“Нам трэба ведаць праўду пра тыя падзеі...”

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

Мінуўшчына для Android і iOS
З нагоды стагадовага юбілею падпісання ІІІ Устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі, якая абвясціла пра яе незалежнасць, па ўсёй краіне ладзіцца мноства самых розных мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай важнай для станаўлення нашай дзяржаўнасці даце. У іх ліку — і шматлікія музейныя выставы, і навуковыя публікацыі, і размаітыя імпрэзы. Тэму ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР закрануў падчас сваёй сустрэчы з таленавітай моладдзю Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. “Нам трэба ведаць праўду пра тыя падзеі, — адзначыў беларускі лідар. — Не заклейваць, не выдзіраць з кантэксту. Але ганарыцца гэтым, калі гэта было так, не трэба. Гэта была сумная старонка, і ў гісторыі многіх народаў падобных сумных старонак была маса”.

/i/content/pi/cult/684/15051/11.JPGЦэлы шэраг адметных праектаў з нагоды юбілея нарадзіўся і ў сценах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

15 — 16 сакавіка ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі прайшла прадстаўнічая навукова-практычная канферэнцыя “Беларуская Народная Рэспубліка ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці”. І такая назва невыпадковая — на сёння ўжо бадай ніхто і не сумняецца ў ролі БНР ва ўтварэнні асобнай рэспублікі ў складзе СССР — якая, у сваю чаргу, стала непасрэдным папярэднікам незалежнай Беларусі. Пра гэта падчас канферэнцыі казаў дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі, старшыня парламенцкай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.

У рамках канферэнцыі была прэзентаваная манаграфія “Беларуская Народная Рэспубліка — крок да незалежнасці”. Выданне сапраўды прэтэндуе на грунтоўнасць і сур’ёзнасць. Як адзначана ў прадмове, утварэнне БНР — не проста знакавая падзея нашай гісторыі. Гэта — практычная рэалізацыя грамадска-палітычнай думкі і ўвасабленне мараў пра будаўніцтва беларускай незалежнай дзяржавы.

Як падкрэсліў адзін з аўтараў манаграфіі, загадчык аддзела найноўшай гісторыі ІГ НАН Беларусі Сяргей Траццяк, гэта першы ў айчыннай гістарыяграфіі навуковы твор, прысвечаны менавіта самой праблеме паўстання БНР. Болей за тое — пры яго стварэнні выкарыстоўваліся раней не ўведзеныя ў навуковы абарот дакументы.

— Мы імкнёмся не супрацьстаўляць БНР тым формам нацыянальнай дзяржаўнасці Беларусі, якія былі пазней, але зыходзім з таго, што менавіта гэтая рэспубліка стала першай спробай стварыць незалежную беларускую дзяржаву, — тлумачыць гісторык. — Як ні дзіўна, савецкая гістарыяграфія прызнавала гэты факт, хаця і імкнулася як мага меней звязваць з ім савецкую беларускую дзяржаўнасць.

Як падкрэсліваюць навукоўцы, палажэнні Другой і Трэцяй устаўных грамат Беларускай Народнай Рэспублікі амаль літаральна ўзнаўляліся і ў маніфесце часовага работніцка-сялянскага ўрада ССРБ, і ў праекце канстытуцыі Літоўска-Беларускай ССР, і, у рэшце рэшт, у дэкларацыі аб незалежнасці БССР.

— І гэта вытлумачальна, — працягвае спадар Траццяк. — БНР стваралі перадусім не “буржуазныя” палітыкі, не памешчыкі, хаця менавіта такі жупел выкарыстоўвалі для яе дыскрэдытацыі ў далейшым. БНР стваралі палітыкі сацыялістычнай арыентацыі, сярод якіх быў і першы марксіст-беларус Антон Луцкевіч. А Беларусь савецкую таксама стваралі левыя палітыкі — сацыялісты і камуністы.

Вядома, такое выданне не магло не выявіць зацікаўленасці і ў аматараў гісторыі, і ў прафесійных даследчыкаў. Манаграфія атрымала досыць шырокі розгалас. Абмеркаванне яе ідзе актыўна, крытычныя водгукі з’яўляюцца адзін за адным. І гэта зразумела. Як растлумачыў спадар Траццяк, грунтоўных манаграфій па тэме БНР створана зусім небагата. Таму і было вырашана да стагадовага юбілею запоўніць гэтую лакуну:

— У нечым наш нарыс падсумоўвае пэўны этап у гістарыяграфіі праблемы, і разам з тым робіць задзел на будучыню.

Бадай самым цікавым і даступным для шырокай аўдыторыі праектам, прысвечаным святочнай гадавіне, стаў выхад мабільнай аплікацыі BNR100. Модная інтэрактыўная форма папулярызацыі гісторыі і культуры знайшла сваё ўвасабленне ў праграме, створанай лабараторыяй распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі. Гэта аўдыягід, з дапамогай якога кожны ахвотны можа прайсціся па мінскіх вуліцах і спыніцца на месцах, звязаных з гісторыяй паўстання БНР:

— У экскурсіі прадугледжаныя наступныя пункты: месца Курлоўскага расстрэлу на Прывакзальнай плошчы, друкарня Грынблата, Купалаўскі тэатр, дзе адбыўся Першы Усебеларускі з’езд, будынак Рады БНР на Архірэйскім падворку, будынак урада БНР у доме мінскага губернатара на плошчы Свабоды, Дом Незалежнасці па вуліцы Валадарскага, 9, дзе 25 сакавіка 1918 года і была абвешчаная незалежнасць краіны, — тлумачаць распрацоўшчыкі.

Новае прыкладанне ўжо атрымала добрыя водгукі сярод спецыялістаў. Як адзначыў навуковец Аляксей Братачкін, выхад дадзенай мабільнай аплікацыі выяўляе новы фармат папулярызацыі беларускай гісторыі і культуры ў сучасным інфармацыйным грамадстве. Тым больш, праграма мае і англамоўную версію — што асабліва актуальна напярэдадні Еўрагульняў.

Аўтар гэтых радкоў і сам апрабаваў новы прадукт, выправіўшыся са сваім тэлефонам у руках у сапраўдную гістарычную вандроўку па Мінску часоў БНР. А пасля яе ў гэтае зменлівае веснавое надвор’е было прыемна засесці ва ўтульнай кавярні за кубачкам кавы ды пачытаць выкладзеную ў акадэмічнай манаграфіі гісторыю станаўлення беларускай дзяржаўнасці.

Фота Паліны КАСМАЧОВАЙ