Расшыфроўка імгнення

№ 11 (1346) 17.03.2018 - 25.03.2018 г

Мы шчыра верым, што наша памяць — гэта нашы ўласныя ўспаміны. Мы памятаем пра сваё дзяцінства, сям’ю ды наогул пра наш род. Але насамрэч носьбітамі памяці часта з’яўляюцца нейкія артэфакты — бабуліны ручнікі, акуляры дзядулі, татавы гальштукі ці наш першы ровар, які “перайшоў у спадчыну” ад старэйшага брата. Без погляду на іх мінулае часцяком проста забываецца. Сапраўднымі ж архівамі памяці з’яўляюцца сямейныя фотаальбомы.

/i/content/pi/cult/683/15038/14.jpgФота з архіва Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна

Культура памяці — гэта тое, што і ствараецца намі, і стварае нас саміх такімі, якімі мы ёсць. І адным з асноўных кірункаў у ёй з’яўляецца вывучэнне мінулага пры дапамозе фотавыяваў, чым і займаецца такі модны цяпер напрамак, як візуальная антрапалогія. Менавіта гэтай тэме быў прысвечаны чарговы семінар “Фотакрыніцы і “бачанне” гісторыі, якое яны ствараюць”, праведзены ў мінскай Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна ў рамках штомесячных сустрэч Клуба вуснага гісторыка.

Як адзначылі арганізатары мерапрыемства, фатаграфіі — гэта не проста выявы нейкіх месцаў, людзей, рэчаў або фіксацыя падзей, а пэўная хроніка часу, якая пры гэтым мае і ўласныя асаблівасці. І важнае значэнне тут надаецца менавіта сямейным фотаальбомам.

— Гэта не толькі візуальная інфармацыя пра рэчы, побыт, моду і аздабленне інтэр’ераў, — адзначыла дырэктар Гістарычнай майстэрні Ірына Кашталян. — Кожны з фотаздымкаў мае рысы, характэрныя для свайго часу. Таму фатаграфія з’яўляецца вельмі каштоўнай гістарычнай крыніцай. Фотаздымак здольны не проста перадаваць інфармацыю, але і фарміраваць пазіцыю, стаўленне да пэўнай падзеі ці асобы. Вось чаму вельмі важна навучыцца глядзець на фатаграфію крытычна.

Паводле яе слоў, праз мікрагісторыю сямейных фатаграфій заўжды можна пабачыць і макрагісторыю. Менавіта праз фатаграфіі канкрэтных падзей мы можам спазнаць увесь свет.

Даволі цікавае паведамленне пра сувязь вуснай гісторыі і сямейных фотаархіваў зрабіў Кастусь Антановіч. Ён распавёў, чаму здымак варта не проста разглядаць, а аналізаваць, і патлумачыў, якім чынам можна гэта рабіць.

Супрацоўнік Гістарычнай майстэрні Аляксандр
Далгоўскі правёў майстар-клас па рабоце з візуальным матэрыялам. На прыкладах гістарычных фатаграфій у групах была праведзеная работа па інтэрпрэтацыі здымкаў і іх дэканструкцыі. Вельмі часта тыя могуць быць пастановачнымі, і калі глыбока “капнуць”, можна высветліць: насамрэч яны азначаюць не тое, што адразу кідаецца ў вочы. Пры правільным падыходзе да фотаматэрыялу можна даведацца значна больш пра гісторыю.

Так, прапанаваны для аналізу прапагандысцкі нямецкі кадр часоў Другой сусветнай вайны, на якім цікаўныя дзеці разглядаюць аўтамабіль, насамрэч сведчыць пра адну з самых змрочных старонак гісторыі акупіраванага Мінска. Па нумары аўто “SS 1” можна зразумець, што той належаў аднаму з кіраўнікоў нацысцкай Германіі Генрыху Гімлеру, а сам здымак быў зроблены падчас яго візіту ў Мінск і быў звязаны са знішчэннем душэўнахворых людзей — пацыентаў псіхіятрычнага шпіталя ў Навінках.

Алеся Пчолка, якая прэзентавала праект па рабоце з гістарычнай фатаграфіяй і ўзнаўленні сямейных архіваў “Веха”, распавяла прысутным пра магчымасці працы з візуальнымі медыя і выкарыстаннем у іх сямейнай фатаграфічнай спадчыны. Па яе словах, здабыткі, якія захоўваюцца ў нашых сямейных фотаальбомах, даюць магчымасць нам спазнаваць макрагісторыю на новым узроўні — не заўжды мінулае можа быць спазнаным і зразумелым праз даты і лічбы, якія звычайна ўтрымліваюцца ў падручніках:

— Гісторыя не дае нам канкрэтных ведаў пра асабістае жыццё людзей. А вывучэнне фотаальбомаў можа дапамагчы спасцігнуць вехі жыцця нашых сваякоў і блізкіх праз уключэнне іх у кантэкст вялікіх падзей, і гэта дапаможа зразумець макрагісторыю.

Найбольш уражальным прыкладам практык візуалізацыі сямейных гісторый Алеся Пчолка азначыла традыцыю “пахавальных фатаграфій”, калі вакол труны нябожчыка збіраліся ўсе родзічы і блізкія. Такая завядзёнка захавалася ажно да 1970 — 1980-х гадоў. Хаця і дагэтуль раз-пораз у нас у краіне можна напаткаць на хаўтурах чалавека з фотаапаратам, якому пазіруюць людзі ў жалобе.

Відавочна, гэты звычай можа сведчыць шмат чаго пра гісторыю роднага краю — і не толькі пра стаўленне простых людзей да смерці. Нездарма ж традыцыя была распаўсюджаная ў міжваенны час перадусім у Заходняй Беларусі — больш багатыя “заходнікі” маглі дазволіць сабе наймаць прыватнага фатографа, каб назаўжды захаваць вобраз блізкага чалавека. У БССР сяляне не толькі не мелі фінансавай мажлівасці заплаціць за гэтую раскошу, але і майстроў фотасправы вельмі бракавала. А прыватных фатографаў у 1930-я папросту не было.

Сапраўды, гістарычны аналіз фотаздымкаў — праца нялёгкая. Але плён такіх інтэлектуальных высілкаў заўжды прыносіць адкрыцці. Даволі цікавы семінар завершаны, але пытанняў па сабе ён пакінуў больш, чым можна было ўявіць — занадта многа чаканняў ад быццам звычайных сямейных фотаздымкаў цяпер. Работа з гэтымі здабыткамі толькі распальвае інтарэс сапраўдных даследчыкаў. Метадалогія ёсць — варта толькі пачаць рабіць, а далей спыніцца будзе ўжо не так і проста. Аднак трэба памятаць, што фатаграфія — гэта вынік “творчасці” чалавека, і далёка не заўсёды яна насамрэч азначае тое, што нам паказвае.