Новая гісторыя (не)знаёмай “Аповесці”

№ 11 (1346) 17.03.2018 - 25.03.2018 г

Першае публічнае мерапрыемства, на якім Уладзімір Карачэўскі выступіў у ролі гендырэктара Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, было прысвечана айчыннай анімацыі. 12 сакавіка Нацыянальнай бібліятэцы краіны ўрачыста перадалі 36-серыйны анімацыйны збор пра гісторыю ўзнікнення гербаў беларускіх гарадоў “Аповесць мінулых гадоў”. Гэты праект ужо прайшоў “апрабацыю гледачом”, займеўшы нямала прыхільнікаў самага шырокага ўзроставага дыяпазону. І стаў добрым контраргументам сцвярджэнню пра “няякаснасць” айчыннага кіно. Хаця вельмі-вельмі многія тыя гарэзлівыя ды вынаходлівыя мультфільмы ніколі нават і не бачылі.

/i/content/pi/cult/683/15030/1.jpgФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

— Мы распачынаем шэраг мерапрыемстваў насустрач юбілею: налета “Беларусьфільм” адзначыць сваё 95-годдзе, — падкрэсліў спадар Карачэўскі на пачатку афіцыйнай часткі. — Я не веру, што ў кінастудыі, як некаторыя кажуць, няма перспектывы. Мы рабілі, робім і будзем рабіць шмат цікавага ды прафесійнага.

Уладзімір Карачэўскі ўсяго другі тыдзень як заняў крэсла генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Яму яшчэ патрэбна ўвайсці ў курс спраў вялізнага кінакомплексу, аднак першыя крокі новага кіраўніка выглядаюць даволі ўпэўненымі. І даюць надзею на выхад установы на іншы ўзровень асэнсавання як сваіх дасягненняў, так і недахопаў.

Назапашаны вопыт — на кінарэйкі

У апошнія некалькі месяцаў назва нацыянальнай кінастудыі як ніколі часта гучала ў інфармацыйнай прасторы. Праўда, нярэдка яе прадукцыя атрымлівае ад мас-медыя негатыўную характарыстыку. Адміністрацыя “Беларусьфільма” крыўдзіцца, але ж, насамрэч, справа не ў злоснай “журналісцкай змове”. Год за годам СМІ акрэслівалі адны і тыя ж праблемы айчыннай кінавытворчасці, аднак якая-небудзь сур’ёзная спроба іх вырашэння з боку кінастудыі так і не назіралася. І гэта нягледзячы на тое, што летась Міністэрства культуры краіны правяло шырокамаштабную калегію па вострых і надзённых пытаннях айчыннай кінасферы. Хочацца верыць, што з прыходам ва ўстанову гендырэктара новай фармацыі ў ёй нарэшце актыўна запрацуюць маркетолагі і менеджары — бо, як неаднаразова гучала і са старонак “К”, нашай кінастудыі неабходна наладзіць эфектыўны прамоўшн.

У мяне сапраўды шмат спадзяванняў на спадара Карачэўскага, бо за чатыры гады як дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ён змог дабіцца нават нечакана добрых вынікаў, не ствараючы “новы” тэатр, а наладжваючы эфектыўную працу маркетынгавага аддзела.

РТБД хутка заняў нішу трэндавага тэатра, не губляючы пры такой папулярнасці высокую мастацкую планку. Адміністрацыя не перашкаджала мастакам займацца творчасцю, пры гэтым актыўна прасоўвала іх дзейнасць у інфармацыйнай прасторы. У выніку гучныя тэатральныя падзеі сталі канцэнтравацца ў РТБД: драматургічны конкурс, што ўзбагаціў тэатры краіны новымі рэпертуарнымі назвамі, першая ў Беларусі пастаноўка п’есы Віктара Марціновіча, першы радок у топ-10 найлепшых спектакляў 2017 года па версіі айчынных крытыкаў (дарэчы, у тым шорт-лісце разам са знакамітым “Бетонам” РТБД апынуўся і “Сіндром Медэі”, а таксама спектакль “Калгаснікі” Цэнтра беларускай драматургіі, які месціцца пад крылом тэатра).

На новай пасадзе Уладзіміру Міхайлавічу таксама няма патрэбы вынаходзіць ровар. Хутчэй, належыць пераасэнсаваць, як дзейсна прасоўваць на рынку тое, што маем. Пагадзіцеся, 94 гады існавання кінастудыі — гэта салідны тэрмін. У актыве — назапашаны багаты прафесійны досвед і сфарміраваны калектыў, прадстаўнікі якога запатрабаваны і за межамі нашай краіны.

Падчас усіх абмеркаванняў будучыні кінастудыі заўсёды гавораць пра вытворчасць ігравых стужак (да якіх, чаго ўтойваць, сапраўды склаўся стос пытанняў), але чамусьці забываюцца, што “Беларусьфільм” — гэта і студыя анімацыйных фільмаў, і студыя дакументальнага кіно “Летапіс”. Калектывы, якім не трэба нагадваць пра свой прафесійны ўзровень, — імёны творцаў добра вядомыя калегам бліжняга і далёкага замежжа, стужкі бяруць прызы на самых рэйтынгавых фестывалях. Высакаякасны нацыянальны кінапрадукт існуе! Аднак усё ніяк не запрацуе сістэма піяру і маркетынгу, якая б давяла тытулаваныя карціны да масавага гледача.

