Кастынг рабіць не даводзіцца
Сельскі дом культуры Святлана Клімовіч ўзначальвае чацвёрты год (усяго ў гэтай сферы яе стаж складае амаль 19 гадоў). Марыла яна некалі аб прафесіі настаўніка, але… не склалася. І тут ёй паступіла прапанова заняць вакантную пасаду акампаніятара ў “агмені культуры” роднай вёскі — ад яе свякрухі Ніны Дзмітрыеўны, якая доўгі час кіравала СДК. Але заняць з умовай, што адмысловую адукацыю Святлана Анатольеўна атрымаць павінна абавязкова. І тую ўмову яна выканала, скончыўшы Магілёўскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў (цяпер каледж), а затым і БДУКіМ. І ў выніку зразумела, што ў культуры яна аказалася невыпадкова.
Пра сямейнасць — у негатыўным значэнні гэтага слова — тут наўрад ці выпадае казаць. Яшчэ будучы зусім дзяўчынкай, пасля пераезду з бацькамі ў Новіны з Магілёўшчыны, Света практычна штодня бегала ў ДК, спявала там народныя песні і народныя ж танцы танцавала. З часам таленты яе адзначылі, і яна стала не проста ўдзельнічаць у разнастайных мерапрыемствах, але і арганізоўваць іх.
— Ой, як весела ў Доме культуры было яшчэ гады чатыры таму! — усплёсквае рукамі дырэктар. — Ды і цяпер атмасфера ў нас здаровая, але... пазачынялі шмат чаго ў Новінах, ёсць адток людзей з яе. А хочацца ж, каб іх у ДК як найболей прыходзіла! Мы як можам прыцягваем іх — і на мерапрыемствы, і ў гурткі. А замест некалі паўнавартаснай бібліятэкі пры ўстанове дзейнічае бібліятэчны пункт, хай і маленькі.
У сваёй гурткоўскай дзейнасці Святлане Анатольеўне даводзіцца працаваць з тым “матэрыялам”, які ёсць — напрыклад, з мясцовай дзятвой. Хтосьці, можа, у спеве не дацягвае, хтосьці лянуецца, а хтосьці ледзь не з-пад палкі на заняткі прыходзіць. Спадарыні Клімовіч ладзіць кастынг не выпадае. Аднак такія “нязручнасці” ёй нават у радасць, — калі, насуперак браку здольнасцяў ды імпэту, з гультая пачынае вырастаць неардынарны самадзейны артыст, яна радуецца асабліва. Тым болей, і артысту ўласныя поспехі прыносяць задавальненне.
— Галоўны ўхіл мы робім на традыцыйную культуру, — тлумачыць спадарыня Клімовіч. — У ДК працуюць шэсць фарміраванняў. Наш народны сямейна-абрадавы калектыў “Радзiма” і фальклорны дзіцячы “Валошкi” ведаюць па ўсёй краіне! Работы юных майстроў з клубнага аб’яднання “Умеліца” — скажам, лялькі, выкананыя ў нацыянальным стылі — выстаўляюцца на шматлікіх фестывалях, лакальных і маштабных. Былі нават на “Славянскім базары ў Віцебску” і “Александрыя збірае сяброў”. Наогул, мы шмат куды выязджаем — з канцэртамі або на тыя ж выставы.
Без “свайго” ў горадзе пуста
Фірмовай iмпрэзай ДК Святлана Анатольеўна называе этна-вечарыны, якія носяць не толькі забаўляльны, але і адукацыйны характар. Адпаведныя танцы і песні наведвальнікам не проста дэманструюцца — ахвотныя могуць атрымаць першыя ўрокі па іх засваенні і выкананні. У дадатак, распавядаюцца старадаўнія гісторыі і легенды, звязаныя з імі. Танцоры і спевакі, натуральна, апранаюцца ў народныя строі.
І гэта, вядома, проста цудоўна. Аднак дзеткам-гурткоўцам хочацца і сучаснага — скажам, заняткаў вакалам таксама і эстрадным. Хочацца навучыцца нейкім ультрамодным танцам. Але… хто іх тут гэтаму навучыць?
