Дэзерцір шоу-бізнеса

№ 11 (1346) 17.03.2018 - 25.03.2018 г

Як “Карабас- Барабас” стаў лагістам
Ёсць такая сумная дадзенасць, калі на пэўным этапе жыцця чалавека вакол яго становіцца ўсё менш блізкіх яму людзей, сяброў, прыяцеляў, добрых знаёмых. Кагосьці адымае фатальнае — непазбежная з касой. Другі знікае з поля ўвагі, застаючыся ў тым жа горадзе, але хаваючыся так, што нават гугль пра яго нічога не ведае. А трэці з’язджае далёка-далёка, і ніякая “павуціна” не здольная замяніць зносіны з ім за кубкам гарбаты, за кулісамі канцэртнай пляцоўкі, ды і проста так, пры сустрэчы на вуліцы. Станаўленне аднаго з самых вядомых айчынных прадзюсараў і хітмэйкераў — Уладзіміра КУБЫШКІНА — адбывалася на маіх вачах. Шлягеры з яго сыпаліся бясконцай плынню, артысты, якімі ён займаўся, станавіліся топавымі беларускімі выканаўцамі. Калісьці ён спрабаваў пакарыць яшчэ і Маскву, што амаль атрымалася. Потым вярнуўся дадому і зноў будаваў айчынны шоу-бізнес. Пакуль не стаміўся. І тады з’ехаў, але ўжо на іншы канец зямнога шарыка, дзе ў яго таксама нешта атрымліваецца. У іншым жыцці, у іншай прафесіі.

/i/content/pi/cult/683/15044/24.JPGСумленнае рашэнне

— Ты па-ранейшаму жывеш у Лос-Анджэлесе і займаешся лагістыкай у галіне гандлю?

— Мы як прыехалі сюды з жонкай Эржэнай, так да гэтага часу тут. Нам камфортна і нікуды пераязджаць не збіраемся. Камусьці Каліфорнія не падабаецца, але, павер, я бываў у розных штатах, і гэты — найлепшае месца, хоць і нятаннае. Так, я ў лагістыцы і транспарце.

— Шчыра кажучы, я быў крыху агаломшаны, даведаўшыся, што ты вырашыў змяніць месца жыхарства кардынальна. Каментуючы розным выданням сваё рашэнне, у першую чаргу ты спасылаўся на эканамічны крызіс, які ўдарыў па беларускім шоу-бізнесе. І як, набіў жывот амерыканскімі харчамі?

— Ну, ад’есціся тут — справа няхітрая. На любы густ і нядорага. Для мяне якраз і стаіць задача — як бы гэта вярнуць ранейшую фізічную форму. Але мы з'ехалі ў ЗША менавіта ў сувязі з узніклымі магчымасцямі працаўладкавацца ў гэтай краіне. А крызіс накрыў галіну, у якой я працаваў і зарабляў, ужо гадоў пяць таму. Але, можа, гэта толькі ў мяне ў галаве: табе лепш відаць, ты ж руку на пульсе трымаеш. У апошнія гады жыцця ў Беларусі я проста перастаў разумець сэнс таго шоу-бізнеса, таго, чым займаюся. Мне былі патрэбныя матывацыя, агонь, а гэтага ўжо даўно не засталося. І не прадбачылася ў агляднай будучыні. Таму я вырашыў быць сумленным і перастаў займаць чыёсьці месца. Хай цяпер моладзь рупіцца.

— У цябе ўжо быў як мінімум адзін круты паварот у лёсе, калі ты на стыку стагоддзяў перакваліфікаваўся са стаматолага ў сачыняльніка песень і Карабаса-Барабаса для сваіх эстрадных падшэфных. Гэтыя два піруэты — змена прафесіі і ад’езд на ПМЖ — параўнальныя па маштабах? Калі ты больш рызыкаваў, паставіўшы ўсё на карту?

— Апошні момант больш сур’ёзны. У маім узросце вось так усё з ног на галаву ставіць — крок вельмі рызыкоўны. Для мяне гэта — як пачатак другога жыцця, як нанава нарадзіцца. Але менавіта гэта і ёсць самае афігеннае ва ўсёй той гісторыі. Я адчуваю сябе дзіцём. Вакол усё новае, я зноўку вучуся жыць! Не баюся паспытаць тое, да чаго раней і блізка не дакранаўся. І проста маса новых адчуванняў. Некалькі дзён таму па мосце над Місісіпі пераязджаў — абсалютна дзіцячае захапленне, не перадаць проста!

— Дарэчы! Прафесія стаматолага, наколькі я начуты, у Амерыцы і прэстыжная, і вельмі добра аплочваемая. Не думаў вярнуцца да каранёў... зубоў?

— З гэтым я тут спазніўся гадоў на дзесяць. Прыехаў бы раней... Ды і д’ябал з гэтай прафесіяй! Хопіць з мяне адказнасці і вынасу мозгу! Не хачу больш ні пра што думаць, ні за што адказваць, ні перад кім даваць справаздачу.

