Выйсці з-за “Стала”

№ 11 (1346) 17.03.2018 - 25.03.2018 г

Удзел Беларусі ў 57-й Венецыянскай біенале можна ўрачыста лічыць завершаным. Фінальным яго акордам стала дэманстрацыя айчыннага павільёна ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва. Але падрыхтоўка да наступнай, 58-й біенале мусіць распачацца ўжо зараз. Гэтыя словы куратара праекта “Стол” Рамана Заслонава, якія прагучалі на яго фінісажы, падаюцца свайго кшталту рэзюмэ ўсёй гісторыі.

/i/content/pi/cult/683/15036/10.JPG“Круглы стол”, які завяршыў прэзентацыю праекта Рамана Заслонава, Віктара Лабковіча і Сяргея Талыбава ў Мінску (пасля Венецыі і Парыжа), закрануў розныя пытанні, датычныя як творчых аспектаў, так і арганізацыйных момантаў удзелу нашай краіны ў славутым форуме сучаснага мастацтва. Што трэба зрабіць, каб Беларусь на наступных біенале ў Венецыі прагучала больш яскрава і прадстаўніча? З якімі праблемамі мы неаднаразова сутыкаліся? Тыя пытанні, якія неабходна будзе вырашаць ужо новым удзельнікам, мы і паспрабавалі выявіць ды падагульніць.

Свой куток у Венецыі

Пра мэтазгоднасць з’яўлення стацыянарнай беларускай пляцоўкі казаў прысутны на абмеркаванні Уладзімір Цэслер. А падштурхнула яго выказацца тое маленькае памяшканне, у якім знаходзіўся Нацыянальны павільён летась. Мастацкая галерэя Secco Marina Space мае цудоўнае месцазнаходжанне — літаральна ў некалькіх сотнях метраў ад галоўных маршрутаў да асноўных пляцовак Венецыянскай біенале — Арсенала і Джардзіні. Аднак памеры галерэі такія, што глядзець відэа “Стол” у камфортным рэжыме маглі ад сілы чалавек восем.

Тут варта нагадаць, што гісторыя Венецыянскай біенале цягнецца ажно з 1895 года. Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя буйныя дзяржавы пабудавалі свае павільёны ў Джардзіні і да гэтай пары актыўна выкарыстоўваюць іх плошчы. Удзел Беларусі ў форуме сучаснага мастацтва пачаўся толькі ў ХХІ стагоддзі. Таму мы штораз вымушаны шукаць і здымаць памяшканне для нацыянальнага павільёна па ўсёй Венецыі — як і іншыя краіны, якія не паспелі пабудаваць свае “дамы” ў знакамітых Садах.

Клопатаў гэта дадае шмат, але… чакаць з’яўлення ўласнага кутка ў Венецыі ў бліжэйшы час наўрад ці выпадае. Раман Заслонаў адзначыў, што пакуль нашай краіне на пастаянны павільён складана разлічваць з эканамічных прычын. Аднак варта падумаць пра тое, што і гэтую невыгодную для сябе сітуацыю можна абярнуць на сваю карысць.

Каб стварыць неардынарны праект, некаторыя краіны-ўдзельнікі біенале выкарыстоўваюць лакацыю як дадатковую сэнсавую прастору. У прыватнасці, Арменія ў 2015 годзе абрала месцам для мастацкага выказвання армянскі манастыр, які займае невялічкую выспу. Журы гэта ацаніла, і праект Armenity пад куратарствам Адэліны Джубер’ян фон Фюрстенбэрг атрымаў “Залатога льва”.

/i/content/pi/cult/683/15036/11.JPGБез рэкламы на вапарэта

Ад памяшкання — да папулярызацыі павільёна. Вялізныя расцяжкі, якія заклікаюць наведаць азербайджанскі павільён, вапарэта з рэкламай, адмысловыя флаеры… Венецыянская біенале сучаснага мастацтва — гэта творчая фабрыка, скіраваная на пастаянную вытворчасць дадатковых “тызераў”, візуальных “зачэпак” і суправаджальных падзей. Але ўсе тыя вынаходлівыя спосабы патрабуюць дадатковай менеджарскай уключанасці — і сродкаў.

— На жаль, з бюджэту на рэкламу Нацыянальнага павільёна ў Венецыі сродкі не былі вылучаны, — канстатаваў праблемны момант Раман Заслонаў. — Мы знаходзілі грошы на гэта ва ўласнай кішэні.

Куратар распавёў пра арганізацыю адкрытых круглых сталоў, на якія ён запрашаў крытыкаў і публіку ў Венецыі. Падобны фармат беларускія ўдзельнікі выкарыстоўвалі ўпершыню — хаця ён з’яўляецца адной з распаўсюджаных практык форума.

