Якая кавенька — сезон амаладжэння!

№ 11 (1346) 17.03.2018 - 25.03.2018 г

У рэдакцыю заскочыў мой даўні знаёмы — дырэктар Козінкаўскага дома культуры і кіраўнік народнага ансамбля народнай музыкі “Радуніца” Мікола Туравец. (Козінкі — маленькая вёсачка ці не ў прыгарадзе Мазыра.) З вашага дазволу, я — трошкі пра Міколу Васільевіча. Задавальненне ад прачытанага — гарантую. Дык вось, будучы работнік культуры пачаў граць на гармоніку з… чатырох гадоў. Заўважыў, як на вяселлі музыка паклаў “струмэнт” на лаву, падхапіў яго і зайграў. І па сёння шчыра не разумее: “Як гэта можна не ўмець граць на гармоніку?”

/i/content/pi/cult/683/15043/23.JPGА распавёў Мікола Туравец пра свой шматгадовы ўжо зімовы праект “Вясковая хата”. Нагадаю, кожную суботу ўсіх ахвотных узростам ад пяцідзесяці і да бясконцасці у зале Козінкаўскага ДК чакаюць дзве гадзіны вячэрніх танцаў пад барабан, баян ды кантрабас. Сёлетняя зіма, зазначыў спадар Туравец, у чарговы раз пацвердзіла: танцы зніжаюць артэрыяльны ціск. “Адна кабета піла-піла парашкі, — запэўніваў Мікола Васільевіч, — а да нас прыйшла — і кінула”.

Ці вось яшчэ факт з аргументам. З Мазыра бабулька прыехала з кавенькай (так на Гомельшчыне кіёк называюць). Танцаваць не буду, кажа, проста паслухаю. Але не ўтрымалася, у скокі пусцілася. А калі на прыпынак пайшла, каб дамоў дабрацца, заўважыла разгублена, што кавеньку забылася. Дзяўчаты ледзь дагналі яе, каб вярнуць. Словам, чарговы танцавальны сезон амаладжэння “Вясковая хата” зноў завяршаецца якасным паляпшэннем медыцынскіх аналізаў і дам, і іхніх кавалераў. Выснова наступная: умейце сакавіта рэкламаваць уласны арт-прадукт!

Заўжды хвалююся, калі прыходзяць навіны з далёкіх Бешанковічаў. Хвалююся ўдвая, калі згадваю, як пасля публікацыі пра культурныя недарэчнасці ў аграгарадку Свяча (2015) намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі сказала мне з вялікай крыўдай: “А мы вашу газету выпісваць не будзем!” Не стану працягваць развагі на тэму “Чыя ж “Культура?”. Змест навіны — больш канструктыўны. Аўтар яе — кіраўнік фальклорнага аб’яднання “Спадчына” пры Цэнтры пазашкольнай работы дзяцей і моладзі Зоя Каравач. Вось пра што яна распавяла: “Пасля маёй бабулі Веры засталося шмат тканых ручнікоў ды вышываных посцілак-падзораў. Цудоўнай майстрыхай была бабуля! Я паказала тыя рэчы спецыялістам з нашага Дома рамёстваў. Аказваецца, асобным ручнікам — па 120 гадоў. Вырашыла зрабіць выставу. Мяне падтрымаў Андрэй Трубецкі — уладальнік прыватнага музея працоўнага рыштунку. Інструменты ў сваю калекцыю ён адшуквае на звалках, у пунктах прыёму другаснай сыравіны. Трапляюцца яму і тканыя, вышываныя рэчы. Словам, мы аб’ядналі свае калекцыі і паказваем цяпер у чытальнай зале раённай бібліятэкі. Выстава працуе да 1 красавіка”. Пагадзіцеся, ініцыятыва — цудоўная. І бібліятэкары Надзея Куц, Вольга Шыпуля, Аксана Бабаедава, якія захацелі “ажывіць” бібліятэчную прастору, — таксама малайчыны.

А вось тэма прыватнага музея — вартая асобнай і, як мне падаецца, больш удумлівай гаворкі. Абавязкова звяжуся з Андрэем Трубецкім. Думаю, што артыкул аб праблемах і здабытках прыватнага музея будзе змешчаны пад рубрыкай “Соцыум” у бліжэйшых нумарах “К”.

Святкаванне Міжнароднага жаночага дня згадвае аддзел метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры. Першае месца па колькасці кветак, падораных жанчынам, заняў аграгарадок Гальшаны. А ў саміх Ашмянах да веснавога свята была абноўлена зала Раённага цэнтра культуры. Пра ўсё гэта распавялі супрацоўнікі аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК.