У мінулае пропуску няма

— У тваім новым коле знаёмых ведаюць, што ты круты беларускі паэт-песеннік і прадзюсар?

— Мой круг — гэта мая жонка. І мой сабака. Яны ўсё пра мяне ведаюць. А астатнім няма да гэтага ніякай справы. Нікому нічога са свайго мінулага не расказваю.

— Ці зразумеў ты штосьці для сябе новае ў жыцці за тыя гады, якія знаходзішся за акіянам? Ці ў сабе нешта адкрыў?

— Вядома! Я зразумеў, што магу рабіць любую працу — і рабіць вельмі нават нядрэнна. Гэта дае мне велізарнае задавальненне і цалкам нядрэнныя грошы.

— У сваіх першых “амерыканскіх” інтэрв’ю ты захапляўся тамтэйшым ладам жыцця. Можа, праз пару гадоў “працверазеў” у чымсьці? Можа, расчараванне спасцігла?

— Ну, я не захапляўся, а, хутчэй, радаваўся па-дзіцячаму. Цяпер многае стала штодзённасцю. Нешта змянілася ва ўспрыманні, але ў цэлым мы ўсім задаволеныя. А складанасці ёсць, як і ўсюды. Аднак мы з самага пачатку не будавалі ілюзій — ведалі, куды ехалі.

— Што ўразіла і працягвае дзівіць у Штатах больш за ўсё?

— Людзі. Вельмі розныя і цалкам неагрэсіўныя. Каліфорнія — самы ліберальны штат Амерыкі. Аўтамабільныя развязкі — проста грандыёзныя інжынерныя збудаванні. Горы — я закахаўся ў іх! Але, паўтаруся, тут ёсць і зваротныя бакі, не ўсё так прыгожа і цудоўна.

— Магчыма, наведваюць часам думкi паспрабаваць сябе ў іх шоу-бізнесе на нейкім яго ўзроўні (я, як гусар, маўчу пра “ўзровень рэстаранных песень”)? Або апрыёры бесперспектыўна — хоць бы ў сілу таго, што ты не кампазітар і не выканаўца?

— Няма такіх думак. З шоу-бізнесам я развітаўся. А прапановы напісаць песні былі. Але — не! Мне ёсць цяпер чым займацца. Можа быць, толькі гадоў праз 20, на пенсіі, ажыццяўлю “камбэк”.

Да лыжаў не цягне

— Ці працягваеш адтуль весці сваіх апошніх падапечных — Шаркунову і Варонку? Ва ўсякім разе, для Ані песні пісаць не кінуў?

— Не вяду больш нікога. І не прымаю ніякага ўдзелу ў іх творчасці. Часам толькі магу выказаць сваё меркаванне наконт таго, што яны робяць. Аня перыядычна са мной раіцца, а Варонка — не.

— Як з далёкага далёка бачыцца цяперашняя беларуская песенная культура?

— Шчыра кажучы, мала што відаць праз акіян. Але інтуітыўна разумею: наўрад ці нешта змянілася. І дзякуй Богу, гэта ўжо не мая праблема.

— Здалёк амерыканская культура бачыцца праз прызму нейкіх стэрэатыпаў. А якой яна для цябе паўстае зблізу?

— А што такое амерыканская культура, на тваю думку? Наогул? Ці — музычная ў прыватнасці? У Нэшвілі — свая, у Ілінойсе — свая. Але вось усе дзеці тут на хіп-хопе памяшаныя. А я проста люблю добрую музыку. І ў асноўным, гэта олд-скул. У маім плэй-лісце нічога не змянілася. Ну, можа, джазу стала крыху больш — узрост усё ж такі.

— Настальгія яшчэ не мучыць, у галаве яшчэ не круцяцца фразы кшталту “Над Канадай неба сіняе, між бяроз дажджы касыя”?

— Не, цяпер гэта не пра мяне. Далей відаць будзе. А што тычыцца бярозак, то ад нас пару гадзін язды на машыне — і вось табе і снег, і бярозкі. І лыжы.

— Напэўна, Беларусь наведваць усё ж будзеш. У самы першы прыезд у якасці прэзента прывязі, калі ласка, старому прыяцелю які-небудзь сувенір.

— Прывязу. Абяцаю.

Даведка

Уладзімір КУБЫШКІН, 49 гадоў. Нарадзіўся ў Мінску. У 1994 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут па спецыяльнасці “ўрач-стаматолаг”. У шоу-бізнесе з 1999 года.
Паэт-песеннік, былы прадзюсар гуртоў “Лето” “Черника”, “Ямайка”, Ані Шаркуновай, Германа, Віталя Варонкі. У 2013 — 2014 гадах — прадзюсар праекта “Акадэмія талентаў” тэлеканала “АНТ”. Уладальнік дзвюх Нацыянальных музычных прэмій
у галіне эстраднага мастацтва. З 2015 года жыве ў ЗША.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"