Знайсці скарбы ў сабе

№ 12 (1347) 23.03.2018 - 30.03.2018 г

20 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры адбылася сустрэча Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі творчай моладзі.

/i/content/pi/cult/684/15047/1.jpgМаладзёжны тэатр быў абраны месцам гэтай сустрэчы невыпадкова: яго будынак не так даўно спазнаў грунтоўную рэканструкцыю за кошт бюджэту горада Мінска. Агульны аб’ём выдаткаваных сродкаў — амаль 12 мільёнаў рублёў, што чарговы раз сведчыць пра пільную ўвагу дзяржавы да сферы культуры краіны.

Але і іншыя дасягненні “маладзёжнай” установы культуры — ужо творчага плана — гавораць самі за сябе. За апошнія гады там прайшлі 38 прэм’ер, у 2015 годзе трупе тэатра была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтваў, а летась ён атрымаў ганаровы статус Заслужанага калектыву.

Таму пачэснае права прымаць у гэты дзень амаль 300 гасцей — лепшых студэнтаў і выкладчыкаў навучальных устаноў у сферы культуры, пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта — Маладзёжны тэатр сапраўды заслужыў.

/i/content/pi/cult/684/15047/2.JPGНа ўваходзе Кіраўніка дзяржавы сустракаў фальклорны вакальна-харэаграфічны ансамбль “Валачобнікі” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама хор з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Пасля Аляксандр Лукашэнка пазнаёміўся з выставай дасягненняў таленавітай моладзі, прычым практычна ля кожнага павільёна Прэзідэнт спыняўся, з непадробнай цікавасцю разглядаючы музычныя інструменты, скульптуры, вырабы з керамікі, дэкаратыўныя пано з тканіны, шкла і металу, зробленыя таленавітымі маладымі майстрамі.

Выступленне Прэзідэнта, а таксама жывая зацікаўленая размова са студэнтамі і выкладчыкамі расцягнуліся амаль на чатыры гадзіны. Аляксандр Лукашэнка змястоўна, шчыра і адкрыта адказваў на ўсе пытанні з залы. “К” падае вытрымкі з сустрэчы.

Лаўры і адказнасць

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, усё, што звязана з мастацтвам, заўсёды суб’ектыўна, а творчыя людзі чуллівыя і ранімыя. “Таму часцей назіраю за вамі збоку і не спяшаюся даваць ацэнку. Але гэта не значыць, што не чакаю ад прадстаўнікоў творчых прафесій высокіх вынікаў. Ваша роля ў жыцці краіны высокая і адказная. Можа, нават большая, чым вы самі гэта ўсведамляеце”, — падкрэсліў ён.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, збоку можа падацца, што культуры і мастацтву дзяржава надае менш увагі, чым іншым сферам дзейнасці. “Адразу скажу, што гэта не так, — тут жа падкрэсліў ён. — Для вас зроблена многае, а што датычыць таго, каб чалавек мог тварыць, — для вас зроблена ўсё. У моладзі ёсць дзе праявіць сябе і прадэманстраваць свае здольнасці, створаны Прэзідэнцкія фонды для падтрымкі самых адораных і таленавітых. Усё астатняе знаходзіцца ў вашых руках”.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, сустрэчы з моладдзю для яго вельмі каштоўныя, бо яны даюць магчымасць убачыць будучыню нашай краіны. “Вам яе, гэтую будучыню, ствараць, удасканальваць і ахоўваць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вашымі памкненнямі, марамі і, упэўнены, добрымі справамі Беларусь будзе жыць заўтра. Дзе б вы ні праявілі сябе — у літаратуры, акадэмічным мастацтве, кіно, на тэлебачанні, эстрадзе, у танцы — вы будзеце дарыць людзям настрой, эмацыянальна ўзбагачаць іх і, галоўнае, фарміраваць духоўны каркас нацыі. Гэта дастойны і адказны шлях — весці свет за сабой, узвышаючы душы і выхоўваючы ў людзях пачуццё прыгожага”.

/i/content/pi/cult/684/15047/3.JPGЯк сказаў Аляксандр Лукашэнка, ствараючы незалежную дзяржаву, у Беларусі стараліся захаваць лепшыя культурныя здабыткі папярэдняй эпохі, выхоўваць дзяцей на прыкладах сапраўднага мастацтва, каб, выбіраючы творчую прафесію, яны разумелі: поспех — гэта не толькі лаўры, авацыі, папулярнасць, але і вялікая сацыяльная адказнасць.