Вядучы рэдактар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна Надзея Станкевіч распавядае: “У ЦКС (былым Доме культуры чыгуначнікаў) адбылася канцэртная праграма “Ад сэрца да сэрца”. У фае ўстановы працавала выстава творчых работ навучэнцаў Маладзечанскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У экспазіцыі — мяккія цацкі, фантастычныя дрэвы з кававых зёрнаў, кветкавыя кампазіцыі з бісеру, карціны, плеценыя кошыкі, заколкі… Выступілі самадзейныя артысты ЦКС Маладзечанскага раёна, а таксама — аркестр шумавых інструментаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва горада Маладзечна, узорная цыркавая студыя “Мара”.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама Андрэй Гарбацэвіч паведамляе, што 20 — 22 сакавіка ў раённым цэнтры пройдзе майстар-клас па ткацтве. Гэта складнік праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Народная творчасць без межаў” праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства Беларусь — Украіна. Праект накіраваны на фарміраванне спрыяльных умоў для захавання і папулярызацыі элементаў традыцыйнай народнай культуры беларуска-ўкраінскага памежжа. Асноўная задача — стварэнне ўмоў для адраджэння і развіцця традыцый рэгіянальнага ткацтва на тэрыторыі Маларыцкага і Ратноўскага раёнаў. Вопыт, назапашаны на Маларытчыне, перадаецца суседзям з дапамогай майстар-класаў. Сумеснымі намаганнямі ткацкія гурткі будуць створаны і ва Украіне. Будзе ўзмоцнена матэрыяльнае і навучальна-метадычнае забеспячэнне дзейнасці аналагічных гурткоў Маларыцкага раёна. Іх адукацыйная дзейнасць дазволіць прыцягнуць новых удзельнікаў… Дык вось, падчас сакавіцкага майстар-класа прадугледжаны “круглы стол” на тэму “Аб ролі міжнароднага супрацоўніцтва ў развіцці культуры прыгранічных рэгіёнаў”, выступленне фальклорных калектываў Маларыцкага раёна.

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч працягвае здзіўляць стракатасцю і шматжанравасцю бібліятэчных праектаў, скіраваных на здаровы лад жыцця моладзі. Гэтым разам у полі зроку спецыяліста — дзяўчаты. Доўгатэрміновы праект бібліятэкі так і называецца “Дзяўчыне — у эпоху рызыкі”. Гэта цыкл мерапрыемстваў па пытаннях маралі і этыкі, прафілактыцы ранняй цяжарнасці і абортаў. Спачатку на дзявочнік сабраліся старшакласніцы гарадской школы № 3. Была абмеркавана тэма “Прыгажосць і маладосць”. Гаворка ішла пра ахвяр анарэксіі, пра ўладальніц “лялечнай знешнасці” — прыхільніц пластычных аперацый і вульгарнага макіяжу, калі касметыка не падкрэслівае, а закрэслівае прыгажосць.

11 сакавіка ў вёсцы Горка Дзятлаўскага раёна прайшоў абрад гукання вясны. Мастацкі кіраўнік народнага фальклорнага гурта вёскі Студзераўшчына Аліна Мішчук удакладняе: “Абрад ладзіўся ў рамках этна-праекта “Народнаму скарбу — век векаваць”. Дзяўчынкі з фальклорнага гуртка “Званочкі” Дома фальклору вёскі Студзераўшчына ішлі па вуліцы з саламянымі пташачкамі, вербнымі галінкамі ды запрашалі людзей на ўзгорак — вясну гукаць. На ўзгорку ўпрыгожвалі дрэўца каляровымі стужкамі, частавалі зямліцу-матухну: закопвалі саганчык з кашаю пад абрадавыя словы. Затым усхвалялі сонейка, падкідвалі ў неба жаваранкаў, а галінкі раздавалі вяскоўцам, каб птушкі іх убачылі і хутчэй прыляцелі. А потым быў карагод. І трэба было скаціцца з узгорка, каб спіна год не балела. Гушканні на арэлях — таксама абавязковыя. Чым вышэй арэлі ўзляталі, тым хутчэй павінна здзяйсняцца пажаданне”.

Інфармацыя ад аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. 14 сакавіка ва ўстанове прайшла праграма, прысвечаная Дню запалкі. Па выніках усіх конкурсаў уручаны салодкія прызы.

Чарговая інфармацыя ад Наталлі Латышавай — педагога Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3. Выхаванцы ўстановы Паліна Пастаногава і Антаніна Панчук прынялі ўдзел у першым адкрытым гарадскім конкурсе юных піяністаў Crescendo (горад Жодзіна). У ім удзельнічалі 43 юныя музыканты з Міншчыны і Віцебшчыны. Паліна і Антаніна атрымалі ганаровыя дыпломы.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"