“Ліра” не толькі для лірыкі

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

Да 5 мая ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у Мінску праходзіць ХІV фестываль духоўнай музыкі “Залатагорская ліра”.

/i/content/pi/cult/686/15089/5.JPGЗа 14 гадоў фестываль выпрацаваў добрыя традыцыі, сярод якіх — яднанне музыкантаў розных узростаў і спецыяльнасцяў. Асаблівасць сёлетняга форуму — як ніколі вялікая ўвага да арганнага выканальніцтва. Упершыню ўдзельнічаюць каля 20 (!) арганістаў — не адно з Беларусі, але і з Германіі, Фінляндыі, Францыі. Сярод іх ёсць як славутыя майстры, так і пачаткоўцы — навучэнцы сталічнай дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1, якія займаюцца ў арганным класе Святланы Разько, колішняй выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класах Ігара Алоўнікава, Уладзіміра Няўдахі. Выступленні юных музыкантаў (малодшаму — усяго 8 гадоў) склалі канцэрт адкрыцця фестывалю 2 красавіка. І пакінулі ўжо не толькі
надзею, але і ўпэўненасць у хуткім паўсюдным адраджэнні выканальніцтва на аргане, без чаго немагчыма ўявіць культуру беларускай мінуўшчыны (прыблізна да сярэдзіны ХІХ стагоддзя, калі інструменты пачалі планамерна знішчацца).

Гэта далёка не першае публічнае выступленне маленькіх арганістаў: яны ігралі і ў сталічным Чырвоным касцёле, і ў Фарным касцёле Божага цела ў Нясвіжы, і ў касцёле Божай Маці Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве, і на шматлікіх канцэртах у роднай школе. Сярод навучэнцаў ёсць і ўзыходзячая зорачка — трэцякласнік Павел Прымакоў, лаўрэат ажно сямі міжнародных конкурсаў.

— Інструмент у 2011-м падарыў школе ксёндз Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк, — расказвае Святлана Разько. — Так з’явілася магчымасць адкрыць арганны факультатыў. Потым школа прыдбала новы інструмент — магчымасці пашырыліся. Але пакуль гэта адзіны прыклад выкладання ігры на аргане ў сістэме пачатковай музычнай адукацыі ў краіне. Ноты шукаем у інтэрнэце, ёсць і падораныя доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам Ёганам Трумерам з Аўстрыі, які здаўна падтрымлівае шчыльныя стасункі з Беларускай акадэміяй музыкі, а цяпер і з намі.

Пазаўчора на фестывалі знаныя беларускія і нямецкія салісты выконвалі барочную музыку Германіі, Англіі, Італіі. У адной з далейшых праграм можна будзе пачуць і ўбачыць фальклорны ансамбль украінскай песні і абраду “Ватра”. Заўтра адкрыецца выстава графікі “Цыклон” Ягора Арлова — навучэнца студыі пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы. Фестываль завершыцца толькі 5 мая — канцэртам харавой духоўнай музыкі знакамітага беларускага кампазітара Аляксандра Літвіноўскага, чыя творчасць прызнана не адно на радзіме, але і ў далёкім замежжы, уключаючы ЗША, дзе ён два гады таму стаў лаўрэатам кампазітарскага конкурсу.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"