Сярод міфаў і V.I.P.аў

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

Сцены і вера ў лепшае
Здымачная група тэлеканала АНТ на чале са спецыяльным карэспандэнтам Аляксандрам МАЦЯСАМ ехала ў Капыль здымаць сюжэт для рубрыкі “Малая радзіма” праграмы “Контуры”. Ехала, як сказаў бы злосны крытыкан, укараняць міф пра тое, што менавіта гэты горад, а не Кіеў, з’яўляецца месцам з’яўлення на свет Казіміра Малевіча. Ехала акурат у той дзень, калі, паводле некаторых крыніц, споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння мастака. (Калі верыць крыніцам кананічным, юбілей гэты варта адзначаць у наступным годзе). Зрэшты, міфы міфамі. Абсалютная ж праўда заключаецца ў тым, што Капыль з’яўляецца радзімай калі не вялікага авангардыста, дык аўтара рэпартажу пра яго. Вядомы тэлежурналіст стаў чарговым V.I.P.-земляком, з якім спецыяльны карэспандэнт “К” здзейсніў экспрэс-тур у горад яго дзяцінства.

/i/content/pi/cult/684/15059/20.JPGЗ інтэлігентнай сям’і

Капыль не так даўно ладна пастарэў — ажно на 268 гадоў. Пазалетась Капыльскі раённы Савет дэпутатаў прыняў рашэнне, згодна з якім годам заснавання горада лічыцца 1006 год — калі ён быў упершыню згаданы ў крыніцах: у статутнай грамаце Тураўскай епархіі. Зрэшты, асобныя гісторыкі сцвярджаюць, што Капыль з’явіўся значна раней. Можа, і міф, хто ведае?

Затое несумненна іншае. Тата сённяшняга героя рубрыкі быў эканамістам (на жаль, яго ўжо няма ў жывых), мама — медыцынскі работнік. Гэта значыць, рос іх сын, як прынята казаць, у сям’і інтэлігентаў. У доме была велізарная бібліятэка, якая пастаянна папаўнялася: бацька будучай “зоркі” айчыннага ТБ прывозіў навінкі з кожнай сваёй камандзіроўкі.

— Едзе ў Рыгу, прывозіць кнігу! — смяецца Аляксандр. — А як мы чакалі падпісныя выданні! Адна з першых аповесцяў, якую атрымалі, была “Загад N 1” Мікалая Чаргінца.

Тата і добра маляваў, а ў тыя гады, калі Саша хадзіў у садок і пачатковыя класы, дружная сям’я часам агульнымі намаганнямі майстравала вырабы з фанеры, кары, паперы. Адзін з прадзедаў тэлежурналіста збіраў паштоўкі, калекцыянавала іх і бабуля па лініі бацькі Аляксандра. Прабабуля па татавай жа лініі выдатна ткала, некаторыя яе даматканыя посцiлкi перайшлі да праўнука і захоўваюцца ў ягонай мінскай кватэры.

— Велізарнае чорнае поле — колер, не надта характэрны для іншых рэгіёнаў Беларусі — з ромбамі і квадратамі, — апісвае ён той твор. — Ну проста Малевіч!

Вось такая атмасфера ў сям’і і наклала пэўны адбітак на сталенне хлопца, аказала, як потым высветлілася, і ўплыў на яго лёс. Паўплываў і сам горад, і Капыльшчына наогул, якая дала жыццё такім літаратарам, як Кузьма Чорны, Алесь Адамовіч, Адам Русак, Анатоль Астрэйка, Сцяпан Александровіч...

— І як можна было не прасякнуцца культурай, калі ў школу я ішоў, праходзячы міма дома, у якім жыў Дзмітрый Жылуновіч — Цішка Гартны? — заўважае Мацяс. — А ў школе я быў старшынёй навучальнага камітэта. Само сабой, ні адно культурнае мерапрыемства не абыходзілася без якога-небудзь майго ўдзелу.

