Рубікон рампы

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

Памятаеце добрае выказванне: хто не хоча, той шукае прычыны, хто хоча — той шукае магчымасці? Вось і сталічнай моладзі надакучыла скардзіцца на адсутнасць узаемадзеяння паміж тэатраламі. У Міжнародны дзень тэатра на незалежнай пляцоўцы ОК16 яны зладзілі іскрамётны капуснік са злабадзённай пярчынкай, аб’яднаўшы хаця б на адзін вечар сілы чатырох тэатраў і шчырых прыхільнікаў сцэнічнага мастацтва.

/i/content/pi/cult/686/15091/_MG_8598_opt.jpegСусветны тэатр актыўна б’ецца над разбурэннем умоўнай чацвёртай сцяны, што падзяляе падмосткі і гледача. Айчынны тэатр у той самы час гэтаксама ўпарта ўзводзіць штучныя муры ўнутры супольнасці тых, хто служыць Мельпамене. Падчас тэматычных круглых сталоў рэжысёры зазначаюць: многія з калег не ведаюць, што адбываецца на суседніх пляцоўках. Акцёры наракаюць на сістэму, калі ў сувязі з эканоміяй сродкаў калектывы ўсё часцей прыязджаюць на міжнародныя фестывалі і прэстыжныя форумы роўненька на свой паказ, тым самым не маючы магчымасці паглядзець іншыя спектаклі, завязаць прафесійныя сувязі, паўдзельнічаць у майстар-класах.

Драматургі распавядаюць пра адсутнасць зваротнай сувязі з рэжысёрамі, кампазітары ўзгадваюць пра непаразуменні з адміністрацыяй, рэжысёры жаляцца на размаітыя абмежаванні палёту фантазіі. І ўсе разам ушчуваюць мас-медыя за недастатковае асвятленне тэатральных падзей, за адсутнасць крытыкі, або яе наяўнасць, але не такую, як хацелася б. Ва ўсім гэтым коле нараканняў неяк не знаходзілася чалавека, які першым спыніўся б і паспрабаваў зрабіць крок насустрач іншым.

Вернемся да сёлетняга свята Мельпамены.
Колькасць падзей у сталіцы зашкальвала: у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрылася выстава “Тэатр. Insight”, прысвечаная 85-годдзю Вялікага тэатра Беларусі, у Горкаўскім тэатры паўтаралі жаноча-сакавіцкі капуснік “Капуста па-russki”, Купалаўскі запрасіў на Тыдзень тэатра, падрыхтаваўшы лекцыі, фотавыставы, дыскусіі для прафесіяналаў і экскурсіі па закуліссі для аматараў. Мерапрыемствы цудоўныя! І ўсё ж кожны святкаваў у сваім кутку.

Падаецца, гэтую раз’яднанасць не змагло выправіць нават уручэнне ўзнагарод Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Традыцыйная цырымонія, якая некалі з размахам і пры вялікай колькасці публікі ладзілася ў тэатральных залах, сёлета ціхутка прайшла ў сталічным Доме дружбы. А хацелася б, каб народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова (“Крыштальная
Паўлінка”), актрыса Гродзенскага тэатра лялек Людміла Паўлоўская (“Крыштальны анёл”), прафесар Акадэміі мастацтваў Дзмітрый Мохаў (“Крыштальная зорка”), актрыса Коласаўскага тэатра Настасся Рэўчанка (“Крыштальная кветка”) і ўладальніца стыпендыі БСТД “Тэатральная дынастыя” і прыза “Агмень” Лідзія Мардачова пачулі заслужаныя авацыі не толькі ў вузкім коле.

Таму асабіста мяне радуе новае тэатральнае пакаленне, якое не чакае, калі ж іх ужо хто-небудзь згуртуе і аб’яднае, а пачынае дзейнічаць само. На пляцоўцы ОК16 сышліся акцёры Альфа-тэатра, Купалаўскага, ТЮГа і РТБД. Іх куратарам выступіў кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка.

Дарэчы, арганізатары ўжо на стадыі рэкламавання імпрэзы пайшлі на разрыў шаблону, абвясціўшы конкурс для гледачоў на найлепшае віншаванне з Днём тэатра. І хоць рашыліся паўдзельнічаць усяго трое (будзем спадзявацца, гэта толькі пачатак), сама прапанова дазволіла публіцы адчуць сябе ў гэты вечар блізкімі і патрэбнымі тым, на каго яны звычайна глядзяць праз Рубікон рампы.

Вечар падарыў сустрэчу як са знаёмымі па былых капусніках героямі (удалым дуэтам Міхаіла Зуя і Дзмітрыя Есяневіча), так і з новымі інтрыгоўнымі персанажамі. Некаторыя з прыпевак пайшлі ўжо ў інтэрнэт-прастору. Публіка жыва рэагавала на жарты, што закраналі апошнія падзеі тэатральнага жыцця. Гэты кірунак — самая ўдалая знаходка акцёраў: не проста пасмяяцца з абстрактных рэчаў, але абмеркаваць тое, што адбываецца тут і цяпер.

Мо з такіх крокаў і распачнецца хваля захадаў па аднаўленні цікавасці да сучаснага тэатральнага працэсу? У першую чаргу, у саміх яго ўдзельнікаў.