А вы рыхтуецеся да “Берагіні”?

№ 13 (1347) 31.03.2018 - 07.04.2018 г

Яшчэ раз пра складнік нацыянальнай ідэалогіі
У напісанні матэрыялаў, якія адлюстроўваюць праблемныя аспекты фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, я ўжо меркаваў сцішыцца. Бракуе часу, ды і вынікаў — кот наплакаў. Што ж, а некалі па артыкулах у рэспубліканскіх СМІ прымаліся рашэнні ў кабінетах… Але ж чарговая “Берагіня” ўжо на парозе — 20 — 24 чэрвеня. А час бяжыць шпарка. Чакаць, калі “на гары рак свісне” — не надаецца. Таму адважыўся зноў панадакучваць работнікам культуры з розных куткоў Беларусі адносна падрыхтоўкі да значнай для ўсёй краіны падзеі. Можа, кагосьці з шаноўных чытачоў “К” (пастаяннага і асноўнага інфармацыйнага спонсара “Берагіні”) гэты мой артыкул матывуе на канкрэтныя захады альбо зберажэ ад памылак. А каб так яно здарылася, варта заўсёды памятаць пра самае галоўнае — унікальную місію нашага фестывалю.

/i/content/pi/cult/685/15065/3.JPGПадзабытая народная педагогіка

Адна з інавацый “Берагіні” — Турнір дзіцяча-маладзёжных фальклорных калектываў “З рога ўсяго многа”. У першыя гады рэалізацыі (1996 — 1998) гэты аўтарскі праект меў шмат нараканняў ад кіраўнікоў калектываў ды метадычных службаў. У чым іх сутнасць? “Незадаволеныя” на пачатку цяжка ўспрымалі ідэю сінкрэтычнасці фальклору. Выхаваныя ў сваіх навучальных установах, яны асвоілі стыль так званага другаснага мастацтва — “народна-сцэнічную творчасць”. Бо аўтэнтычны фальклор у шырокім сэнсе комплексна не выкладаўся.

Тая няўпэўненасць ва ўспрыманні прапанаваных намі падчас “Берагіні” інавацый дзівіла яшчэ па іншай прычыне. Насамрэч, у аснове “новага” ляжалі ўсяго толькі прынцыпы беларускай народнай педагогікі! Раней дзіця без прымусу пры дапамозе дарослых авалодвала ўсім комплексам традыцыйных ведаў у народным побыце, у чалавечых стасунках, умельствах, духоўнай культуры. Акрамя працоўных навыкаў, падлеткі без асаблівай напругі засвойвалі мастацкія формы быту, удзельнічалі ва ўсіх каляндарных і сямейна-родавых абрадах, у якіх цанілася і мастацтва спеваў, танцаў, гульняў, і ігра на музычных народных інструментах. У пашане былі і апавядальныя здольнасці чалавека. З асаблівай павагай у вясковай грамадзе ставіліся да майстэрства вырабу і мастацтва нашэння народных строяў.

І што мы маем сёння? На жаль, беларускую традыцыйную народную харэаграфію не вывучаюць (за рэдкім выключэннем) у адукацыйных установах пачатковага, сярэдняга і вышэйшага ўзроўню. Не ў пашане яна нават на кафедры харэаграфічнага мастацтва ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Таму натуральна, што ў рэпертуар народна-сцэнічных калектываў трапляюць узоры пераважна небеларускага паходжання. А тое, што называецца беларускім, не заўсёды адпавядае дэклараванай сутнасці.

На маю думку, праблема беларускай народна-сцэнічнай харэаграфіі — асобная тэма, якая, разам з традыцыйным фальклорным мастацтвам ды этнавыхаваннем беларусаў, патрабуе сёння разгляду ў высокіх інстанцыях!

/i/content/pi/cult/685/15065/2.JPGЦі ўсе прыслухаюцца да рэзалюцыі?

Добрай традыцыяй стала правядзенне напрыканцы кожнай “Берагіні” “круглых сталоў” з абмеркаваннем шырокага спектра пытанняў па фестывальнай праблематыцы. На апошнім з іх (чэрвень 2016 года) мы гутарылі пра падрыхтоўку да дзясятага фестывалю. У выніку была прынятая рэзалюцыя, зацверджаная потым Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Яе накіравалі ва ўсе ўпраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.

