Велікоднае дрэва і яго галінкі

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

У гэтую суботу нехта з жыхароў Іўя аздабляе вярбу, а хтосьці — ужо фарбуе яйкі. Як і штогод, тут вырастае цэлае Велікоднае дрэва, упрыгожанае пісанкамі — такая традыцыя была запачаткавана летась і ўжо паспела прыжыцца. Над краявідамі былога мястэчка нібы лунае постаць Хрыста (“Прывітанне з Рыа!” — жартуюць аматары сэлфі). Магчыма, гэта адзінае ў нашым бурлівым свеце месца, дзе мусульманскія дзеткі на Вялікдзень таксама гуляюць у біткі — проста з павагі да мясцовых традыцый.

/i/content/pi/cult/685/15080/20.JPGФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Народныя звычаі ды ўмельствы цудоўна дапасаваліся да светлага свята Ўваскрэсення Хрыстовага, дапаўняючы ў своеасаблівы спосаб яго духоўны змест, упрыгожваючы яго бы тая вішанька на торце. Шмат у чым менавіта яны аб’ядноўваюць наш спрадвеку поліканфесійны край.

Таму і нядзіўна, што Вялікдзень — як каталіцкі, так і праваслаўны, — становіцца важнай падзеяй не толькі ў рэлігійным, але і ў культурным календары. Бо сёння тыя традыцыі зазвычай зберагаюцца — ды і проста жывуць! — менавіта ва ўстановах культуры, раскіданых па ўсёй краіне.

/i/content/pi/cult/685/15080/21.JPGНа першы погляд, гэты райцэнтр не надта адрозніваецца ад іншых невялікіх гарадоў, якія выраслі са старадаўніх мястэчак і ў значнай меры захавалі местачковы побыт. Забудова ў асноўным сядзібная — традыцыйная, без архітэктурнай вытанчанасці. Назвы вуліц — з савецкай эпохі. Грамадскае жыццё засяроджана на цэнтральнай (і адзінай) плошчы, па перыметры якой размешчаны ўстановы ўлады і культурныя аб’екты, а ў цэнтры — манумент.

Ён дамінуе над прасторай плошчы і з’яўляецца, па сутнасці, сімвалам горада. Але ідэя яго папраўдзе ўнікальная: ушанаванне рэлігійнай згоды, якая пануе ў Іўі ці не з моманту заснавання паселішча. На чатырох пілонах змешчаны сімвалы чатырох веравызнанняў і рэлігій, якія спаконвеку мірна суіснавалі на гэтых землях — праваслаўя, каталіцтва, ісламу ды іудаізму.

“Проста таму, што жывём побач”

Мультыкультуралізм стаў, па сутнасці, мясцовым брэндам. І, калі зайшла гаворка пра заснаванне ў Іўі свайго музея, ад звычайнага краязнаўчага фармату вырашылі адмовіцца. Распрацоўшчыкі канцэпцыі з Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея прапанавалі засяродзіцца на ідэі суквецця розных культур і канфесій, а мясцовыя ўлады актыўна падтрымалі ідэю. Так і з’явіўся адзіны ў Беларусі ў сваім родзе Музей нацыянальных культур. У ягоных залах сапраўды адчуваеш, што ўсе мы, незалежна ад мовы, канфесійнай і этнічнай прыналежнасці — дзеці адной зямлі і грамадзяне адной дзяржавы.

— Канфесійную прыналежнасць можна лічыць і культурным кодам асобы, і маральнай асновай ладу жыцця. Гэта кожны вырашае для сябе сам, — гаворыць дырэктарка музея Кацярына Маскалевіч. — Бог адзін, а шляхоў да яго шмат, таму і існуюць розныя веравызнанні. У нас не толькі горад шматканфесійны, але нават наш музейны калектыў. Я — праваслаўная хрысціянка, але ў музеі мы ўсе разам адзначаем татарскія святы — Рамадан, Курбан-байрам. Наша супрацоўніца Марыя Бекіраўна заўжды ў такія дні прыносіць на працу хатнюю выпечку.

Як распавяла спадарыня Кацярына, іўеўскія татары (а мястэчка, калі хто не ведае, ці не з часоў Вітаўта лічыцца на Беларусі іх неафіцыйнай сталіцай) маюць неверагодны для мусульман звычай — яны адзначаюць Вялікдзень! Проста па той прычыне, што жывуць побач з хрысціянамі.

— Яны таксама фарбуюць яйкі ў чырвоны колер, а непасрэдна ў каталіцкую Вялікую пятніцу татарскія дзеткі будуць хадзіць з гэтымі яйкамі па дамах і віншаваць суседзяў, — кажа дырэктарка музея. — Гэта ніяк не звязана з ісламам і трактуецца менавіта як мясцовая культурная традыцыя. Як нейкі знак салідарнасці, таго, што мы ўсе тут свае.

Дарэчы, сама спадарыня Кацярына родам з Маладзечна. У Іўе трапіла паводле размеркавання пасля заканчэння ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Потым з’ехала ў Мінск, які палюбіла за час вучобы. Аднак дружалюбная атмасфера Іўя вабіла яе да сябе. І калі надарылася магчымасць вярнуцца сюды, у Музей нацыянальных культур, доўга не разважала.

