Хай Бог яму аддзячыць...

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

Асіповічы, чыгуначна-прамысловы гарадок, не славіцца асаблівымі архітэктурнымі або гістарычнымі славутасцямі. Ды затое слаўны ён людзьмі, найперш людзьмі-творцамі. Больш за тры дзесяткі калектываў горада і раёна маюць званні “ўзорны” і “народны”. Па вялікім рахунку, гэта можна сказаць і пра сферу тутэйшай культуры — яна папраўдзе народная і ўзорная. Ці не таму адзін з першых матэрыялаў рубрыкі “Культасветработа: ракурс адказнасці” быў прысвечаны менавіта творчаму жыццю Асіповіцкага раёна і яго квінтэсенцыі — бліскучаму фестывалю “Вясновыя колеры”. Пару тыдняў таму чарговы фестываль зноў прайшоў на гасціннай Асіповіцкай зямлі. А ў эпіцэнтры стварэння гэтага яркага і запамінальнага свята — постаць чалавека, які не толькі прыдумаў гэты фэст, але і стаў сапраўдным рухавіком культурнага пераўвасаблення краю. Постаць тагачаснага начальніка аддзела культуры Асіповіцкага райвыканкама Васіля Налівайкі.

 /i/content/pi/cult/165/1505/Haj Bog.jpg
Прыгадваю нашу гутарку з ім два гады таму. Майскім надвячоркам мы стаялі на ганку Асіповіцкага РДК, дзе толькі што скончыўся пяцігадзінны марафон народнай творчасці, удзел у якім узялі больш чым пяцьсот чалавек — усяго адна дзесятая частка ўдзельнікаў самадзейнасці ў раёне!
— Мінулі часы, калі на дзвярах клубаў іржавелі замкі,— казаў тады Васіль Налівайка. — Цяпер людзі ідуць туды з ахвотай. Яны прагнуць цікавых зносін, творчасці — таго, што здатна разнастаіць жыццё. І на нас, прадстаўнікоў адміністрацыі, ускладаецца адказнасць: забяспечыць жыхарам раёна ўсе ўмовы для гэтага. Цяпер удзел у самадзейнасці — гэта прэстыжна!
Год таму Васіля Налівайкі не стала. Але след, пакінуты ім цягам зямнога жыцця, ніколі не знікне...
Ён быў сапраўдным гаспадаром…
— З Васілём Фёдаравічам пазнаёміўся ў сярэдзіне 1980-х, — распавядае начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль СІНКАВЕЦ. — Мяне дагэтуль уражвае, як трапна ён ужо тады здолеў разгледзець, спрагназаваць праблемныя тэндэнцыі ў галіне культуры. І знайсці дзейсныя спосабы іх прадухіліць. Правядзенне абменных творчых акцый паміж рознымі раёнамі— яго ідэя. Апрабіравана яна была на Асіповіччыне і суседняй Бабруйшчыне, дзе я тады працаваў.
У 80-ыя, да таго, як заняць пасаду начальніка аддзела культуры, Васіль Фёдаравіч узначальваў сістэму кінаабслугоўвання Асіповіччыны. Калі напрыканцы 90-х прыспела яе рэарганізацыя, пазіцыя Налівайкі адносна цэнтралізацыі падведамасных устаноў паспрыяла захаванню кінасеткі ў раёне. Комплексныя формы ўстаноў культуры і кіно даказалі сваю плённасць, і гэты досвед таксама аказаўся карысным у абласным і рэспубліканскім маштабе.
А зацікаўленасць Васіля Фёдаравіча ў захаванні культурнай спадчыны свайго краю? Гэта ж стала краевугольным каменем даследаванняў этнографамі і мастацтвазнаўцамі традыцыйнай культуры Магілёўскага Падняпроўя, якія потым ляглі ў аснову створанай імі анталогіі. Няма нічога дзіўнага ў тым, што менавіта ў Асіповічах прайшоў першы на Беларусі Агульнарэспубліканскі фестываль аўтэнтычнага фальклору.