Зямля, што дае сілы

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, сёння трэба надаць увагу ўшанаванню тых вялікіх імёнаў, якія былі ў нашай гісторыі, памятаць пра свае здабыткі. Таму важна ўзняць статус гарадоў і вёсак, дзе нарадзіліся вядомыя беларусы, прыцягнуць туды замежных аматараў высокага мастацтва, паказаць ім вытокі вялікіх твораў. “Ад міністэрстваў культуры, інфармацыі, адукацыі, а таксама сродкаў масавай інфармацыі я чакаю канкрэтных праграм дзеянняў, якія паставяць кропку ў гэтай тэме, і больш не трэба будзе тлумачыць, як гэта важна для нас жа саміх — любіць свой народ і сваю краіну. Як гаворыцца, шчаслівы той, хто знайшоў скарбы ў сабе”, — пакрэсліў у сваёй прамове беларускі лідар.

Ён выказаў упэўненасць, што адораныя людзі павінны быць вядомы і запатрабаваны перш за ўсё менавіта на сваёй зямлі: бо, калі мы самі пра сябе не паклапоцімся, ніхто іншы гэтага за нас не зробіць. Тым болей, нам ёсць чым ганарыцца. “І дня не хопіць, калі станем успамінаць усіх геніяльных людзей, якіх падарыла свету Беларусь, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Славу многіх з іх дзеляць з намі еўрапейскія і заакіянскія краіны. Але галоўнае, што вытокі майстэрства гэтых вялікіх асоб тут. Гэта яна — наша родная зямля — натхняе і дае ім сілы”.

Адзначыўшы, што ў мастацтве і шоу-бізнесе настаў час менеджараў і прадзюсараў, якія запальваюць зоркі, беларускі лідар прынамсі падкрэсліў: дзяржаўныя структуры не павінны заставацца ўбаку ад гэтай працы. “Міністэрствам культуры, інфармацыі і адукацыі, а таксама тэлебачанню, радыё, друкаваным выданням трэба яшчэ больш актыўна далучацца да пошуку і раскруткі маладых талентаў, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Нашы артысты оперы і балета, музыканты-віртуозы, народныя калектывы выступаюць на лепшых сусветных сцэнах. Замежная публіка іх ведае і цэніць. Але якія імёны шырока вядомы ў нашай краіне? І што мы зрабілі для гэтага?”

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, няма нічога дрэннага ў тым, што беларусы вядомыя за мяжой: “Гэта твар нашай краіны, нашай Радзімы, нашай Беларусі. Ён павінен быць прыгожым. А прыгожым яго можаце зрабіць толькі вы. Я веру, што, дзякуючы вашым пошукам і поспехам, Беларусь перастане быць у сучаснай культуры terra incognita. Для гэтага трэба імкнуцца дарыць сваё мастацтва ўсяму свету, бо яно існуе па-за геаграфічнымі і палітычнымі межамі, яно інтэрнацыянальнае”.

Механізмы падтрымкі

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, дзяржава павінна ўдасканальваць сістэму выяўлення талентаў: “Я хварэю гэтай тэмай і таму заўсёды патрабую прымаць меры, каб не выпускаць з-пад увагі таленавітых маладых людзей і забяспечваць усім неабходным. Гэта галоўнае. Бо менавіта такі першапачатковы штуршок патрэбны, каб чалавек паверыў у сябе і змог далей ісці па жыцці”.

Па словах Кіраўніка дзяржавы, у Беларусі ёсць усе механізмы для падтрымкі талентаў, у тым ліку адпаведныя фонды. Створаны і ўмовы для старту таленавітай моладзі. Захаваны школы прафесійнага майстэрства, у якіх выкладаюць знакамітыя педагогі, праводзяцца конкурсы і фестывалі, робіцца многае іншае. А пераможцы рэспубліканскіх мастацка-творчых спаборніцтваў, лаўрэаты і стыпендыяты Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі маюць права залічэння ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ў сферы культуры без уступных экзаменаў.

