Страчаны рай паводле Ёнэска

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

У сераду ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры адкрыўся ХІІІ Міжнародны форум “М@rt.кантакт”. Яшчэ за пару гадзін да афіцыйных прамоў у перадфестывальнай праграме быў паказаны “Ліпень” — свежая пастаноўка п’есы Івана Вырыпаева, ажыццёўленая галоўным рэжысёрам тэатра Саўлюсам Варнасам. Другая яго прэм’ера — “Прага і голад” паводле Эжэна Ёнэска — прайшла менш чым за тыдзень да фэсту, 15 і 16 сакавіка. Зайздросная прага да мастацтва!

/i/content/pi/cult/684/15056/17.JPGЗ гэтага твора румынска-французскага класіка авангарду магчыма зрабіць што заўгодна: тэатр абсурду, палітычную сатыру, нават фарс, які выкрывае таталітарызм. Але рэжысёр невыпадкова лічыць “Прагу і голад” найлепшай п’есай ХХ стагоддзя: “Яе можна ставіць бясконца. І штораз па-рознаму, знаходзячы ўсё новыя і новыя сэнсы і адценні”.

Значна скараціўшы тэкст і зрабіўшы ўласную сцэнічную рэдакцыю п’есы, Саўлюс Варнас дадае да назвы не столькі жанравую, колькі семантычную расшыфроўку (дакладней, “зашыфроўку”) — “цуд вясны”. І паказвае нам пранікнёную прытчу, азораную неверагоднай прыгажосцю, святлом, каханнем, міфалогіяй: пра пошукі ўласнага “я”, самавызначэнне асобы. Атрымліваецца амаль біблейская гісторыя пра страчаны рай. Як тлумачыцца ў праграмцы, герой “збягае ад невыноснай паўсядзённасці, трагедыі звыклага жыцця з яго прэснымі пачуццямі” і выпраўляецца за “мрояй пра каханне”. Але ж ці знаходзіць тое, што шукаў? Або, мусіць, не там /i/content/pi/cult/684/15056/18.JPGшукаў, дзе трэба было?

Хтосьці можа інтэрпрэтаваць убачанае як дыдактычную навуку. Няма чаго, маўляў, ездзіць ва ўсялякія там Швейцарыі з іх горным паветрам (а гэтая краіна згадваецца ў п’есе і спектаклі). І не варта сыходзіць ад жонкі (Мары-Мадлен — Аляксандра Афанасьева), якая ахінае мужа клопатам, літаральна ногі яму мые. Але пасыл спектакля, падаецца, усё ж больш філасофскі: шукаючы шчасця, рабіце гэта найперш у сабе. Бо шчасце не звонку — знутры.

Адчуванне прагі да чагосьці незвычайнага ўзнікае адразу, ледзь трапляеш у залу. Першая палова партэра зацягнута блакітнай тканінай. Адтуль, бы з нетраў зачараванага возера або багны (колькі ў любога народа паданняў пра такія месцы!), будуць з’яўляцца героі. А ў праходзе па цэнтры партэра ўсталяваны подыум — накшталт таго, які бывае на модных паказах, толькі крыху нахілены. У спектаклі ён замяняе ложак, стол, вялізную магільную пліту, уваход у склеп-бункер — асацыятыўных шэрагаў, як заўсёды ў Варнаса, безліч.

Бліжэй за ўсё да гледачоў — друкарская машынка. Яе стракатанне, імкліва адлічваючы імгненні, становіцца адным з лейтматываў спектакля. Яно наводзіць на думкі і пра хуткаплыннасць часу, і пра механічнае ўспрыняцце намі жыцця, якое ператвараецца ў канвеер. І пра тое, што герой, магчыма (хаця пра гэта нідзе не гаворыцца), — пісьменнік, творца, гэткі капрызны чалавек мастацтва, якому не сядзіцца на месцы і хочацца лётаць.Невыпадкова перад яго адыходам жонка надзявае яму лётны шлем з акулярамі. А ў запаволеным тэмпе тыя гукі металічных клавішаў могуць ператварыцца ў стрэлы.

Зварот да самай размаітай тэатральнай палітры ахоплівае сусветнае мастацтва розных відаў і эпох. Інтэртэкстуальнасць спектакля ажно “зашкальвае”: у ім можна знайсці адсылкі да “Маленькага прынца”, постаці Экзюперы, Дон Кіхота, Санча Панса, “Прытчы пра сляпых” Пітэра Брэйгеля Старэйшага, стужкі “Той самы Мюнхгаўзен” Марка Захарава, старажытнагрэчаскага тэатра з удзелам хору, які становіцца каментатарам падзей.

Саўлюс Варнас упершыню супрацоўнічаў са сталічным рэжысёрам пластычнага тэатра Вячаславам Іназемцавым — кіраўніком знакамітага “ІнЖэста”. І гэта дало плён: творчы почырк абодвух пастаноўшчыкаў адразу відавочны, але грае новымі гранямі, бо тандэм узбагаціў індывідуальнасць кожнага з іх. Спектакль літаральна “дыхае” пластыкай, заварожвае расцягнутым на ўсю дзею прыёмам запаволенай дзеі, неверагоднай касмічнасцю аповеду, дзе героі быццам страчваюць зямное прыцягненне. Рукі-ногі-целы артыстаў часам становяцца самастойнымі дзейнымі асобамі — уступаюць у бязмоўны дыялог з персанажамі або “дагаворваюць” за іх (і пра іх) усё, не выказанае словамі.

Мінімалістычная сцэнаграфія (мастак Міхаіл Лашыцкі) не загрувашчвае прастору. У сцэнічных строях, нягледзячы на іх полістылістыку, пануе строгая стыльнасць з перавагай чорна-белых, шэра-карычневых тонаў, якія сям-там, бы выбух, пераразае чырвань то шкарпэтак, то гальштука, а то і ахопленай полымем (у тым ліку, сексуальнай жарсці) Цёткі Адэлаіды (Вераніка Баранава). Шматслойнасць празрыстых завесаў, багатыя светлавыя эфекты, дзве лесвіцы “ў нябёсы” — усё працуе на згаданую “касмічнасць” аповеду. Дый сам Жан (Іван Трус) часам успрымаецца “іншапланецянінам”, чаму спрыяе яго праца з мікрафонам, пераходы ад шэпту да скандзіравання, выразная пластыка, часта далёкая ад побыту. А звязвае зямлю і неба, залу і сцэнічную прастору, антракт і дзею (якая абодва разы пачынаецца яшчэ да трэцяга званка) загадкавы Кітаец (Вадзім Арціменя), які, бы ў операх Рыхарда Вагнера, адыгрывае ролю “правадніка” між рознымі сусветамі.

Ну а сам спектакль, прэзентаваны напярэдадні магілёўскага форуму, стаў для гледачоў правадніком не толькі ў фестывальны струмень, але і ў свет сапраўднага тэатральнага мастацтва — сучаснага, крэатыўнага, нечаканага. І такога жыццёвага! Не ў сэнсе прамога “фатаграфавання” жыцця, а ў сэнсе стварэння новага “паралельнага” сусвету, які адлюстроўвае набалелыя праблемы гэтага. І вучыць прыгажосці ды роздуму, спалучэнне якіх і здольнае выратаваць чалавецтва, пачаўшы з унутранага свету кожнага асобнага яго прадстаўніка.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"