Прадукт доўгіх гадоў

Імпрэза ў Нацыяналцы паказальная таксама і з той прычыны, што яна стала першай афіцыйнай прэзентацыяй праекта. Між тым, здымкі апошняга эпізоду завяршыліся яшчэ тры гады таму! Супрацоўнік анімацыйнай студыі Канстанцін Андрушачкін стварыў для цыкла шыкоўнае меню. Аўдыторыі паказалі высакаякасны забаўляльна-адукацыйны прадукт, гатовы для камфортнага выкарыстання (бяры і хоць сёння DVD выпускай) і… практычна невядомы шырокаму колу беларусаў.

Размова з аўдыторыяй, якая адбылася пасля завяршэння афіцыйнай часткі, яшчэ раз падкрэсліла відавочнае: паміж гледачом і аніматарамі дагэтуль існуе прорва, якая ўтварылася зусім не па віне апошніх. Нездарма аўтар ідэі “Аповесці” і адзін з яе рэжысёраў Ігар Волчак у фінале прамовіў: “Хацелася б, каб фільмы даходзілі да аўдыторыі”.

/i/content/pi/cult/683/15030/2.JPG“А дзе гэта можна пабачыць?”

За тыя трынаццаць гадоў, што назіраю за дзейнасцю айчынных аніматараў, бачу адну і тую ж карціну: таленавітыя рэжысёры ствараюць стужкі, высокую якасць якіх прызнаюць на самавітых міжнародных фестывалях, але пры гэтым пазнаёміцца з іх фільмамі можа толькі вузкае кола набліжаных да студыі. Калі распавядаеш камусьці пра дасягненні айчыннай анімацыі, самае папулярнае пытанне “А дзе гэта можна пабачыць?”

Каб адчуць маштаб праблемы, варта прывесці ў прыклад тую ж “Аповесць”: з 2006 года ў працы над ёй узяў удзел 21 рэжысёр, восем з якіх рабілі тут першыя крокі ў прафесіі. Па словах аніматара Аляксандра Ленкіна, за апошнія 20 гадоў гэты праект стаў для студыі самым аб’ёмным і фундаментальным. Рэжысёр Міхаіл Тумеля назваў яго яднаючай пляцоўкай, на якой змаглі сустрэцца старэйшае пакаленне мультыплікатараў і моладзь — напрыклад, у апошнім выпуску паўдзельнічалі амаль усе студэнты Акадэміі мастацтваў, якія вучыліся на аніматараў на курсе Алега Белавусава і Алены Пяткевіч. “Аповесць” прадэманстравала ўсю палітру анімацыйнай тэхнікі, якую бліскуча засвоілі нашыя творцы (у адной з серый можна нават 3D пабачыць). Чакалася, што кароткаметражкі з’явяцца на тэлебачанні (хаця б нават застаўкамі перад рэкламнымі блокамі) альбо ў метро (сапраўды, яны былі б там куды болей да месца, чым сённяшняя дзіўная падборка відэазамалёвак кшталту “гэта смешна”). Аднак нешта ізноў пайшло не так.

Здавалася б, дадзеным матэрыялам перш-наперш павінна было зацікавіцца Міністэрства адукацыі — чым не наглядны дапаможнік для вывучэння краязнаўства? Міхаіл Тумеля распавёў пра сваю сястру — выхавацельку ў дзіцячым садку, якая навучае падапечных геаграфіі Беларусі з дапамогай “Аповесці”. На жаль, не ва ўсіх ёсць родзічы-аніматары… Калі ж сур’ёзна, прадукт такой якасці павінен паўсюдна выкарыстоўвацца ў сістэме адукацыі. У Год малой радзімы гэта будзе як ніколі дарэчы!

Між іншым, тым жа спадаром Тумелем створаны яшчэ і 16-серыйны праект “Прымаўкі”. Ігар Волчак зрабіў фільмы для дзяцей “Акіяны” і “Фразеалагізмы”. Ці ўдасца вывесці з ценю гатовыя адукацыйныя праграмы?

— Гэта страшэнная бяда, што ніхто не ведае нацыянальнай анімацыі, — эмацыйна працягвае Аляксандр Ленкін. — Між іншым, на “Беларусьфільме” працуюць вышэйшага гатунку прафесіяналы, а айчынная студыя анімацыйных фільмаў — кінамайстэрня еўрапейскага ўзроўню!

Як слушна зазначыў Ігар Волчак, кінагаліна — гэта не толькі вытворчасць, але і пракат. Усе правы на анімацыйныя стужкі належаць “Беларусьфільму”, таму ёсць надзеі, што новае кіраўніцтва зможа змяніць сумную сітуацыю з іх прасоўваннем на рынку.

На запыт “што рабіць?” аніматары даўно ведаюць адказ: запрашаць менеджараў, якія будуць стала вывучаць патрэбы аўдыторыі, дамаўляцца аб выпуску дыскаў, шукаць рынкі збыту прадукцыі і гэтак далей. Міхаіл Тумеля ў чарговы раз прыгадаў, што мы жывём у эпоху інтэрнэту, і было б лагічна, каб на сайце нацыянальнай кінастудыі ці на адмысловым YouTube-канале выкладвалася б айчынная мультыплікацыя. Яна збірала б лайкі, прагляды і такім чынам прыцягвала б увагу да працы анімацыйнай студыі ў прыватнасці, а таксама да “Беларусьфільма” ў цэлым.

— Мэта такіх імпрэз у тым, каб пачуць адзін аднаго, — падсумаваў Міхаіл Тумеля. — Калі хто-небудзь прыслухаецца і ў продажы з’явіцца DVD з “Аповесцю” ці дыск кшталту “Залатая калекцыя анімацыі”, калі будзе заснаваны адмысловы сайт, прысвечаны нацыянальнай анімацыі, дзе можна будзе легальна пабачыць нашы работы і стужкі папярэднікаў — гэта ўжо стане вялікім дасягненнем.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"