У памкненні да заканадаўчага ідэалу

№ 11 (1346) 17.03.2018 - 25.03.2018 г

У канцы лютага споўніўся год з часу ўступлення ў сілу Кодэкса аб культуры. За гэты перыяд многія новаўвядзенні былі не толькі апрабаваныя, але і досыць грунтоўна асэнсаваныя. Неаспрэчна, з’яўленне такога эпахальнага дакумента паўплывала на ўсю структуру галіны. Але практычнае, паўсядзённае выкарыстанне кодэкса выявіла і пэўныя недапрацоўкі ў дэталях. У тым ліку, і ў той яго частцы, якая тычыцца музейнай справы.

/i/content/pi/cult/683/15037/13.jpg— Безумоўна, над кодэксам была праведзеная вялікая работа, — кажа намеснік гендырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Сяргей Вечар. — Канешне, нам усім хацелася б, каб ён ад пачатку быў ідэальны, але… пэўна, такога ў жыцці не бывае. Як паказаў першы год карыстання гэтым дакументам, сякія-такія змены і ўдакладненні трэба ўнесці.

Як адзначыла карэспандэнту “К” намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы — начальнік упраўлення культуры Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Задзяркоўская, работа па ўдасканаленні кодэкса ўжо вядзецца. Акурат цяпер збіраюцца заўвагі і прапановы ад усіх зацікаўленых.

Самі вінаватыя?

Год таму музейшчыкі наўзамен купы асобных нарматыўных актаў атрымалі важкі шматстаронкавы том. Зразумела, гэта вельмі зручна, калі адказы амаль на ўсе пытанні можна знайсці пад адной вокладкай, не корпаючыся для гэтага ў дзясятках інструкцый і палажэнняў. З іншага боку, такі ўніверсалізм выклікае і пэўныя пытанні ў спецыялістаў. На думку Сяргея Вечара, не заўжды ёсць патрэба так жорстка кадыфікаваць усе бакі нашага жыцця: магчыма, нешта варта пакідаць і на ўзроўні падзаконных актаў, змяніць якія значна прасцей, чым кодэкс.

— Лічу, што немэтазгодна раздзьмуваць кодэкс да неймаверных памераў, — тлумачыць ён. — Ёсць многа самых розных аспектаў, якія наўрад ці варта рэгуляваць на такім высокім заканадаўчым узроўні. Да такой высновы я прыйшоў, калі працаваў у Міністэрстве культуры ды сам удзельнічаў у распрацоўцы нарматыўнай базы.

Згодны з Сяргеем Вечарам і іншы спрактыкаваны музейшчык, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”, галоўны захавальнік фондаў Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура Мікола Паграноўскі:

— Гэта добра, што з’явіўся такі салідны кодэкс. Але не трэба цешыцца ілюзіямі ды ставіць кропку ў пытанні заканадаўчага рэгулявання сферы. Памкненне да дасканаласці павінна быць несупынным. Тым больш, падчас падрыхтоўкі розныя істотныя ці не вельмі моманты маглі выпасці з поля ўвагі, і без іх стала цяжкавата працаваць. Часам нават спецыялісты з органаў кіравання галіной, куды мы звяртаемся па кансультацыю, не могуць параіць, як лепш паступаць у новых варунках.

На думку суразмоўцы, шмат у чым у гэтай сітуацыі вінаватыя самі работнікі музеяў. Калі ў свой час ішло абмеркаванне праекта кодэкса, і кожны мог зрабіць свае заўвагі, большасць музейшчыкаў да гэтага паставілася не надта ўважліва.

— Таму мы і атрымалі тое, што атрымалі, — кажа спадар Мікола. — Іншая справа, ніхто не мог і падумаць, што разам з прыняццем кодэкса адменяць і тую ж “Інструкцыю № 44”.

Захавальнік або кладаўшчык?

Кодэкс увабраў у сябе цэлы шэраг раней дзейных інструкцый і палажэнняў, якія спынілі сваю дзейнасць разам з яго прыняццем. Але пэўныя аспекты музейнага жыцця не атрымалі ў ім належнага адлюстравання. У іх ліку і два вельмі важныя дакументы. Адзін з іх — тая самая загадкавая “Інструкцыя № 44”.

Яе поўная назва можа выклікаць зубны боль у чалавека старонняга: “Аб парадку камплектавання музейных фондаў, унутрымузейнага ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў”. Тым не менш, яна вызначала ці не ўсе бакі як унутранага жыцця музея, так і яго стасункаў з вонкавым светам. За выключэннем хіба працэсу паступлення артэфактаў у музей — яго рэгуляваў другі са згаданых дакументаў, “Палажэнне аб фондава-закупачнай камісіі музея”.

