Энцыклапедыя святаў і будняў

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

У мастацкім музеі — філіяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, што размешчаны ў Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, прайшла прэзентацыя альбома-манаграфіі “Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка”.

 /i/content/pi/cult/165/1507/Encyklapedyja.jpg
Так склалася, што многія кніжныя праекты Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва” зарыентаваны на рэгіёны. І на Берасцейшчыну — перш-наперш. Усё натуральна: у рэгіёнах віруе жыццё, ды і цікавых асоб у правінцыі жыве не меней, чым у сталіцы. З нядаўніх здабыткаў, рэалізаваных сумесна з мясцовымі ўладамі і культасветнікамі — альбом-манаграфія “Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка”. Шыкоўная кніга прадстаўляе творчасць разьбяра па дрэве, які жыве ў вёсцы Стойлы Пружанскага раёна, пра што “К” неаднаразова пісала.
Паселішча, здавалася б, знаходзіцца ўдалечыні ад галоўных транспартных артэрый, але сюды, у вёску, дзе жыве адзін толькі Мікалай Васільевіч, едуць берасцейцы і турысты-замежнікі, прыходзяць школьнікі і дарослыя. У Стойлах, на сядзібе народнага майстра, — музей “Успаміны Бацькаўшчыны”. У яго сценах — выразаныя з дрэва кампазіцыі пра сялянскі побыт, пра спрадвечны асяродак жыцця простых вясковых людзей. Пазіраеш на фігуркі, што паяднаннем сваім ствараюць пэўнае дзейства, і ўслед за майстрам выпраўляешся ў вандроўку па святах і буднях, смяешся і маркоцішся, захапляешся і абураешся…
Філасофія майстра, за плячыма якога адно толькі жыццё ў роднай вёсачцы і адукацыя ў чатыры класы, — у ягоных работах, што захоўваюць цяпло рук Тарасюка. Пра гэта і вялі размову на прэзентацыі альбома аўтар тэксту, мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская, загадчык аддзела абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко, намеснік начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Тамара Паўлюковіч, старшыня абласнога аддзялення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Уладзімір Чыквін.І
ніцыятыва гэтых рупліўцаў, падтрыманая Фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва і старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Канстанцінам Сумарам, дапамагла нарадзіцца унікальнай кнізе.
— Пабачыла свет нямала літаратуры пра народныя рамёствы, народных майстроў, — распавяла перад прэзентацыяй дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук. — Шмат пішуць пра таленавітых самародкаў у перыядычным друку. Сведчаннем таму і выстаўка, якую падрыхтавала да прэзентацыі Брэсцкая абласная бібліятэка імя Максіма Горкага. “Сялянскую энцыклапедыю” можна лічыць сапраўднай удачай кандыдата мастацтвазнаўства Вольгі Лабачэўскай, якая ўжо шмат гадоў сочыць за творчасцю Тарасюка. Таму, відавочна, і кніга атрымалася, што пісалася яна паступова, з веданнем справы і з пашанай да народнага мастацтва.
Прыхапкам, наскокам зробленае Тарасюком не зразумееш. У вобласці і ўвогуле ў краіне Тарасюк — майстар ацэнены, прызнаны. Некалькі гадоў таму Мікалай Васільевіч быў уганараваны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ёсць тэлевізійны фільм пра разьбяра. А цяпер вось — альбом-манаграфія… Прафесійныя, высокамастацкія фотаздымкі Георгія Ліхтаровіча дапамагаюць упершыню адкрываць для сябе пружанскага самародка, усвядоміць, якога маштабу сучаснік жыве сярод нас.
Прэзентацыя “Сялянскай энцыклапедыі…” стала адметнай падзеяй у культурным жыцці Брэста, дзякуючы дбанню супрацоўнікаў мастацкага музея. Размова пра выданне ішла ў зале, дзе былі выстаўлены работы Мікалая Васільевіча. Поруч з імі можна было адкрыць для сябе і творчасць яшчэ аднаго таленавітага разьбяра з Берасцейшчыны — жыхара Століншчыны Івана Супрунчыка. А годным фонам для знаёмства з плёнам працы народных майстроў служылі здабыткі прафесійных берасцейскіх мастакоў розных пакаленняў. 

Кастусь ЛАДУЦЬКА
На здымку: Мікалай Тарасюк (у цэнтры)
з удзельнікамі прэзентацыі.
Фота Ларысы БЫЦКО