— Усё роўна ў ДК цікава, — уступае ў гутарку Яна, сярэдняя дачка спадарыні Клімовіч (усяго ў яе тры “прынцэсы”). — Школа — дом, дом — школа, смартфон — інтэрнэт, інтэрнэт — смартфон... Надакучвае ж. А ў Доме культуры я сустракаюся са сваімі сяброўкамі зусім у іншай атмасферы — з песнямі, з танцамі. У шашкі можна пагуляць, у настольны тэніс — нам нядаўна купілі стол для яго.
З іншых “набыткаў” ДК — не так даўно перакрыты дах, падрамантаванае фае, новыя цёплыя вокны, а наперадзе — неабходная “рэстаўрацыя” фасада. Але я адхіліўся ад тэмы.
— Часам стаўлю сябе на месца падлеткаў з вялікіх гарадоў, — працягвае Яна. — Яны могуць і ў парк забаў схадзіць, і ў кіно, і ў цырк, і на канцэрт якога-небудзь вядомага артыста, і ў музей — паглядзець карціны знакамітых мастакоў. А што ў нас? Ці зайздрошчу я такім сваім аднагодкам? І так, і не. У іх, вядома, больш магчымасцяў для таго, каб культурна развівацца, але затое мы ў Новінах жывем сярод самай-самай беларускай культуры. Я... Не ведаю, як правільна сказаць... Гэта маё, разумееце? Пасля таго, як яе спасцігнула, мне было б пуста без яе ў горадзе.
Шлях дадому
Дзіўныя людзі ў Новінах, вы згодныя? А вось вам яшчэ адна сустрэча. У крытыкі існых у вёсцы “культурных парадкаў” мною быў узяты Максім Бубен, які пагадзіўся ім стаць, але сфатаграфавацца наадрэз адмовіўся. Жыве ён у гэтай тыповай беларускай вёсцы ўсё сваё жыццё — 27 гадоў. Працуе “техником-осеменатором” у сферы жывёлагадоўлі. Валодае настаяным на мясцовых рэаліях спецыфічным пачуццём гумару — мабыць, прафесія таму спрыяе.
— Па-мойму, Новіны налічваюць чалавек трыста. Жывуць яны “вясёла”, задавальняючыся малым. Дзіцячы садок, школу, бібліятэку і пошту ў вёсцы ў свой час прыкрылі — хоць я б не сказаў, што лік яе жыхароў ва ўзросце значна перавышае маладое пакаленне. У адваротным выпадку было б зразумела — неперспектыўна, а калі так, дык сёе-тое трэба ліквідаваць, і хай людзі адвозяць дзяцей у іншыя вёскі, у іх жа бяруць сабе што-небудзь пачытаць, ну і пенсію там атрымліваюць.
Тутэйшым культурным жыццём ён не тое каб задаволены. Ён… проста існуе ў iм, зыходзячы з прапанаваных абставін. Зрэшты, вось вам яго меркаванні на гэтую тэму.
Каментарый Максіма БУБЕНА:
— Калі я быў маладзейшы, выступаў у розных калектывах нашага адзінага агменя культуры. Цяпер хаджу ў яго як глядач на ўсе мерапрыемствы. На дыскатэку — растрэсці мазгі і цела, бо стамляешся на працы: не такая яна і простая, як з боку здаецца староннім. Абавязкова гляджу абрад “Цягнуць Каляду на дуба”, які работнікі Дома праводзяць у студзені на ўскраіне вёскі — у нас там расце шыкоўнае дрэва, што ўражвае сваёй веліччу. Між іншым, абрад гэты ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Што б я параіў змяніць у працы ДК? Ды толькі адно — выжываць і ні ў якім разе не здавацца. Барані Бог, і яго надумаюць скарачаць — станем тады на абарону ўсёй вёскай! Ведаеце, вось па тэлевізары кажуць — п’янства, п’янства, п’янства… А адкуль яно ў вёсках бярэцца? Калі квітнець пачынае? Ды менавіта тады, калі і знікаюць бібліятэкі і клубы...
І тады (гэта ўжо я дадам ад сябе), калі з вёсак выязджаюць такія, як Яна. Хутчэй за ўсё, і яна калі-небудзь, пасталеўшы, пакіне малую радзіму. Ці вернецца назад? Ці будзе куды і дзеля чаго вяртацца з ужо здабытым жыццёвым багажом? Час пакажа. І абставіны. Але хочацца верыць у лепшае, у правільнае.
Мінск — вёска Новіны Бярэзінскага раёна — Мінск / Фота аўтара