Звон, які абуджае Памяць

№ 11 (1346) 17.03.2018 - 25.03.2018 г

Сёлета адзначаецца даволі шмат сумных гадавін, датычных жахаў Другой сусветнай вайны. Адна з іх — 75-я ўгодкі знішчэння вёскі Хатынь. Памяці пра яе прысвечаны шэраг мерапрыемстваў — ад навуковых канферэнцый да прэзентацыі новай скульптуры, якая мае быць усталяваная неўзабаве на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу (гл. “К” № 3 за 2018 г.)

/i/content/pi/cult/683/15031/0F281D2A-8FEA-11E2-926F-F994C3BA4A01-S.jpg21 — 22 сакавіка ў Мінску і Хатыні пройдзе Міжнародны форум “Чалавечнасць у гады бесчалавечнасці. Захаванне памяці пра ахвяр сярод мірнага насельніцтва ў гады Другой сусветнай вайны ў савецкі і постсавецкі час: гістарычны, адукацыйны і сацыяльна-культурны кантэкст”. Мерапрыемства арганізаванае Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне” супольна з Мемарыяльным комплексам “Хатынь” пры падтрымцы фонду “Памяць, адказнасць і будучыня” і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

На форуме запланавана абмеркаванне самага шырокага кола пытанняў, якія тычацца гістарычнай памяці — гэта і мінулае самой вёскі Хатынь, пачынаючы з XVI стагоддзя, і асэнсаванне сведчанняў відавочцаў трагічных падзей на яе тэрыторыі ў 1943 годзе. Вялікую ўвагу ўдзельнікі форуму нададуць культуры памяці і функцыянавання мемарыяльных месцаў. Асабліва — трансляцыі гістарычных ведаў маладому пакаленню і ўплыву сучасных інфармацыйных тэхналогій на іх захаванне і распаўсюджванне. І таму не дзіва, што сярод беларускіх і замежных удзельнікаў асабліва вылучаюцца не толькі прафесійныя даследчыкі, але і студэнты і школьнікі старэйшых класаў, якія займаюцца вывучэннем дадзеных тэм.

У другі дзень правядзення форуму запланаваны выезд на тэрыторыю мемарыяльнага комплекса і правядзенне там мітынгу-рэквіема “Хай ніколі не змоўкнуць Хатыні званы”.