Салома як золата

/i/content/pi/cult/685/15080/22.JPGНаступная наша сустрэча — у Раённым доме культуры. Ірына Смірнова — загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры размешчанага ў гэтых сценах Цэнтра культуры і вольнага часу. Праўда, у яе самой вольнага часу ў гэтыя дні было зусім няшмат. Яна — вядомая не толькі ў Іўі майстрыха па пляценні вярбінак, член Беларускага саюза майстроў.

— Мы з дзяцінства прывучаныя святкаваць Вербную нядзелю, — кажа Ірына. — Памятаю, як на гэтае свята вярбу з трох галінак рабілі мае бацькі, дадавалі розныя кветкі, ядловец, і абавязкова перавязвалі чырвонай ніткай. Дарэчы, дзед мой займаўся саломапляценнем. Так што народнае мастацтва я ўспрымаю на генетычным узроўні. Пачынала кіраўніком дзіцячага гуртка менавіта па саломапляценні, цяпер маю Клуб майстроў, дзе працуюць людзі розных узростаў. І неяк прыйшла да таго, каб з саломы вербы рабіць.

У сценах ДК — надзвычай актуальная ў перадвелікодны час выстава-кірмаш “Вярба-вербачка”. Тут можна адшукаць вербы з розных матэрыялаў, з рознай аздобай, часам вельмі густоўныя і вынаходлівыя. Шмат у якіх выкарыстаны такі не надта традыцыйны ў гэтай справе матэрыял, як салома.

— Яны маюць нязменны попыт, хаця і значна даражэйшыя за тыя, што можна прыдбаць на рынку, — кажа майстрыха. — Магчыма, спрацоўвае асацыяцыя, што Ісус нарадзіўся ў яслях, дзе сена і салома… Зноў жа, жыта як сімвал багацця. Салома зіхаціць як золата! А ромбікі, якія мы скарыстоўваем у аздобе вярбы, ўзятыя з так званага “павука”, які фактычна з’яўляецца сімвалічнай мадэллю Космасу.

Спадарыня Ірына — каталічка (“Сёння з сям’ёй ў касцёл пойдзем”, — неяк прамовіла яна). Аднак вербы, створаныя яе ўмелымі рукамі, свецяць не толькі ў касцёле, але і ў царкве. Пакупнікі на кірмашы маюць розную канфесійную прыналежнасць. А мясцовых работнікаў культуры можна павіншаваць з тым, што яны вынайшлі сапраўды густоўны і арыгінальны спосаб папаўнення грашыма сваёй скарбонкі. Паболей бы ў нас такога!

Яйкі — ужо пасля

Наступны наш суразмоўца — Кацярына Савіцкая. Яна па адукацыі настаўнік. У свой час яе запрасілі на працу ў райвыканкам, дзе цяпер і працуе.

— Наш горад у пэўнай ступені можна лічыць люстэркам рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі, — лічыць яна. — Тут да веры і веравызвання ставяцца сур’ёзна. У Іўі прадстаўлены асноўныя канфесіі нашай краіны, прычым на малой тэрыторыі, у прасторы, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць.

Сама спадарыня Кацярына — праваслаўная. Бярэ чынны ўдзел у жыцці прыхода:

— Мы не проста традыцый прытрымліваемся, але імкнёмся глыбока верыць ды жыць паводле Евангелля. Цяпер вось — Вялікі пост, вельмі важны для хрысціяніна час. Перад святам Уваскрэсення трэба не толькі хату прыбраць, але і думкі да ладу прывесці. Зразумела, пойдзем усёй сям’ёй на Усяночную ў Вялікую суботу. Будзем і яйкі свяціць пасля.

Шырокі распаўсюд мае меркаванне, што сутнасць журналісцкай працы ў тым, каб натрэніраваным вокам вылучыць сенсацыі з інфармацыйнага смецця і ў адаптаваным выглядзе прадставіць прагнай на цікавосткі грамадзе. Як на маю думку, гэта не зусім так. У сусветнай гісторыі, уключна з нашай рэчаіснасцю, ёсць толькі адна сенсацыя. Надарылася яна недзе дзве тысячы гадоў таму, даволі далёка ад нашай зямлі і доўжыцца дагэтуль.

Тады на ўскрайку Рымскай імперыі з’явіўся Той, хто прапанаваў грамадзе абсалютна фантастычную (нават сёння) ідэю: “Давайце жыць дружна!” Што было потым — чытайце ў Бібліі. Як паказвае гісторыя, чалавецтва прыняла згаданы тэзіс даволі скептычна, нават агрэсіўна. Але з таго часу сям-там несупынна з’яўляюцца асяродкі, дзе тыя словы знаходзяць удзячную аўдыторыю. Днямі я і мой калега фотажурналіст Сяргей Ждановіч такі асяродак наведалі. Рэспубліка Беларусь, Гродзенская вобласць, Іўе.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"