У ёй прапанавана ўсім зацікаўленым у працэсе падрыхтоўкі да “Берагіні” правесці рознага ўзроўню мерапрыемствы, скіраваныя на выяўленне, аднаўленне, трансляцыю і распаўсюджванне народнай культуры ва ўсіх яе традыцыйных праявах (харэаграфія, спеўнае і музычна-інструментальнае мастацтва, проза, умельствы і іншае).

Рэкамендавана скіраваць намаганні дзяржаўных структур сістэмы культуры і адукацыі, а таксама грамадскіх аб’яднанняў, на даследаванне, вывучэнне і абагульненне аўтэнтычных мастацкіх традыцый свайго краю. Вось у гэтым сістэмным, шматузроўневым, рознажанравым і шматузроставым ахопе жыхароў краіны (найперш дзятвы і моладзі) — і ёсць квінтэсэнцыя фестывальнай “Берагіні”!

На сённяшні час толькі ёй уласцівы сінкрэтызм — злітны, адначасовы, паралельны працэс засваення лакальных здабыткаў шляхам вуснага пераймання і іх творчае адлюстраванне ў мностве формаў і варыянтаў. Гэта яшчэ адна адметнасць беларускага эксклюзіву — нацыянальнага фестывальнага фальклорнага руху “Берагіня” (менавіта так акрэслілі гэтую з’яву знаныя навукоўцы ды практыкі з Беларусі і замежных краін).

Услед за рэзалюцыяй падрыхтаваны і накіраваны ў рэгіёны Рэкамендацыі па рэалізацыі праекта “Берагіня-2018”, у якіх больш шырока і дэталёва выкладзены ўмовы ўдзелу ў ім. Хацелася б цяпер пра іх нагадаць. Бо, на жаль, як паказаў фестывальны досвед, інфармацыя да адрасата даходзіць з вялікім спазненнем ці “губляецца” ў мясцовых кабінетах.

Напярэдадні завяршальнага этапу фестывалю меліся адбыцца (і, хочацца верыць, яшчэ адбудуцца) раённыя, гарадскія, абласныя агляды, конкурсы, прэзентацыі, тэматычныя канцэрты, выставы, навукова-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя традыцыйнай народнай творчасці. Важны і такі аспект, як папулярызацыя здабыткаў народнай культуры ў друкаваных і электронных СМІ.

Па вялікім рахунку, яно так і павінна быць: паступовае ўключэнне беларусаў у сваю каранёвую культуру на аснове павагі да яе і разумення ейных законаў. Менавіта творчае пераасэнсаванне пераемнікамі лепшых здабыткаў дазваляе ім працягваць жыццё, набываючы ў наступных пакаленнях выканаўцаў самабытную шматгранную афарбоўку. У гэтым я і бачу сэнс фестывалю “Берагіня”.

Яшчэ раз засяроджу ўвагу зацікаўленых на тым, што фэст скіраваны на мясцовыя аўтэнтычныя традыцыйныя формы ў мностве іх мастацкіх праяў. І гэтага трэба няўхільна прытрымлівацца фальклорным калектывам і салістам падчас пошуку рэпертуару і фарміравання фестывальных праграм.

У асобна ўзятым раёне

Думаеце, гэта немагчыма? Каб запярэчыць, прывяду прыклад з уласнага жыцця. Пэўны час (на мяжы 1980 — 1990-х) я пражыў у Чачэрску. Працаваў у раённым цэнтры народных рамёстваў і фальклору, а таксама ў дзіцячай школе мастацтваў, на дабрачынных пачатках — са школьнымі і клубнымі калектывамі. Усё было падпарадкавана адной мэце — аднавіць з дзецьмі, моладдзю і старэйшым пакаленнем старадаўнюю харэаграфію ў комплексе: уласна танец, музыка, песня, прыпеўка, народны строй, звычай, абрад... І на базе Чачэрскага раёна давесці, што адраджэнне аўтэнтычнай народнай культуры магчыма паўсюдна.

У выніку, фальклорныя дзіцячыя і маладзёжныя калектывы Чачэршчыны склалі аснову рэспубліканскіх фестываляў “Беларуская полька”. І як ні дзіўна — усе ўдзельнікі тых ансамбляў на ўсіх фестывалях былі апрануты ў этнічныя строі са свайго рэгіёну. Вось такіх амаль “фантастычных” вынікаў можна дасягнуць пры зладжанай працы па аднаўленні гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Тым болей, у адным з “чарнобыльскіх” раёнаў. Варта адзначыць тут шчырую, сапраўдную зацікаўленасць выканаўчай улады, раённай культуры і адукацыі — ды, зрэшты, і ўсяго насельніцтва раёна.

