Дзіця эпохі і Віцебска

№ 11 (1346) 17.03.2018 - 25.03.2018 г

Творчае аб’яднанне “Квадрат”, якое не так даўно адзначыла сваё 30-годдзе, не з’яўляецца выключна здабыткам мінуўшчыны — хаця фармальна і спыніла сваё існаванне яшчэ ў 1994 годзе. Пра тое сведчыць і юбілейная выстава ў Віцебскім мастацкім музеі, і плённая дзейнасць многіх “квадратаўцаў”, якія маюць не толькі беларускае, але і міжнароднае прызнанне. “Квадрат” — гэта ўжо міфалогія і брэнд Віцебшчыны. І міфалогія — ва ўсіх без выключэння сэнсах слова.

/i/content/pi/cult/683/15041/18.JPGУ адной з нашых гутарак віцебскі жывапісец Аляксандр Слепаў распавёў, што калісьці прынёс сваім аднадумцам вядомы савецкі двухтомнік “Міфы народаў свету”. Мастакі, якія акурат шукалі назву для новага аб’яднання, натрапілі на артыкул пра міфалагічны і сімвалічны сэнс квадрата. Прачытанае ім спадабалася, і пытанне з назвай было хутка вырашана. А сімвалізм “Чорнага квадрата” прыйшоў у іх жыццё пазней.

З фактарам сакральнага членаў віцебскага “Квадрата” звязвае і тое, што многія з іх праводзяць прамыя паралелі паміж мастацтвам і рэлігіяй. Так, Аляксандр Малей і Віктар Шылко на адкрыццях сваіх выстаў нязменна гавораць аб рэлігійнай прыродзе мастацтва. Пры гэтым вера кожнага можа адрознівацца. Але, як сказаў у размове з намі Валерый Шчасны, чыя творчасць выражае прынцыпы хрысціянскага экуменізму, кожны паважае веру іншых.

Пагутарыўшы з некалькімі былымі прадстаўнікамі аб’яднання, у чарговы раз пераканаўся, што “Квадрат” нікуды і не сыходзіў.

/i/content/pi/cult/683/15041/shil.JPGВіктар ШЫЛКО: “Існуе і іншая пластыка”

Мы сабраліся, каб разам зрабіць тое, што яшчэ ніколі ў Віцебску не рабілі. Акрамя афіцыйных аб’яднанняў, ужо былі падобныя да нашай новыя творчыя групы і ў Маскве, і ў Ленінградзе. Іх удзельнікі прыслухоўваліся не да ідэолагаў, а да ўласнай душы і тварылі як хацелі, у адпаведнасці са сваім успрыманнем свету. У нашым асяроддзі мы прагнулі менавіта гэтага: працаваць не толькі так, як цябе навучылі — што ты нават і руку баішся сваю зрушыць — а тварыць свабодна, не зважаючы ні на каго. Мы разумелі, што, акрамя засвоенай намі ў навучальных установах пластычнай анатоміі, існуе і іншая пластыка, якая праяўляецца ва ўзаемадзеянні святла, ценю, светлавых плямаў — усё гэта трэба адчуваць унутры сябе. Трэба ўдумвацца, а яшчэ і інфармацыю адпаведную мець. Вось такія пытанні нас цікавілі.

/i/content/pi/cult/683/15041/slep.JPGАляксандр СЛЕПАЎ: “Мы ўсе былі абсалютна рознымі”

У той час, калі арганізаваўся “Квадрат”, падобныя групы былі створаныя і ў Мінску — напрыклад, “Няміга”. У краіне наспеў такі момант, калі творчыя сілы сталі праяўляць сябе свабодна і самастойна. Раней усё арганізоўвалася па ўказцы, і новыя абставіны былі для многіх нязвыклыя — у тым ліку і для кіраўніцтва творчых саюзаў.

Мы, “квадратаўцы”, працавалі разам. Раней майстэрні ў нас знаходзіліся побач — у падвалах дома на вуліцы Жасткова. І гэта быў той бурлівы казан, у якім усе мы варыліся: абмяркоўвалі, спрачаліся, дзяліліся планамі.

Самае цікавае, што калі ўтвараўся “Квадрат”, пра авангарднае мастацтва ў нас вельмі мала хто ведаў. Мы арганізоўваліся проста на падставе памкнення самастойна выказваць свае думкі і адрознівацца ад сацрэалізму. Галоўным завадатарам быў Аляксандр Малей, ён першы кінуў кліч. Спачатку нас было 10 чалавек, потым некаторыя сышлі, а ў 1994 годзе Малей сам закрыў “Квадрат”. Напэўна, гэта правільна, таму што еднасць мастакоў патрэбна толькі на нейкім этапе. Ды і мы ўсе былі абсалютна рознымі. Але адчуваюцца сілы, якія пастаянна падтрымліваюць “Квадрат”, рэаніміруюць яго на кожным новым часавым вітку.

На пачатку ў нас не было мэтанакіраваных сацыяльных работ, не было ў “Квадраце” нейкага заўзятага пратэсту. І толькі праз некаторы час пачалі з’яўляцца творы пэўнай сацыяльнай накіраванасці. На першых нашых выставах гэта ўжо выяўлялася.