Укласціся ў павільён — гэта толькі пачатак справы, а далей ідзе несупынная праца па пастаянным падтрыманні ўвагі да праекту. На жаль, пакуль мы толькі ўключаемся ў гэты працэс праз энтузіязм саміх мастакоў.

Падчас абмеркавання ўсплыла няпростая сітуацыя, калі на плечы мастака была ўскладзеная і падтрымка павільёна. На працягу ўсяго часу яго працы нехта павінен быў там знаходзіцца ў ролі даглядчыка — што, вядома, вымагае выдаткаў. Закрыць гэты радок каштарысу Раману Заслонаву дапамаглі выключна сяброўскія сувязі.

— Я імкнуўся ўсё зрабіць так, каб да нашай каманды ў арганізатараў біенале не было аніякіх прэтэнзій, — падкрэсліў ён. — Намагаўся не падвесці краіну.

Раман прывёў лічбу наведвання павільёна ў Венецыі — каля 4 — 5 тысяч наведвальнікаў, а таксама падкрэслівае, што персанальны кантакт з публікай меў выключна станоўчы плён:

— Тыя мінакі, якія заходзілі толькі дзеля цікаўнасці, толькі на некалькі хвілін, нечакана для сябе ўцягваліся і глядзелі відэа да канца.

Камунікацыя з бізнесам ёсць, але…

У каталогу “Стала”, выдадзеным пра фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, на перадапошнім развароце згадваюцца спонсары і партнёры, якія дапамагалі летась беларускаму праекту прагучаць на сусветным аглядзе сучаснага мастацтва. Падаецца, што з падтрымкай бізнесу ў нас не ўсё так дрэнна.

/i/content/pi/cult/683/15036/12.JPG— Безумоўна, камунікацыя са спонсарамі ёсць, — адказвае Раман Заслонаў на пытанне пра цікавасць прыватнага капіталу да біенале, — але пакуль яна толькі развіваецца. Мы памятаем пра ўдзел “Прыёрбанка” ў 2011 годзе, які дапамог праекту Kodex. Аднак часам знайсці паразуменне вельмі складана.

У гэтым кантэксце ўзгадваецца і меркаванне аднаго са спонсараў, да якога звярнуліся папярэднія ўдзельнікі біенале ад Беларусі. Ён адмовіў з той прычыны, што не ўбачыў мэтазгоднасці ўкладання ў праект — яго падтрымку за гэты час (тры-чатыры месяцы падрыхтоўкі) грамадскасць проста не паспее заўважыць.

Не праходзь міма!

Раман Заслонаў прыгадаў і праект Руслана Вашкевіча і Лізаветы Міхальчук “Беларускі павільён на 53-й Венецыянскай біенале”, які прыцягнуў вялікую колькасць увагі да сучаснага мастацтва ў 2009 годзе, выклікаўшы бурлівае абмеркаванне. На думку куратара “Стала”, тая выстава, што прайшла не ў Венецыі, а ў Мінску, стала штуршком да афіцыйнага ўдзелу Беларусі. Таму Раман заахвочвае ладзіць конкурс канцэпцый на Біенале-58 нават яшчэ да таго, як з’явілася пэўнасць адносна фінансавання Нацыянальнага павільёна.

— Чаму мы не можам распачынаць конкурс ужо цяпер, каб мастацкае асяроддзе і публіка магла шырока абмяркоўваць прапанаваныя задумы? — задаецца ён пытаннем. — Ад гэтага мы ўсе толькі выйграем. А калі ў дзяржавы не знойдзецца сродкаў, магчыма, у патрэбны момант далучыцца бізнес.

Ужо згаданы Руслан Вашкевіч, які актыўна ўдзельнічаў у круглым стале, засяродзіў увагу прысутных на пэўных аспектах конкурсу канцэпцый, якія, на яго думку, нараджаюць дадатковыя спрэчкі і непаразуменні.

— Сучаснае мастацтва — яно не пра шэдэўры, а пра складаныя камунікацыі, мікракультуры і субкультуры. І гэта вымагае празрыстых камунікатыўных стасункаў на полі мастацтва, — перакананы мастак. — А наш конкурс па-ранейшаму застаецца закрытым — прынамсі, у тым сэнсе, што мы не ведаем, хто ўваходзіць у склад журы. Чаму б у наступны раз не адкрыць таямніцу? Гэта толькі павысіць давер да конкурсу і яго аўтарытэт. Другі момант — абмеркаванне прадстаўленых праектаў. Ва Украіне яны прэзентуюцца публічна, становяцца рабочым матэрыялам для адукацыйнага і ўнутрымастацкага працэсу. Чаму мы не можам зрабіць тое самае?

