Сюжэты аднаго палявання

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

Пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута (сённяшні Віцебскі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя П.Машэрава) Іван Будзіч займаўся графікай. Але неўзабаве знайшоў сваё прызванне ў стварэнні “драўляных” карцін. Скрупулёзная праца ножыкам цягам некалькіх месяцаў над адзіным масівам — і атрымліваецца шматпланавы сюжэтны барэльеф.

 /i/content/pi/cult/165/1508/Sjuzhety.jpg

І.Будзіч. “Паляванне на ваўкоў”.

Творы амаль не затрымліваюцца ў аўтара — адразу выкарыстоўваюцца для аздаблення інтэр’ераў паляўнічых дамкоў, сядзіб і трапляюць у шматлікія калекцыі. Таму не прапусціце унікальную магчымасць на свае вочы пабачыць персанальную выстаўку лепельскага майстра мастацкай разьбы па дрэве ў галерэі “Імкненне да гармоніі”, што месціцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры і спорту.
Культуралагічны праект з аднайменнай назвай існуе ва універсітэце з 2001 года. Мэта — далучэнне людзей спорту да мастацтва. Паглядзець творы Івана Будзіча прыходзяць студэнты з усіх факультэтаў. І амаль кожны на пытанне пра першае ўражанне ўсклікае: “Якая дасканаласць!” Уражваюць не толькі памеры работ, але і ўважлівае стаўленне скульптара да кожнай дэталі.
Асноўнай тэмай выстаўкі стала паляванне. Карціны распавядаюць пра выезды на дзікоў, ваўкоў, мядзведзяў. Нават адзін насценны гадзіннік Іван Мікалаевіч аздобіў дубальтоўкамі і парахавымі капшукамі, над якімі такуюць цецерукі, а другі — совамі-паляўнічымі ў адпаведным абмундзіраванні.
— Я пазнаёмілася з Іванам Мікалаевічам, калі прыйшла працаваць педагогам у школу вёскі Камень Віцебскага раёна, дзе ён быў на той час настаўнікам працоўнага выхавання і малюнка, — распавяла дырэктар галерэі, начальнік аддзела выхаваўчай работы універсітэта Святлана Васіленка. — У школе адкрыўся яшчэ адзін талент майстра — педагагічны: дзеці ішлі да яго па поклічы сэрца. Колькім дзяўчынкам і хлопчыкам ён даў дарогу ў жыццё! Калі пабачылі, як пад разцом настаўніка атрымліваецца такая прыгажосць, малыя пачалі прыбягаць увечары на заняткі. Яго цеплыні і дабрыні хапала на кожнага.
Я нават не магу сказаць, у якой з іпастасей Будзіч больш дасведчаны — разьбяра ці педагога. Цяпер Іван Мікалаевіч працуе ў Лепельскай дзіцячай школе мастацтваў і многія з яго навучэнцаў, натхнёныя выдатным майстрам, працягваюць на прафесійным узроўні займацца жывапісам і разьбой. 

Людміла МАКОЎСКАЯ