Японцы, якія ў той час у натуральных умовах усебакова вывучалі на тэрыторыі Беларусі наступствы нападу “мірнага” атама на чалавека, грамадства, сістэматычна і актыўна дакументавалі на фота і відэа сюжэты самабытнага фестывалю традыцыйнай культуры. Пасля Чарнобыльскай трагедыі мне давялося часта наведваць пацярпелы ад яе рэгіён для даследавання яго культурнай спадчыны. У Чачэрскім раёне па шмат разоў сустракаўся з жыхарамі адных і тых жа вёсак (Бабічы, Нісімкавічы, Валосавічы, Бяляеўка, Залессе, Палессе, Бацьвінава, Мяркулавічы, Глыбочыца…), занатаваў шмат карагодных, танцавальных, музычна-інструментальных узораў, звычаяў.

На жаль, “Польцы” наканавана было адбыцца ўсяго чатыры разы (з невялікімі прамежкамі паміж кожным). Мясцовыя жыхары, інтэлігенцыя, удзельнікі фэсту і дасюль сумуюць па тых знакавых для раёна падзеях. Дык ці не час распачаць другую хвалю адраджэння народнай мастацкай свядомасці на Чачэршчыне? Пытанне гэтае, мабыць, трэба адрасаваць мясцовым уладам.

Да ўсяго, я лічу, што “Беларуская полька” — як сістэма аднаўлення народнай спадчыны пэўнага краю і ўнікальная частка нацыянальнай мастацкай гісторыі — павінна быць грунтоўна даследавана на ўзроўні вобласці і краіны, абагульнена, зафіксавана ў розных друкаваных і электронных сродках. І гэтую справу неабходна рабіць, не пакідаючы яе на заўтра, пакуль яшчэ ёсць жывыя сведкі эксклюзіўнага працэсу.

Упэўнены: берагінскі праект мог бы ўвайсці ў склад канцэптуальнай часткі Нацыянальнай праграмы “Традыцыйная культура і моладзь Беларусі”, пра якую амаль дваццаць гадоў вядзецца гаворка ў розных кабінетах на розных паверхах розных устаноў. Яшчэ ў 2012 годзе па рашэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь былі зроблены спробы стварэння такой праграмы. Але ў далейшым справа забуксавала “на месцах”. А святое месца пустым не бывае! Зазірніце ў тэлеэкран і ў камп’ютарную сетку. З усіх бакоў ліецца антыэстэтычнае ды антымаральнае — брыдкае! Вось у гэтым і праблема.

Згадваю фестываль савецкага часу “Балтыка”, які па чарзе праводзіўся ў Літве, Латвіі і Эстоніі. Тады мяне моцна ўразіў зводны хор, у якім плячо да пляча стаялі тысячы людзей: члены палітбюро ЦК кампартыі краіны-гаспадыні фестывалю, прафесійныя і самадзейныя выканаўцы, школьнікі… Таму не выпадае здзіўляцца, што нават у тыя часы латышы, літоўцы, эстонцы, не саромеліся хадзіць у народных строях, гуляць у свае гульні, забаўляцца народнымі танцамі. Здавалася б, гэта гатовая ідэя для нашых часоў — скажам, для тых жа Дзён вышыванкі або “Славянскага базару ў Віцебску”!

Перакананы: усё, пра што я апавядаў вышэй, з’яўляецца складнікам нацыянальнай ідэалогіі. Лічу, для яе сцвярджэння варта, сярод іншага, і больш пільна ўглядацца ў традыцыйную, асабліва каранёвую, народную культуру беларусаў, штодзённа павышаць яе ролю і пакрокава вырашаць набалелыя праблемы.

Гэта задача для дзяржаўных інстытуцый, грамадскасці, носьбітаў і пераемнікаў унікальнай культуры. Аднаму раёну (якім бы фінансавым, кадравым, навукова-метадычным, арганізацыйным патэнцыялам ён ні валодаў) цягнуць рэспубліканскі “воз” проста не па сілах.

Мікола КОЗЕНКА, аўтар і кіраўнік праекта “Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Фота Алены ЛЯШКЕВІЧ.