— Многія праблемы ўзнікаюць менавіта з прычыны позняга запуску, — падсумаваў дыскусію Раман Заслонаў. — Мяркую, што новы конкурс канцэпцый на ўдзел у Венецыянскай біенале варта правесці як мага раней. Няхай пераможца будзе мець болей часу, каб зрабіць свой праект.

Пераможца конкурсу куратарскай канцэпцыі на ўдзел у 57-й Венецыянскай біенале быў абвешчаны летась 10 лютага  — ім і стала творчая каманда на чале з Раманам Заслонавым. А 11 мая гатовы праект ужо трэба было прэзентаваць у Венецыі. Па сутнасці, камісару павільёна заставалася трошкі болей за тры месяцы, каб зняць памяшканне, знайсці спонсараў і забяспечыць працу экспазіцыі на працягу ўсяго часу біенале.

І, хаця ўсе тэхнічныя складанасці ўдалося вырашыць, не будзе перабольшаннем сказаць, што тэрмін у тры месцы — занадта малы, каб не дарабляць потым “па ходзе”.

Пра магчымыя і пажаданыя інавацыі конкурса канцэпцый Нацыянальнага павільёну мы папрасілі выказацца прадстаўнікоў арт-супольнасці.

Меркаванні

Дзіна ДАНІЛОВІЧ, куратарка і фотамастачка

— Ніколі не брала ўдзел у конкурсе канцэпцый, але, магчыма, самы час пра гэта задумацца. Радуе, што дзяржава лічыць важным вылучаць сродкі на прадстаўніцтва ў такім слынным форуме сучаснага мастацтва, але асабіста мяне засмучае тэрмін, у які ладзіцца конкурс нацыянальных праектаў: звычайна ад яго абвяшчэння і да дэдлайну — не болей за месяц. Мне падаецца мэтазгоднай ідэя абнародаваць тыя праекты, што ўдзельнічаюць у конкурсе. Важна, каб працэдура выбару канцэпцыі была максімальна празрыстай, — тады конкурс прыцягне большую колькасць работ, з якіх можна абраць найлепшую.

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналістка

— Мяркую, што ключ да вырашэння ўсіх пытанняў ляжыць у адным — рэфлексіўнай практыцы. Як толькі мы пачынаем цвяроза аналізаваць уласныя дзеянні (праекты, прадстаўніцтвы і гэтак далей), адразу становіцца зразумелым, што менавіта варта ўзмацніць: празрыстасць конкурсаў (я настойліва прапаную паказваць усіх, хто ў шорт-лісце), куратарскую прэзентацыю, непасрэдна задачы мастакоў. Якую ідэю нясе праект, які фармат яго падрыхтоўкі ў Беларусі, якіх экспертаў сабраць у самой Італіі, каб пагаварыць пра Беларусь і яе месца на вялізным, праблемным, актуальным полі мастацтва, — усё гэта патрабуе дадатковага прамаўлення.

Вядома, важны фінансавы бок і ўвесь корпус кіраўнічых намаганняў, але зыходзіць трэба менавіта з каштоўнасці і ўнікальнасці праекта як падзеі. Варта аналізаваць арганізацыйны аспект менавіта з гэтай пазіцыі. Запрашайце для рэфлексіі дасведчаных экспертаў — бо знаходзячыся ўнутры працэсу і ў вузкім коле звыклых думак, цяжка заўважыць свае як недахопы, так і перавагі.

Ганна САМАРСКАЯ, арт-менеджар, куратар

— Як куратару мне цікава мысліць аб ідэі нацыянальнага праекта для Венецыянскай біенале. Але на дадзеным этапе і ў існай сістэме стасункаў, пры неабходнасці “на ўваходзе” вырашаць масу падводных арганізацыйных пытанняў, я аддаю перавагу таму, каб скіраваць уласныя намаганні на стварэнне альтэрнатыўнай пляцоўкі падчас Венецыянскай біенале, прыцягваючы бізнес-партнёраў і ствараючы сістэму дакладнага кіравання працэсам.

Ці здольны сёння бізнес да падтрымкі падобнага кшталту ініцыятыў? У цэлым, фарміраванне моцных партнёрскіх стасункаў паміж дзяржавай і прыватнымі структурамі, мяркую, можа стаць адной з ключавых стратэгій для стварэння якасных праектаў у сферы мастацтва. Беларускія дзелавыя колы становяцца ўсё больш прафесійнымі ў азначаным кірунку і ўжо сёння прапаноўваюць якасныя рашэнні.

Напрыклад, лічу, што бізнес з паразуменнем і ініцыятывай паставіцца да запрашэння куратара з сусветным імем і паспяховым досведам працы ў падобных праектах для стварэння нацыянальнага беларускага павільёна. Не трэба гэтага баяцца — бізнес-супольнасць наведвае міжнародныя арт-мерапрыемствы і зацікаўлена ў прадуктыўным супрацоўніцтве.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"