Адно з пытанняў тычылася стварэння тэлеверсій творчых конкурсаў. “Я цалкам за гэта, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Хачу, каб на нашым адмысловым канале, які я таксама часта праглядаю, маладых, таленавітых артыстаў паказвалі як мага часцей. Але, як вы ведаеце, звычайна там трансліруюць старыя перадачы і паказваюць ужо раскручаных артыстаў. Думаю, што гэта не зусім правільна. Скажам, варта было б, каб на гэтым канале дзве трэція часткі эфірнага часу аддавалі маладым, таленавітым людзям, паказвалі айчынныя знакавыя конкурсы розных відаў мастацтваў (той жа конкурс Жыновіча, пра які вы тут згадалі), а траціну аддавалі для ўжо раскручаных артыстаў”.

Кіраўнік дзяржавы выказаўся і наконт заснавання Нацыянальнай прэміі па дызайне. “Гэта добрая ідэя”, — перакананы ён. Аднак, у той самы час, пытанне з’яўляецца складаным і патрабуе ўзважанай прапрацоўкі: “Вы паглядзіце, колькі яшчэ ёсць творчых прафесій, відаў мастацтва. Калі сёння зрабіць Нацыянальную прэмію для дызайнераў, тады кожны прадстаўнік пэўнага віду мастацтва захоча, каб у яго таксама была магчымасць атрымаць такую ж Нацыянальную прэмію ў сваім відзе мастацтва”.

Адно з пытанняў, якое прагучала з залы, тычылася музычных інструментаў. Як вядома, наладжванне ў краіне іх вытворчасці з’яўляецца даўняй праблемай. Але рашэннем Прэзідэнта ў ёй пастаўлена кропка: выпуск неўзабаве будзе наладжаны. “Цяпер пастаўлена задача адрамантаваць усё старое і аднавіць вытворчасць музычных інструментаў, але на больш высокім узроўні. Асабліва піяніна, якія ў нас некалі выпускаліся”, — адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пра графіці і вулічных музыкантаў

Як прызнаўся Кіраўнік дзяржавы, яму падабаецца творчасць мастакоў-графіцістаў, і асабліва тыя работы, якія аздабляюць некаторыя будынкі Мінска. “Дарэчы, мы плануем цяпер усталёўваць у Мінску (гэта мяркуецца рабіць таксама і ў іншых гарадах Беларусі) на галоўных вуліцах дэкаратыўныя агароджы, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Яны будуць выконваць двайную функцыю: забяспечваць бяспеку пешаходаў, якія не будуць пераходзіць дарогу ў забароненых месцах, і аздабляць горад”.

Беларускі лідар закрануў і пытанне вулічных музыкантаў: “Калі яны лічаць магчымым і патрэбным займацца музыкай, гэта нядрэнна. Каб я ішоў міма, то з задавальненнем паклаў бы нейкую манету музыканту або гурту”.

Занатаваў
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

У кулуарах Маладзёжнага тэатра карэспандэнт “К” пагутарыў з некалькімі ўдзельнікамі сустрэчы.

/i/content/pi/cult/684/15047/DSC00200_opt.jpegГанна МАТВЕЙКА, Наваполацк:

— Я першы раз прысутнічаю на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з творчай моладдзю, таму, натуральна, крыху хвалююся. Хваляванні, толькі іншага кшталту, адчуваю заўсёды і падчас удзелу ў рэспубліканскіх конкурсах, дзе я неаднойчы станавілася лаўрэатам.

Думаю, гэтая сустрэча будзе для мяне запамінальнай і цікавай. І ў Полацкай дзіцячай школе мастацтваў, дзе я вучылася раней, і ў Полацкім дзяржаўным музычным каледжы, дзе я працягваю асвойваць цымбалы цяпер, мне будзе што расказаць пра мерапрыемства сябрам і знаёмым. А мая настаўніца Алена Іванаўна Юшчанка, мяркую, цяпер мной вельмі ганарыцца.

Міхаіл РАДУНСКІ, Мінск:/i/content/pi/cult/684/15047/DSC00202_opt.jpeg

— Я студэнт магістратуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат і стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, займаў прызавыя месцы на ІІІ рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах выканаўцаў на струнных інструментах, у тым ліку і за мяжой. Граю на віяланчэлі з 6 гадоў, і вельмі рады, што маім кіраўніком у Рэспубліканскай музычнай гімназіі-каледжы быў Уладзімір Перлін, ад якога я шмат што ўзяў у прафесійным майстэрстве. На сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі я ўпершыню. Задаць пытанне Кіраўніку дзяржавы і мець магчымасць атрымаць грунтоўны адказ — гэта, без сумневу, дарагога каштуе.