Пасля гэтай маштабнай імпрэзы, а таксама Свята беларускай паэзіі, прымеркаванага да стагоддзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, Васіль Фёдаравіч распачаў уласны творчы праект: рэгіянальны фестываль народнай творчасці “Вясновыя колеры”, які стаў сапраўднай падзеяй культурнага жыцця Магілёўшчыны.
Ён рупіўся аб якасным узроўні калектываў, а таму пільна адсочваў творчыя працэсы ў раёне, дапамагаў кіраўнікам ансамбляў і артыстам, прычым не толькі ў творчасці, але і ў вырашэнні побытавых праблем.
Ён быў сапраўдным гаспадаром у галіне культуры. У 90-ыя многія будынкі траплялі на баланс яго аддзела ў занядбаным стане. Але праходзіў час, і дзякуючы мэтанакіраваным дзеянням яны пераўтвараліся ў забяспечаныя належнай матэрыяльнай базай установы культуры. Невыпадкова першы на Магілёўшчыне Цэнтр рамёстваў быў адкрыты менавіта ў Асіповіцкім раёне. А ўслед за ім — і школа мастацкіх рамёстваў, і аб’яднанні аматараў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на сяле.Яго працавітасць, інтэлігентнасць, зацікаўленасць і адданасць сваёй справе заварожвалі і натхнялі. Васіль Фёдаравіч меў здольнасць запальваць у людзях агонь няспынных памкненняў.
Сказаць, што з яго адыходам “Культура Магілёўшчыны панесла вялікую страту...”, — зусім не даніна традыцыі. Мы сапраўды страцілі Чалавека з вялікай літары, якога нам вельмі цяпер не стае..
Ён увесь — ва ўчынках
— Адораныя натуры нярэдка хаваюцца за чалавечай прастатой, таму не ўсе могуць разгледзець іх сапраўдны маштаб і веліч, — кажа начальнік аддзела культуры Касцюковіцкага райвыканкама Мікалай ТЫМАНЮК. — А кіраваць людзьмі — гэта таксама талент. Сумленных і адказных кіраўнікоў не бракуе, але ж сапраўдны Божы дар арганізоўваць грамадскае жыццё маюць адзінкі.
Варта было бачыць, з якой чуласцю, з якой любоўю гутарыў са сваімі падначаленымі Васіль Налівайка! Для мяне ён стаў сапраўдным прыкладам далікатнасці, увагі да асобы кожнага суразмоўцы, да яго жыцця і патрэб.
Ягоны прыклад варты пераймання ўсімі работнікамі культуры. З вуснаў Васіля Фёдаравіча я ніколі не чуў негатыўных, кплівых ацэнак іншых людзей. Пагадзіцеся, як часта не хапае людзям нашай прафесіі ўмення не пакрыўдзіць чалавека, а — дапамагчы добрым, карысным для справы словам, прамоўленым з любоўю. Зло было непрымальнае для яго натуры.
У гэтай асобе спалучаліся далікатнасць, глыбіня, філасофскі падыход да жыцця, маральная чысціня! Ён быў тым, хто любіў аддаваць. Ён лічыў, што галоўнае — быць чалавекам і жыць правільна. Ён быў жыццёвым прыкладам і для сваіх дзяцей, і для людзей, звязаных з ім духоўнымі повязямі.Памятаю, пад час адной нашай гутаркі я пачаў у запале распавядаць пра набалелыя клопаты. А ён спыніў мяне і кажа: “Мікалай, самае дарагое, што ў нас ёсць, — гэта сям’я, блізкія людзі. Таму беражы сябе дзеля іх, не марнуй здароўе”.
Але самога сябе ён ніколі не бярог. Працаваў апантана, ва ўсё ўнікаў, ва ўсім прагнуў дасканаласці. І апошні дзень жыцця Васіль Фёдаравіч правёў… на працы. З раніцы склікаў вялікую вытворчую нараду, актыўна дзяліўся з падначаленымі новымі ідэямі. А ўвечары выйшаў на агарод і... сэрца не вытрымала.
Хай Бог аддзячыць яму за пранікнёную веру і добрыя ўчынкі!

 Ілля СВІРЫН