У кодэкс увайшлі толькі асобныя іх часткі. Напрыклад, зніклі статусы і абавязкі адказнага захавальніка і галоўнага захавальніка фондаў — гэтых найбольш важных асоб у жыцці кожнага музея. Сярод музейшчыкаў нават пайшлі пагалоскі, што сям-там падумваюць і пра “скасаванне” саміх галоўных захавальнікаў. Хаця менавіта на іх, па сутнасці, трымаецца музейная работа. І ў адпаведнасці з “Інструкцыяй № 44”, і згодна з традыцыяй і метадалогіяй работы галоўны захавальнік з’яўляўся, фактычна, сукіраўніком музея. Яго распараджэнні былі абавязковыя для ўсіх.

— Калі раней я працаваў галоўным захавальнікам у мастацкім музеі, яго легендарны дырэктар Юрый Карачун заўжды мяне прадстаўляў наступным чынам: “Гэта — першы чалавек у музеі пасля мяне. Але ў працоўных пытаннях я пасля яго!” — распавядае Мікола Паграноўскі. — І ў дадзеным выпадку ён падвышаў мой статус не дзеля прыгожага слоўца ці ад асабістай сімпатыі. На галоўных захавальніках “вісіць” не толькі ўся навукова-фондавая, даследчыцкая і захавальніцкая работа, але таксама і рэстаўрацыя, выдача ці прыём на выставы артэфактаў. Без іх не атрымаецца і экспазіцыйная работа, а значыць, і экскурсійная.

Сёння ж, як адзначыў мой суразмоўца, у заканадаўчай базе нідзе не прапісана, хто такі галоўны захавальнік. Таму і фактычны іх статус спляжаны. Распаўсюджваецца меркаванне, нібы галоўны захавальнік — гэта проста кладаўшчык, у якога ўсё павінна быць падлічана, і не болей за тое.

У чаканні зменаў

Зразумела, казаць пра хібы нарматыўнай базы як непераадольную перашкоду для музейнай дзейнасці не выпадае. Музеі працягваюць сваю працу, у той ці іншы спосаб прыстасоўваючыся да новых варункаў.

Як адзначыла дырэктар Ашмянскага краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча Настасся Навіцкая, у іх установе не вельмі вялікія аб’ёмы ўнутранага дакументазвароту, звязанага з фондавай дзейнасцю, таму яны здолелі адносна лёгка перайсці на новыя нарматывы. Буйным жа музеям гэта зрабіць даволі цяжка.

Прыкладам, Мікола Паграноўскі прызнаецца, што яны ў музеі Заіра Азгура дагэтуль вымушаныя працаваць “па-старому”, згодна з музейнай метадалогіяй. Да ўсяго, дзяржавай былі выдаткаваныя вялізныя сродкі на распрацоўку і ўкараненне аўтаматызаванай сістэмы ўліку. Імгненны пераход на новыя правілы азначаў бы адмаўленне і ад работы з ёй. Таму, на думку спадара Паграноўскага, варта пераходзіць паступова.

Адным з выйсцяў магло б стаць прыняцце кожнай канкрэтнай установай уласнай інструкцыі, якая б рэгулявала непасрэдна яго дзейнасць. Як адзначыла дырэктар пінскага Музея беларускага Палесся Ірына Дзямчук, Кодэкс аб культуры — гэта даволі зручны дакумент. Але ж і ўнутраныя інструкцыі ў іх музея таксама ёсць:

— У нас на аснове 44-й інструкцыі была распрацаваная і зацверджаная ўласная, па ёй мы працуем ужо дзесяць гадоў. Калі наша ўстанова была пераведзеная з рэспубліканскай у статус гарадской, мы перапрацавалі і зацвердзілі ўсе ўнутраныя дакументы, у тым ліку і яе.

Магчымасць распрацаваць уласную інструкцыю згодна з кодэксам у музеяў засталася. Аднак уся праблема ў тым, што адсутнічае метадалагічнае яе абгрунтаванне.

 — Мы ўжо падалі ў Міністэрства культуры прапановы, датычныя музейнай часткі, — паведаміў Сяргей Вечар. — Спадзяемся, заўвагі, зробленыя ўсімі нашымі калегамі — не толькі з Нацыянальнага мастацкага — будуць пачутыя.

У прыватнасці, на думку суразмоўцы, у кодэксе павінна “з’явіцца” атэстацыя рэстаўратараў і акрэсленая сутнасць пасады галоўнага захавальніка.

— Ліквідаваць вузкія месцы кодэкса — не такая і вялікая праблема, — мяркуе Мікола Паграноўскі. — Звычайна, калі прымаюць той ці іншы закон, праз пэўны час у яго ўносяць папраўкі альбо нават істотна мяняюць. Гэта нармальна і натуральна — само жыццё так дыктуе. Галоўнае, каб максімальна ўлічылі ўсе наяўныя заўвагі.

Як адзначыла Наталля Задзяркоўская, запыт аб унясенні зменаў у кодэкс разасланы па ўсіх установах культуры. Як запэўніла суразмоўца, работнікі галіны — і, у тым ліку, Нацыянальнага мастацкага музея — могуць не сумнявацца, што іх заўвагі будуць уважліва вывучаны.