Ці цяжка быць назіральнікам?

№ 11 (1346) 17.03.2018 - 25.03.2018 г

Тыповая сям’я — яна якая? Вялікая ці маленькая? Дружная альбо канфліктная? Можа, гэтыя людзі не родныя адзін аднаму, аднак іх лучыць любоў. А можа, іх знітоўваюць крэўныя повязі, але яны ніколі не могуць знайсці агульнай мовы. Выстава “Родны склон” у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў закранае размаітыя праблемы трансфармацыі і разумення сям’і ў сучаснасці.

/i/content/pi/cult/683/15039/15.jpgНазва выставы адсылае да граматыкі беларускай мовы. Са школьнага курсу мы дакладна ведаем, што родны склон указвае на прыналежныя адносіны паміж словамі. На выставе ў НСЦМ мы бачым падобную сувязь паміж аўтарамі і іх працамі.

Такія адносіны прадугледжваюць поўнае пранікненне аўтара ў свой твор — эмацыйнае, пачуццёвае і нават часам фізічнае. Гэта не было б так рызыкоўна, калі б не спатрэбілася выставіць частку свайго асабістага жыцця на публічны агляд. Паколькі закранутая тэма вельмі інтымная, паўставала задача паказаць свае праекты калі не максімальна аб’ектыўна да гледачоў, то хаця б максімальна бяспечна для сябе. Таму і прэвалюе на выставе агульная канцэпцыя ўласнага непранікнення, адхіленага назірання, недаказанасці.

Назіральнікаў у “Родным склоне” можна падзяліць на два тыпы: тых, хто працаваў з уласнымі фотаархівамі, здымкамі, якія належалі бацькам, рэчамі, звязанымі з дзіцячымі ўспамінамі (Ігар Саўчанка, Уладзімір Парфянок, Віктар Гіліцкі, Ганна Бундзелева, Вольга Кірылава, Жанна Гладко, Сяргей Язлавецкі, Юлія Назарава, Валерыя Мітэльман), і тых, хто перапрацоўваў і пераасэнсоўваў чужыя, неспадзявана знойдзеныя на вуліцы ці ў сметніцы фотальбомы (Сяргей Кажамякін і Вольга Савіч).

Мастадонтаў беларускай фатаграфіі можна адразу пазнаць. Напрыклад, “Дзіцячы альбом” Сяргея Кажамякіна публікавалі ў розных выданнях, нават даследавалі. Энергетыка Ігара Саўчанкі адчуваецца і ў суседнім пакоі. Цяжка ўявіць яго здымкі па суседстве з творамі малодшых калег, бо ён немінуча перацягне на сябе ўсю ўвагу. Таму “спецэфекты” Ганны Бундзелевай — маленькія здымкі на драўнянай кары, падсвечаныя рознакаляровай лямпай — пры ўсёй сваёй вынаходлівасці выглядаюць больш як цацка. Думаецца, такі атракцыён вельмі спадабаўся б усім актыўным карыстальнікам Instagram. У той самы час, створаная аўтаркай пакаёвая атмасфера дадае ўтульнасці стэрыльным белым сценам выставачнай залы.

Фатаграфіі Уладзіміра Парфянка амаль безаблічныя — не толькі для таго часу, калі яны былі зробленыя (1990-я), але і для цяперашняга. Глядач нават губляецца і пачынае шукаць “сваіх” сярод незнаёмых твараў, а потым адразу разумее, што такія “свае” былі ўсюды, у любой эпосе.

Нельга не адзначыць і самы кранальны праект, можа, нават і самы зразумелы на першы погляд — здымкі Віктара Гіліцкага пра апошнія дні жыцця яго дзядулі. Серыя падпарадкаваная пэўнай гісторыі, пабудаваная збольшага драматургічна і мае трагічны фінал. Аднак калі глядач уступае ў камунікацыю з працамі фатографа, дык адразу мяняецца з ім месцамі і занурваецца ў сусвет іншага, пачынае суперажываць і адчуваць моцны боль за, здавалася б, чужога для яго чалавека. Аўтар жа аказваецца ў самым выгадным для сябе становішчы — цяпер ён назіральнік і яму менш балюча.

Сярод нефатаграфічных працаў сваёй містычнасцю палохае відэаархіў бацькі Вольгі Кірылавай, якая таксама спрабавала адхіліцца ад сваіх пачуццяў і паглядзець на асабістае іншымі вачыма. Складана назіраць за ўрыўкамі сямейных відэа ў маленькім, больш звыклым для фатаграфіі фармаце: ты нахіляешся бліжэй і становішся часткай чыёйсьці гісторыі.

Старое піяніна Жанны Гладко ўжо ніколі не зможа выдаваць гукі, але дасюль яно распавядае гісторыю стасункаў Жанны з бацькам. Хтосьці ў пакоі, дзе былі ўсталяваныя працы аўтаркі (часціны разламанага інструмента, дапоўненыя гукавымі і візуальнымі эфектамі) сказаў, што тут складана знаходзіцца з-за празмернасці сэнсу. Насамрэч, прасторы, паветра і святла было настолькі мала, што здавалася, быццам ты сам замкнёны ў гэтым піяніна. Калісьці бацька Жанны на яе вачах пачаў разбіваць інструмент, і такі ўчынак стаў нагодай для доўгай і складанай творчай працы, якая вылілася ў асобны праект Inciting Force — спробу пераасэнсавання канфлікту аўтаркі з бацькам.

Куратары выставы Дзіна Даніловіч, Уладзімір Парфянок і Алена Пратасевіч падумваюць аб працягу “Роднага склона”, яго пераўтварэнні ў рэгулярны праект. Для гэтага патрэбныя новыя аўтары, якія жадаюць прадставіць сваю — або чужую — асабістую гісторыю нейкім асаблівым чынам. Ці пачаў хтосьці ўжо працаваць з сямейным архівам? Наколькі нашы людзі гатовыя дзяліцца з іншымі чымсьці патаемным — пакажа час. А пакуль “Родны склон” натхняе наведвальнікаў, і я дастаю з шафы свой вялікі сямейны фотаархіў. Можа, калісьці і ён убачыць свет.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"