Свістулька грошам — не перашкода

№ 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

Дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука ў абыход усіх забабонаў і прымхаў так прарэкламавала навінкі Міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”: “Сімвалам мерапрыемства стала свістулька, зробленая па традыцыях знакамітай майстрыхі Ганны Марачовай. Нават думаем музей адпаведны стварыць. І не верце, што ад свісту грошай не будзе. У маёй уласнай калекцыі, да прыкладу, каля трыццаці свістулек. І нічога кепскага ад гэтага не адбываецца”. Напярэдадні фестывальнага сезону гаворка ў Прэс-цэнтры Дома прэсы ішла пра імпрэзы, святы і конкурсы, канвеер якіх пачне набіраць абароты літаральна праз лічаныя тыдні.

/i/content/pi/cult/686/15086/2.JPGЯк па мне, дык самыя арыгінальныя ды яркія фэсты і святы — на Віцебшчыне. Прынамсі, больш за ўсё здзіўляюся падчас камандзіровак менавіта па гэтым краі. І маю на ўвазе не толькі такія знакавыя мерапрыемствы, як “Вішнёвы фестываль” у Глыбокім ці “Гарадоцкі Парнас”. Пабываў адносна нядаўна на Докшыччыне і пераканаўся, што не менш важкімі становяцца і святы вёсак, якія раней у межах краіны былі падобныя адно да аднаго бы блізняткі. Падаецца, такі працэс, калі колькасць супадае з якасцю, і варта называць аптымізацыяй творчасці. І шчыраванні на сельсаветаўскім узроўні не замінаюць работнікам культуры Докшыцаў удасканальваць буйны “Фестываль дзвюх рэк”, які здолеў стаць рэспубліканскім і мае ўсе падставы для атрымання міжнароднага статусу…

Кансультант упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іван Галабурда зазначыў, што галоўнае на сёння — не колькасць мерапрыемстваў, а захаванне іх адзінай непарушнай прасторы. Справа ў тым, што другі год запар нашы рэгіёны імкнуцца так развярстаць фестывальны расклад, каб адна акцыя не накладвалася на другую. Мінск сёлета задае тон: 3 — 5 мая пройдзе чарговы Рэспубліканскі фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”. Але асноўная нагрузка, як і заўжды, кладзецца на работнікаў культуры абласцей і раёнаў.

На адной толькі Гродзеншчыне мяркуецца правесці каля сотні розных фэстаў. Ды плюс ці не ўтрая больш брэндавых акцый па аграгарадках. Інфармацыю гэтую агучыла галоўны спецыяліст аддзела культурна-асветніцкай работы, мастацтваў і навучальных устаноў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, галоўны рэжысёр Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур Вольга Багдановіч.

Юбілейны XXV Дзень беларускага пісьменства пройдзе сёлета ў Іванаве. Начальнік аддзела па каардынацыі дзейнасці арганізацый культуры ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ІРКіСМ Брэсцкага аблвыканкама Лілія Свідуновіч запэўніла прысутных, што рэспубліканскае свята пройдзе нешарагова. Тое ж тычыцца і іншых мерапрыемстваў, якія з’яўляюцца складнікамі фестывальнай карты вобласці.

У прэс-канферэнцыі 30 сакавіка таксама прынялі ўдзел дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская і загадчыца аддзела інфармацыйна-аналітычнай і рэпертуарна-выдавецкай дзейнасці Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Алена Прадко.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"