе больш за год, столькі ж яна была і метадыстам гэтай установы. Працаваць Таццяне Генадзеўне падабаецца, але не столькі кіраваць, колькі самой рабіць нешта сваімі рукамі. Па спецыяльнасці яна — мастак роспісу па дрэве, iнкрустатар, і яе карціны з саломы, скуры, лёну, цюлю, манет, кардона таксама ўпрыгожваюць тры кабінеты РДР.

— А чаму кіраваць любіце менш? — здзіўляюся я.

— Папяровая праца, бывае, стамляе. Ды і летаніна гэтая па інстанцыях з розных нагодаў… А я б лепш у той час што-небудзь майстравала.

Напружвае яе і недахоп у Доме спецыялістаў, якія маглі б “закрываць” тыя ці іншыя віды рамёстваў. Нядаўна вось керамістка падала заяву аб звальненні. Яна жыве ў Бабруйску, і амаль штодзённая дарога да Клічава і назад стала яе стамляць. Таму электрычны ганчарны круг чакае свайго гаспадара. Ёсць і іншыя вакансіі, але знайсці людзей, якія па сваіх чалавечых і прафесійных якасцях задавальнялі б установу, пакуль не ўдалося.

Сёння асноўныя віды дзейнасці РДР — саломапляценне і праца па дрэве. Акрамя таго, тут практыкуюць і працу па метале, з глінай... Дарэчы, з часткай асартыменту можна азнаёміцца і набыць упадабанае ў нядаўна адкрытай крамцы. Размешчана яна на першым паверсе Дзіцячай школы мастацтваў, у будынку якой і знаходзіцца РДР.

Кантынгент тых, хто асвойвае прапанаваныя промыслы, складаецца пераважна са школьнікаў і людзей пенсійнага ўзросту. Ён ужо сфарміраваўся, і таму аб недастатковым прытоку “навабранцаў” — як аб праблеме — Таццяна Генадзеўна не гаворыць. Наадварот, адзначае, што спакваля папаўняюцца шэрагі рамеснікаў-пачаткоўцаў — перш за ўсё за кошт юнага пакалення.

— Мая пазіцыя такая, — тлумачыць дырэктар. — Сілай я нікога зацягваць у гурткі не буду. Калі ў чалавека ёсць патрэба прыйсці да нас — ён прыйдзе, колькі б гадоў яму ні было. А гвалтам сюды запіхваць дзяцей — гэта добры спосаб спараджаць у іх пачуццё непрымання народнай культуры. Хай мяне лаюць за такое маё меркаванне, але я буду стаяць на сваім. А план платных паслуг мы выконваем, прадаючы нашы вырабы на выставах, фестывалях, кірмашах. Часам нам іх заказваюць розныя арганізацыі і людзі.

Каментарый Крысціны БАРАНАВАЙ:

— У Доме рамёстваў я бачыла проста класныя, неверагодна фантастычныя работы. Мне здаецца, іх робяць і такія ж прыгожыя людзі — з прыгожымі рукамі, думкамі, душой. Ім бы яшчэ памяшканне большае, а то, напэўна, з цяжкасцю яны на сваіх плошчах туляцца.

Каментарый Дар’і ЛАЗЬКО:

— У нашай школе быў гурток, у якім мы таксама нешта майстравалі. Напрыклад, велікодныя кошыкі. Для бацькоў да святаў абавязкова падарункі: куды прыемней жа, калі яны не пакупныя, а выкананыя дзецьмі, таму што такая ўвага — дакладна ідзе ад самага сэрца. Ад усяго свайго сэрца працуе і Дом рамёстваў. Я вельмі-вельмі люблю ў ім бываць!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"