“Апостал” у сучаснасці

№ 11 (1346) 17.03.2018 - 25.03.2018 г

15 cакавіка ў Духоўна-адукацыйным цэнтры ў Мінску адбыліся ўрачыстыя святкаванні з нагоды правядзення Дня праваслаўнай кнігі. Арганізатарамі гэтага знакавага мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Выдавецкі савет Беларускай праваслаўнай царквы, Мінская духоўная акадэмія і Свята-Елісавецінскі манастыр.

/i/content/pi/cult/683/15032/4.JPGГэтае свята, якое сталася традыцыйным, прымеркаванае да даты выдання “Апостала” друкарамі дыяканам Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам. Кніга выйшла ў свет 14 сакавіка 1564 года. А галоўная мэта культурнай акцыі, па словах арганізатараў, — яшчэ раз звярнуць увагу людзей на карысць, якую прыносіць праваслаўная кніга, а таксама далучыць праз чытанне любога ахвотнага да сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцей.

Як заявіў падчас мерапрыемства Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, нягледзячы на тое, што цяпер новыя тэхналогіі трывала ўвайшлі ў наша жыццё, кніга не страчвае свайго значэння, яна дае нам магчымасць разважаць, саўдзельнічаць у творчым працэсе. І гэтак, на думку іерарха, будзе заўсёды і ўсюды.

Кіраўнік БПЦ падкрэсліў, што Беларусь мае багатую духоўную культуру, папулярызацыі і развіццю якой садзейнічае і правядзенне Дня праваслаўнай кнігі. Пасля мітрапаліт Павел урачыста перадаў у дар бібліятэцы Мінскай духоўнай акадэміі ўнікальнае факсімільнае выданне “Кнiжная спадчына Францыска Скарыны”, выкананае Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Банкам БелВЭБ да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Гэта 20 тамоў, якія змяшчаюць кнігі, выдадзеныя першадрукаром Францыскам Скарынам у XVI стагоддзі.

Таксама ў Дзень праваслаўнай кнігі ў Духоўна-адукацыйным цэнтры Беларускай праваслаўнай царквы адбылася серыя тэматычных мерапрыемстваў. Для наведвальнікаў арганізавалі экскурсіі ў Царкоўна-гістарычны музей Беларускай праваслаўнай царквы пры Мінскай духоўнай акадэміі. А яшчэ ўвазе гасцей прадставілі экспазіцыі кніг беларускіх праваслаўных выдавецтваў. Адбыліся сустрэчы з праваслаўнымі паэтамі і пісьменнікамі — аўтарамі новых кніг, якія выйшлі ў выдавецтвах Беларускага экзархата.

Як паведамілі падчас мерапрыемства, шэраг акцый, прысвечаных праваслаўнай кнізе, пройдуць у сакавіку ва ўсіх епархіях Беларускага экзархата, у публічных і царкоўных бібліятэках, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах, а таксама духоўных школах Беларускай праваслаўнай царквы. Запланаваны, у прыватнасці, выставы праваслаўных рукапісных і старадрукаваных кніг з фондаў епархіяльных бібліятэк, дабрачынныя кірмашы праваслаўнай літаратуры для дзяцей, моладзі і сямейнага чытання. Мноства святароў, выдаўцоў, пісьменнікаў, студэнтаў і школьнікаў прымуць удзел у сустрэчах, адкрытых уроках, круглых сталах паводле кніг праваслаўных аўтараў. Будуць працаваць лекторыі па гісторыі кнігадрукавання, жыціях святых і гэтак далей.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"