Імперыялістычная — за 8 гадзін

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

Любая вайна прыносіць боль і пакуты, незагойныя раны. Нямала пакінула іх на Беларускай зямлі і Першая сусветная вайна, што завяршылася 90 гадоў таму. Ды і зусім нядаўна сусветныя інфармацыйныя агенцтвы распаўсюдзілі інфармацыю: памёр апошні ветэран той Першай сусветнай…

 /i/content/pi/cult/165/1504/Imperyjalistychnaja.jpg
Але памяць пра гэтую трагедыю еўрапейскіх народаў у гэтым — на жаль, далёка не апошнім — віры гісторыі ХХ стагоддзя адлюстравана ў творах літаратуры і мастацтва розных народаў. Адным з тых, хто праўдзіва апісаў тагачаснае жыццё ў царскім войску, жорсткія баі ў змаганні з “кайзераўскай” Германіяй і яе саюзнікамі, быў Максім Гарэцкі. Трапіўшы ў “франтавое пекла” 21-гадовым юнаком, ён вёў дзённік, з якога і атрымаліся вядомыя дакументальна-мастацкія запіскі “На імперыялістычнай вайне”. Да 115-гадовага юбілею пісьменніка была падрыхтавана інтэрпрэтацыя гэтага твора сродкамі аўдыёмастацтва.
У аўдыёспектаклі, выканаўцам і рэжысёрам якога з’яўляецца дыктар Беларускага радыё Алег Вінярскі, мастацкае чытанне спалучана з музыкай Д.Шастаковіча, ваенных духавых аркестраў, аўтэнтычнага беларускага фальклору і гукавымі спецэфектамі.
Біяграфію спецыяльна да аўдыёдыска напісала доктар філалагічных навук, выкладчык БДУ Таццяна Дасаева. А 12 чэрвеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя аўдыёкнігі “Максім Гарэцкі. На імперыялістычнай вайне”. У ёй прымалі ўдзел як даследчыкі творчасці пісьменніка, так і аматары яго мастацкага слова. Адметным стала выступленне члена-карэспандэнта НАН Беларусі Міхася Мушынскага, вядомага даследчыка творчасці Максіма Гарэцкага. Выступалі таксама пісьменнікі, музыканты, студэнты і выкладчыкі навучальных устаноў.
Варта адзначыць, што на кампакт-дыску ў фармаце МР3, акрамя аднайменнага твора, змешчана і апавяданне “Літоўскі хутарок”. Агульны час гучання — больш за 8 гадзін. 

Канстанцін АНТАНОВІЧ