Маэстра “сэканд хэнд” не стварае

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

У Маладзечне — дзве тэатральныя прэм’еры, якія выйшлі адна за другой і выклікалі рэзананс сярод крытыкаў і журналістаў. А ўсё таму, што ў тамтэйшым Мінскім абласным драматычным тэатры з’явіўся надзвычай актыўны, творча “бурлівы” мастацкі кіраўнік — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валерый Анісенка. Ён прымерыў на сябе ролю дырыжора ў аднайменным монаспектаклі па п’есе Лявона Агулянскага, а трупу вывеў на “Час сэканд-хэнд” паводле кнігі Святланы Алексіевіч. Абедзве працы прыдатныя для фестывальных паказаў.

/i/content/pi/cult/685/15070/9.JPG“Дырыжор” прысвечаны асобе знакамітага маэстра Мішы Каца, які, між іншым, пэўны час працаваў у Мінску. У красавіку гэты спектакль прыме ўдзел у фестывалі “Смаленскі каўчэг”. А ў новым сезоне плануецца да паказу ў сталічнай філармоніі ў час “Беларускай музычнай восені”. Другое ж аддзяленне той вечарыны складзе скарыстаная ў п’есе “Кармэн-сюіта” Жоржа Бізэ — Радзівона Шчадрына ў жывым выкананні аркестра пад кіраўніцтвам Мішы Каца. Такі папраўдзе “міждысцыплінарны” падыход можа прыцягнуць у залу новую публіку, якая адкрые для сябе іншы від мастацтва: тэатралы больш глыбока зацікавяцца яшчэ і музыкай, а прыхільнікі музычнай класікі — тэатрам, у тым ліку за-за межаў МКАД. На тую ўрачыстасць прыедзе і аўтар п’есы Лявон Агулянскі, які жыве ў Ізраілі. Так што зварот да згаданага драматургічнага матэрыяла ўжо сам па сабе — бліскучая ідэя, увасабленне якой будзе набіраць усё новыя абароты, уключаючы гастролі ў Ізраілі і Францыі.

Але ўжо цяпер гэты спектакль здольны яшчэ больш згуртаваць вакол драматычнага тэатра найперш інтэлектуальную эліту горада, прыцягнуць у тэатральную залу выкладчыкаў і навучэнцаў музычнага каледжа (дырэктар гэтай славутай навучальнай установы і кіраўнік знакамітага студэнцкага аркестра Рыгор Сарока выступіў кансультантам спектакля, даючы Валерыю Анісенку ўласна дырыжорскія парады ў галіне мануальнай тэхнікі).

Наступнай прэм’ерай маладзечанцаў, якая адбылася літаральна праз пару тыдняў пасля першай, стаў “Час сэканд-хэнд”. Ён не мае нічога агульнага з аднайменным спектаклем Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, пастаўленым Уладзімірам Пятровічам і неаднаразова паказаным у Мінску. Той быў разлічаны на двух артыстаў, якія ў давяральнай атмасферы камернай сцэны выходзілі да гледачоў з працяглымі маналогамі, боль якіх працінаў наскрозь, здымаючы з душы не толькі панцыр, але і скуру.

Анісенка ж звяртаецца да іншых фрагментаў кнігі, задзейнічае ў спектаклі большую частку трупы. І праз такі шматаблічны зрэз натоўпу, дзе ў кожнага — свая праўда, стварае неадназначны, складзены з супрацьлеглых меркаванняў партрэт савецкай эпохі. У ім пераважаюць успаміны пра пасляваенныя часы, брэжнеўскі “застой” — тое, што памятаюць многія гледачы, узбагачаючы сваё асэнсаванне ўбачанага ўласнымі карцінкамі мінулага.

Адпаведна абрана і форма падачы матэрыялу: замест спалучэння маналагічных сцэн рэжысёр звяртаецца да ўлюбёнага ў савецкія часы жанру літмантажу, дзе наступны “прамоўца” падхоплівае папярэдняга — у той самай ці іншай танальнасці. Калі пры гэтым асобныя акцэнты ці ўся сістэма каардынат змяняецца, узнікае падабенства дыскусіі, на што і разлічваў рэжысёр. У той самы момант, калі раптам здаецца, што спектакль усё ж займае пазіцыю падтрымкі савецкага ладу, гучыць фінальная песня, якая разбурае толькі што ўзніклае адчуванне, замяняючы яго шматкроп’ем, разлічаным на глядацкую рэакцыю.

/i/content/pi/cult/685/15070/10.JPGА тая не заканчваецца апладысментамі, а пераследуе публіку яшчэ доўга, вымушаючы зноў і зноў вяртацца да ўбачанага, пачутага, згаданага. Гэтае сутыкненне думак, што не выліваецца ў адкрыты “вогненебяспечны” канфлікт, а падштурхоўвае да далейшых асэнсаванняў, і ёсць самае важнае ў спектаклі. “Гісторыя не мае ўмоўнага ладу…” — гаворыцца ў эпіграфе, надрукаваным у праграмцы. Але яе трэба ведаць, каб не паўтараць ранейшыя памылкі.

Заўважым, што пры такім напластаванні тэкстаў спектакль не ператвараецца адно ў іх “чытку”. У ім вынаходліва вырашаны відэашэраг, які складаецца і з дакументальных кінапраекцый, і з металічных канструкцый, здольных ператварацца ў што заўгодна: ад назіральнай вышкі ў сталінскім лагеры ці трыбуны — да барыкадаў у Маскве 1991-га ці, наадварот, атрыбута святочных савецкіх дэманстрацый. А чыстыя белыя нарыхтоўкі партрэтаў-плакатаў, што калісьці неслі ў час такіх шэсцяў, раптам асацыююцца з вокнамі ў свет. Ці проста з чыстымі аркушамі паперы, на якой можна “пачаць усё з пачатку”.

Артысты працуюць у добрай ансамблевай звязцы, засвойваюць не толькі сцэнічную прастору, але і глядзельную залу, дадаючы спектаклю элемент інтэрактыву, робяць выкшталцоныя гімнастычныя элементы, без якіх цяжка ўявіць сталінскую эпоху, часам спяваюць (праўда, вакал патрабуе працягу рэпетыцый).

Відавочна, што гэтымі дзвюма працамі тэатр выходзіць да новых даляглядаў. І ўжо плануе наступныя, не менш амбіцыйныя праекты — да прыкладу, чэхаўскага “Дзядзьку Ваню” сыграць на свежым паветры, у гарадскім парку. Цудоўна, што кіраўніцтва калектыву ў асобе яго дырэктара Юрыя Крывенькага падтрымлівае творчыя пачынанні ды яднае вакол тэатра ўсіх зацікаўленых у яго росквіце.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"