Бурленне розумаў у нас, вядома, было. Многія з-за гэтага і не ўступалi ў наша творчае аб’яднанне. Вось, маўляў, каб вы малявалі “матылькоў”, то пайшлі б да вас.

Вядома ж, “Квадрат” меў уплыў на мастацкае жыццё тагачаснай мастацкай прасторы Беларусі. Гэта зямля віцебская спарадзіла “Квадрат”. Нават у куды большых за наш гарадах СССР усе тады яшчэ спалі ці драмалі... Параўноўваючы нашы творы з тым, што тады рабілася, я прыйшоў да высновы — каб “Квадрат” з’явіўся ў сталіцы, гэта быў бы рэзананс! А ў Віцебску ў нас атрымаўся хіба свіст. Але, думаю, паўнавартасная ацэнка нашай дзейнасці — наперадзе. З’яву “Квадрата” яшчэ трэба будзе расшыфроўваць.

/i/content/pi/cult/683/15041/19.JPG

/i/content/pi/cult/683/15041/dud.JPGМікалай ДУНДЗІН: “Мы выхадцы з гарышчаў або склепаў”

Ёсць вельмі добры выраз: усе мы родам з дзяцінства. Тое самае магу сказаць і пра “Квадрат”. Тады закладалася аснова, тая субстанцыя, што назаўсёды вызначыла нас як творцаў. Тады на Жасткова, 15 фарміраваўся братэрскі саюз маладосці. Нас нічога не аб’ядноўвала вонкава: ні грошы, ні слава, ні прыхільнасць да нейкага вызначанага кірунку. Гэта была тая свабода, калі мы стаялі на мяжы адчування, што адбудзецца нешта вялікае і значнае. Мы ведалі, што гэта адбудзецца. І яно адбылося.

Канешне, цяпер мы ўсе зусім іншыя, не такія, якімі былі 30 гадоў таму. Кожны стаў у дастатковай меры вядомым, і не толькі ў Віцебску. Кожны з нас вырас як нейкая сацыяльная адзінка, як асоба і як мастак. Я галерыст і выстаўляю многіх аўтараў. Але калі рыхтуеш выставы сваіх сяброў з “Квадрата”, шторазу заўважаеш, наколькі яны сталі мацнейшымі, які энергетычны запал сыходзіць ад іх работ. Гэта не толькі мне так здаецца, гэта відавочна і для гледача.

У часы “Квадрата” мы хацелі адысці ад рэалізму кудысьці ў зусім іншы бок. Мы будавалі свой свет і жылі ў ім. Нас непакоіў пошук сваёй тэмы. Але з узростам я прыходжу да высновы: не так важна, што мастак адлюстраваў. Можна бохан хлеба намаляваць так, як гэтага ніхто не змог раней зрабіць.

Мы ўсе, у прынцыпе, выхадцы з гарышчаў або склепаў. Як правіла, наша пакаленне не мела добрых майстэрняў, мы арандавалі нейкія бойлерныя, нейкія катушкі са здохлымі галубамі і пацукамі. Але, думаецца, мы не сталі б тымі мастакамі, якія мы ёсць, калі б не прайшлі гэтую школу. Каб не тыя братэрскія гутаркі, што доўжыліся далёка за поўнач. Тады мы не маглі нагаварыцца адзін з адным. Нам было добра ўсім разам. Вось гэтая пазіцыя — быць разам, працаваць разам, тварыць разам, здзяйсняць нейкія вялікія справы разам — стала асновай, на якой стварылася аб’яднанне “Квадрат”. Як і трэба было чакаць, нехта павінен быў апынуцца ў цэнтры — і ім стаў Аляксандр Малей, які запаліў наша творчае вогнішча.

/i/content/pi/cult/683/15041/mal.JPGАляксандр МАЛЕЙ: “Нонканфармізм як гістарычнае прызначэнне”

Без разумення сацыяльных прычын узнікнення “Квадрата” — як і ўсяго руху мастацкага нонканфармізму, у рэчышчы якога “Квадрат” развіваўся, — нельга ўсвядоміць і сутнасць нашага мастацтва. Нонканфармізм таксама называюць нефармальным рухам мастакоў, неафіцыйным мастацтвам, ёсць яшчэ тэрмін “іншая культура”. Нейкіх дасканалых адкрыццяў, здатных уразіць гледачоў і крытыкаў, у гэтым руху няма. Але, тым не менш, нонканфармізм з’яўляецца значнай часткай сусветнай культуры. Непазбежнасць яго для савецкага перыяду заключалася ў тым, што трэба было выправіць скрыўленае і ўтапічнае стаўленне да самога мастацтва, прыдушанага ідэалогіяй.

Вядома, у Савецкім Саюзе мастацтва было вельмі шматслойным, яго нельга ахрысціць неяк адназначна. Мастацтва ў часы “Квадрата” рабіла тое, што патрэбна было рабіць у сілу гістарычнага прызначэння.

Георгій КАРЖАНЕЎСКІ