Пранікаючыся культурай, пранікаўся ён і гісторыяй, якую выкладала яму ў школе Ларыса Мікалаеўна Мікалаева. Ды так выкладала, што пасля дзявятага класа яе выхаванец паспяхова здаў экзамены ў ліцэй БДУ, а скончыўшы яго, паступіў у сам Белдзяржуніверсітэт на гістарычны факультэт.

12 верасня 2001 года першакурсніка выклікаў да сябе тагачасны дэкан Сяргей Ходзін і паведаміў, што ў БДУ звярнуліся з тэлепраекта “Наша спадчына” Белтэлерадыёкампаніі з просьбай знайсці для яго рэдактара. Студэнт Мацяс пагадзіўся. А пасля заканчэння “ўнівера” ён размеркаваўся на АНТ. І амаль з тых самых часоў мы рэгулярна глядзім яго рэпартажы пра падзеі беларускай культуры.

Пачынаў з ролі Прынца

/i/content/pi/cult/684/15059/21.JPG— Натуральна, цэнтравым месцам культурна-масавых мерапрыемстваў у Капылі быў Дом культуры, — успамінае Аляксандр. — Наша сям’я старалася не прапускаць ні адной пастаноўкі заезджых тэатраў, якія выступалi на сцэне ДК. Для гараджан такія гастролі былі сапраўдным святам.

Пад іх уплывам юны Саша і сам запісаўся ў драмгурток пры тагачасным Цэнтры дзіцячай творчасці. Сярод сыграных роляў — Прынц з “Папялушкі”. Аднойчы ён нават атрымаў грамату за свае акцёрскія дасягненні. Удзельнічаў і ў спектаклях лялечнага тэатра, якія ладзіліся ў дзіцячай бібліятэцы.

Таму і не дзіва, што першым нашай інспекцыі падвергнуўся менавіта Раённы цэнтр культуры. Праверка атрымалася не вельмі хуткаплыннай, бо ў дзень наведвання ў цэнтры праходзіў урачысты сход, і ўсім службам установы было не да яшчэ адных візіцёраў. Да таго ж, дырэктар знаходзілася ў сталіцы, дзе атрымлівала для РЦК новую мэблю. Перагаварыць удалося толькі з мастацкім кіраўніком Валянцінай Зарамбоўскай.

Сярод адмысловых формаў працы РЦК яна вылучае праект, у рамках якога артысты палягчаюць вольны час пажылых людзей. Прадстаўнікі цэнтра выязджаюць у вёскі раёна і ладзяць проста ў дварах, а то і ў дамах цэлыя прадстаўленні для іх жыхароў. Установа матэрыяльна дапамагае маламаёмасным, арганізуючы збор грошай, прадметаў першай неабходнасці, прадуктаў.

Да праблем мастацкі кіраўнік адносіць “пытанне маладых спецыялістаў”. І завабіць іх нялёгка ў так званую правінцыю, і заробкам такім, каб у Капыль імкнуліся ўсе мінскія выпускнікі культурніцкага профілю, спакусіць нерэальна, і ўтрымаць пасля адпрацоўкі належнага тэрміну вельмі цяжка.

— З матэрыяльна-тэхнічнай базай усё, у асноўным, ідзе нядрэнна, — паведамляе спадарыня Зарамбоўская. — Можам пахваліцца электронным радком на фасадзе будынка. Нават у буйных гарадах не ўсе падобныя ўстановы маюць такія табло. Адрамантавалі вось нас. Але сёе-тое сваімі сіламі яшчэ падрабляем.

З верай у людзей

У Капыльскім краязнаўчым музеі патрабавальнаму густу Аляксандра перш за ўсё адпавядала “этнаграфічная зона”, стылізаваная пад вясковы дом. Але ўяўляў ён з сябе не “лапатную” Беларусь, а нешта куды больш дыхтоўнае. З апошніх жа ўражанняў тэлежурналіста — графіці, нанесеныя на адну са сцен будынка, дзе фрагментарна адлюстраваны знакавыя славутасці Капыльшчыны.

