На маршрутах — бібліяровар!

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

У рэдакцыі іншым разам мяне абвінавачваюць у непрыхаванай любові да культуры Рагачоўскага раёна. Маўляў, ці можна такім адналюбам заставацца? Заўжды адказваю: не толькі можна, але і неабходна. Я ж раён не за блакітныя вочы тамтэйшых дзяўчат вылучаю (хоць і гэта, згодны, прычына важкая), а за актыўную дзейнасць — у тым ліку, і па атрыманні еўрасаюзаўскіх грантаў. Уявіце, Рагачоўшчына, якая ўдалечыні ад межаў Шэнгена, навастрылася аргументавана пераконваць іншаземцаў-партнёраў у важкасці ўласных праектаў! Па словах мясцовага начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Міхаіла Зайцава, такіх праектаў — ужо больш за два дзясяткі, і агульная сума іх фінансавання з Еўрасаюзу дасягае недзе 550 тысяч еўра. Між тым, я бываў у раёнах, дзе пра такую магчымасць хоць і чулі, аднак прадметна пытаннем яшчэ нават і не займаліся.

/i/content/pi/cult/685/15069/8.JPGЦяпер у Рагачове чакаюць выплаты першага траншу (каля 30 тысяч еўра) на развіццё тутэйшага рамесніцтва. “Гэта ўкраінска-беларускі праект, дзе мы выступаем у ролі партнёра, — тлумачыць Міхаіл Зайцаў. — А грошы будуць выкарыстаны для ўмацавання матэрыяльнай базы Цэнтра народных рамёстваў у Стрэньках. Плануецца прыдбаць лазерныя станкі для мастацкай апрацоўкі керамікі, шапікі і стэнды для арганізацыі мабільных выстаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

На электронную пошту “К” прыйшоў водгук Уладзіміра Самуйлава на мой артыкул “А выніковасць краязнаўства?”, апублікаваны ў №11 нашай газеты. Нагадаю, што гаворка ў ім ішла пра культуру Уздзеншчыны, а ў прыватнасці — пра аднаўленне сядзібы Наркевіча-Ёдкі, ініцыяванае гэтым беларускім фізікам, які жыве і выкладае ў Амерыцы. Вось што ён піша: “Шчыра ўдзячны за расповед пра маю дзейнасць па адраджэнні сядзібы Наднёман. Жадаю газеце поспехаў у выскароднай справе культурнай асветы грамадзян Беларусі”. Нас і ў Амерыцы чытаюць!

На чарзе — інфармацыі з Шаркаўшчыны. Кіраўнік мясцовага цэнтра рамёстваў Вікторыя Дубоўская распавядае пра інсітнага мастака з Мёраў Таццяну Дубніцкую, якая працуе загадчыкам гаспадаркі адной з тамтэйшых школ. Цікава, што ў Мёрах на талент жанчыны пакуль не звярнулі ўвагі, а вось даследчыкі з Шаркаўшчынскага раёна арганізавалі яе персанальную выставу. Актыўнасць — ухвальная. А гэтымі днямі ў цэнтры рамёстваў працуе новая экспазіцыя. Тут сабраны работы ўсіх 34 рамеснікаў раёна: ганчарства, вышыўка, ткацтва…

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама Людміла Стома распавяла, як у райцэнтры прайшла Гадзіна Зямлі. Гэтая міжнародная акцыя, як вядома, прысвечана эканоміі электраэнергіі. У трэндзе аказаўся і РДК: 24 сакавіка з 20.30 да 21.30 танцы тут ладзіліся выключна пры свячах і пад баян.

Нізка інфармацый прысвечана 75-годдзю трагедыі Хатыні. Літаратурна-музычныя кампазіцыі, гадзіны ды ўрокі памяці прайшлі ў Квасоўскай, Свіслацкай, Азёрскай, Верцялішкаўскай, Раціцкай, Парэцкай сельскіх бібліятэках, Сапоцкінскай гарпасялковай і ў Скідзельскай гарадской бібліятэцы сямейнага чытання. Пра гэта паведаміла галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык.

Аналагічныя мерапрыемствы, як піша супрацоўнік сельскай бібліятэкі аграгарадка Баруны (Ашмяншчына) Наталля Станулевіч, адбыліся і ў названай вёсцы.

Згадалі Хатынь і на Бярэзіншчыне. Мясцовыя работнікі культуры правялі рэквіем-акцыі ў аграгарадках Брадзец і Паплавы.

У палацы культуры Ліды арганізавалі відэапаказ “У цэнтры падзей — Хатынь”. Выступалі салісты народнага ансамбля скрыпічнай музыкі “Славяначка”. Канцэртную праграму прэзентаваў народны хор ветэранаў.