Даўнютка я не ўздымаў у размове з кіраўніцтвам устаноў культуры пытанне аптымізацыі. І вось, з размовы з Валянцінай Шураковай высветлілася, што пад скарачэнне трапілі тры чалавекі. Быццам бы, і тыя пяць, што ў музеі засталіся, збольшага з работай спраўляюцца. Але за супрацоўнікаў сваіх дырэктар перажывае: за бухгалтара, які на паўстаўкі выконвае яшчэ абавязкі касіра і эканаміста, за адзінага музейнага наглядчыка.

— Трымаемся, — бадзёра адказвае спадарыня Валянціна. Але, нягледзячы на аптымістычны настрой, яна прызнае відавочнае — неабходнасць рамонту будынка. Гэта ж не справа кожную вясну сіламі музейшчыкаў зноў тынкаваць, бяліць, падфарбоўваць аблупленыя знешнія сцены. І пры гэтым трэба ні ў якім разе не пашкодзіць помнік архітэктуры XIX стагоддзя, у якім некалі размяшчалася гарбарная майстэрня. Менавіта тут пачынаў сваю працоўную — не літаратурную — дзейнасць Цішка Гартны.

Праводзячы экскурсію па музеі, дырэктар адзначае, што многія экспанаты (а пераважная іх частка — арыгіналы, як, скажам, хірургічны нож XIII стагоддзя або гліняная фігурка сабачкі, якая датуецца I — IV стст.) наведвальнікі могуць нават узяць у рукі.

— Не баіцеся за захаванасць? — пытаюся.

— Мы людзям давяраем, — чую ў адказ.

Аднак калі не браць пад увагу прадметнае напаўненне музея, інтэр’ер яго выглядае даволі аскетычным. Валянціна Леанідаўна з такой маёй заўвагай збольшага згаджаецца і тлумачыць, што праз розныя прычыны дызайнам займаліся пераважна самі супрацоўнікі ўстановы.

На яе стабільнае наведванне працуюць некалькі эксклюзіўных праектаў. Сцісла распавяду пра два. Гэта “Апекуны шчасця”, сутнасць якога заключаецца ў тым, што ўсе без выключэння капыльскія маладыя адразу пасля ўрачыстай цырымоніі ў ЗАГСе разам з гасцямі прыходзяць у музей, дзе ім прапануецца прыняць удзел у вясельным абрадзе, вытрыманым у нацыянальным стылі. Праз нейкі час прысутныя на ім вяртаюцца ў экспазіцыйныя залы, каб ужо ў спакойнай абстаноўцы іх агледзець. А абрад гэты часцяком заказваюць і іншагароднія!

Іншае “ноу-хау” — “Семінар на колах”, калі навуковыя работнікі (а Капыль — горад зусім не адных... міфаў, у ім маса ўсяго сапраўднага, і гэта можна вывучаць гадамі) праводзяць свае сустрэчы на прыродзе. З абавязковым заходам у ККМ.

— Да нас прыходзяць за памяццю, і прыносяць памяць, — з хваляваннем прамаўляе спадарыня Шуракова. — Пераязджае хтосьці на новае месца жыхарства — старую шафу не выкідае, параіцца са мной: а раптам тая мае нейкую гістарычную каштоўнасць? І такімі экспанатамі — ад неабыякавых гараджан — музей папаўняецца пастаянна.

Зразумела, што не ўсе іх можна выставіць адначасова, але ўстанове не так даўно выдзелілі яшчэ адно памяшканне — сядзібу, якая належала дынастыі Клейнбартаў, яшчэ адных знакавых асоб у гісторыі Капыля. Як толькі знойдуцца грошы на яе рэстаўрацыю, у ёй плануецца адкрыць гасціную і карцінную галерэю, туды ж пераедзе і частка экспазіцыі. Аптымістка Валянціна Шуракова свята верыць у тое, што фінансы адшукаюцца хутка.

Пакідаючы гасцінныя сцены музея, мы з Аляксандрам ахвотна падзялялі гэтую веру.

Мінск — Капыль — Мінск / Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"