Выключна важная, як мне падаецца, і брэндавая навіна: Скідзельская гарадская бібліятэка сямейнага чытання набыла бібліяровар. Ініцыятыва належыць начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама Наталлі Рамановіч. У чарговы раз схіляю перад вамі галаву, Наталля Іосіфаўна! Бібліяровар, куплены за бюджэтгыя грошы, мае тры колы і зручныя багажныя кошыкі для кніжных навінак. Адкрыю сакрэт, што на гэтым трыцыкле паспела пракаціцца ў ахвотку літаральна ўсё начальства раёна!

Цяпер на вуліцах Скідзеля роварам кіруюць па чарзе бібліятэкары: рэкламуюць чытанне, абслугоўваюць на даму пенсіянераў і інвалідаў, удзельнічаюць ва ўсіх раённых святах — у тым ліку, вядома, і на Аўгустоўскім канале. Пра гэта нам напісала начальнік інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Святлана Робак.

Пра штогадовы тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі распавёў метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Віталь Рубанаў. Сёлетнія мерапрыемствы ў раёне супалі з веснавымі школьнымі вакацыямі і доўжыліся ўвесь сакавік.

Лепшых чытачоў мінулага года назвала сельская бібліятэка аграгарадка Гальшаны (Ашмянскі раён). У іх ліку — Вераніка Лаўрыновіч, Ягор Калейнік, Дар’я Загорская, Ангеліна Ляўкоўская, Паліна Гарадзей, Дзяніс Шыдлоўскі.

У выставачнай зале Ганцавіцкага дома рамёстваў працуе персанальная выстава ганчара, сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Віталя Шапялевіча. Экспазіцыя (больш за сотню прадметаў чорназадымленай, малачонай, гартаванай або абварной, глазураванай керамікі) мае красамоўную назву “Сімфонія зямлі і полымя”. Інфармацыю даслала малодшы навуковы супрацоўнік установы Наталля Білімава.

Бібліятэкі Гродзенскага раёна правялі тыдзень краязнаўства “Малой радзімы светлае імя”. Гаворка ішла пра экалогію, гісторыю і архітэктуру роднага краю.

Гадавы справаздачны канцэрт педагогаў і выхаванцаў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі, пераўтварыўся, як і заўжды, у гарадское свята. Праграма, кажуць сведкі, была скампанавана прафесійна. Яна красамоўна прадэманстравала, на што здольная самадзейная мастацкая творчасць.

Культуролаг Палаца культуры Ліды Наталля Ячмаева распавядае: “Прайшоў XVIII адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс дзіцячай вакальна-эстраднай творчасці “Зорны дождж”. Праект даўно стаў брэндавым. Яго фіналісты і дыпламанты з’яўляюцца ўдзельнікамі тэлешоу “Голас” (Расія), салістамі заслужаных аматарскіх і прафесійных калектываў Беларусі, лаўрэатамі міжнародных фестываляў ды конкурсаў. Сёлета сцэнічнае майстэрства дэманстравалі спевакі не толькі з Ліды, але і з Мастоў, Навагрудка, Слоніма, Баранавічаў, Дзятлава, Смаргоні”.

Акцыю “Браслаўскія аграгарадкі чытаюць паэтычныя радкі” правялі ўстановы цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна. У публічных установах 11 аграгарадкоў гучалі вершы шырокавядомых і мясцовых аўтараў. Пра гэта напісала дырэктар ЦБС Браслаўскага раёна Вольга Ляснеўская.

Андрэй Струнчанка паведамляе. У Віцебскай абласной бібліятэцы працуе выстава, прысвечаная 80-годдзю стварэнню Віцебскай вобласці. Тут прадстаўлены ўсе гербы і сімвалы яе рэгіёнаў.

Пра І адкрыты фестываль канцэртмайстарскага майстэрства імя Валерыя Савіна піша Наталля Кардашова. Ладзіўся ён у Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя Міхаіла Глінкі. А названы ў гонар выдатнага канцэртмайстра і педагога, дзейнасць якога больш за 30 гадоў спрыяла развіццю музычнага мастацтва нашай краіны. У конкурсе бралі ўдзел 19 юных канцэртмайстраў з дзіцячых школ мастацтваў Мінска, Жодзіна, Гродна. Лаўрэатамі І ступені сталі Юльяна Пінчук, Юлія Касякова, Вераніка Радзівілава, Лідзія Нарыжнова — усе з мінскіх ДШМ.

Вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна распавядае, што зводны ансамбль барабаншчыц вобласці (400 удзельніц!) прыняты ў Сусветную арганізацыю мажарэт-спорту MWF. У яе складзе — 15 краін свету.

Пад іх урачысты барабанны дроб мы і завершым гэты парад дасягненняў нашай культуры. Чакаем на новыя падзеі. І не забывайцеся нам пра іх паведамляць!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"