“Плыла ў чоўне каралева Бона”...

№ 25 (843) 21.06.2008 - 27.06.2008 г

Адной з выбітных асоб нашай гісторыі стала каралева Бона Сфорца (1494 — 1557 гг.). Яна паходзіла з італьянскага роду герцагаў Сфорца і ў 1518 годзе стала жонкай аўдавелага караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І Старога.

 /i/content/pi/cult/165/1503/Bona1.jpg

Камень са следам каля касцёла Прасвятой Тройцы ў вёсцы Струбіца Мастоўскага раёна.

Бона ўмацоўвала каралеўскую ўладу, абмяжоўвала ўплыў магнатаў, аб’ядноўвала вакол сябе прагрэсіўных адукаваных людзей. Каралева жыла пераважна ў Вільні і добра авалодала старабеларускай мовай. Яна намагалася замацаваць прастолы беларуска-літоўскай дзяржавы і Польшчы за сваім сынам Жыгімонтам ІІ Аўгустам. Дзякуючы яе падтрымцы быў выдадзены І Статут ВКЛ (1529), па яе загадзе была праведзена рэформа ў сельскай гаспадарцы (уведзена валочная памера), шмат будавалася школ, храмаў, шпіталяў, многія гарады і мястэчкі атрымалі магдэбургскае права. Бона далучыла шляхту
да італьянскай моды, культуры, адукацыі, прывіла густ да экзатычных страў. Гэта была даволі неадназначная постаць, ды нават яе ворагі прызнавалі, што яна моцная асоба. Каралеве прысвячалі не толькі шматлікія панегірыкі (хвалебныя прамовы), але таксама і злосныя пасквілі. А ў ХІХ — ХХ стст. Бона Сфорца стала гераіняй многіх кніг.
Добра ведаў сваю каралеву і народ. З цягам часу ў народнай свядомасці яна зрабілася нават міфалагізаванай асобай. З імем Боны звязана шмат паданняў пра аб’екты
 /i/content/pi/cult/165/1503/Bona2.jpg
сакральнага і гістарычнага ландшафту, асабліва ў тых раёнах, дзе былі яе ўладанні.
Шырока распаўсюджаны паданні, што на месцы гарадзішча (замчышча) стаяў палац каралевы Боны (пані Бовы, пані Бэні). Паводле адных паданняў, Бона сама жыла ў замку, а па другіх — пабудавала замак (у Крычаве, Мядзелі, Пінску, Рагачове, Радашковічах і інш.). Некалі распавядалі, нібыта на гарадзішчы XV — XVI стст. пад назвай “Шведскі Вал”, што ў вёсцы Гарадзішча каля мястэчка Радунь Воранаўскага раёна, “жыла каралева Бона, якая потым з’ехала ў Белавежскую пушчу”. У Індуры, непадалёк ад Гродна, гаварылі, што там праязджала каралева Бона, і па яе жаданні насыпалі гару (гарадзішча), каб там паставіць альтанку. Адно з гарадзішчаў у Талачынскім раёне нібыта “было ўзведзена для ваенных мэт каралевай Бонай”.
Пра гарадзішча каля Століна паданне гаворыць, што “там ваявала каралева Бона”.Замак Белы Коваль у Смалянах на Аршаншчыне называюць яшчэ і замкам каралевы Боны, хаця сама яна ніякага дачынення да збудавання не мела. Замак быў пабудаваны толькі ў першай палове XVII ст. і разбураны ў часы Паўночнай вайны. У мястэчку яшчэ і сёння можна пачуць, быццам на рэштках вежы часта з’яўляецца жанчына ў белым адзенні, гэта, нібыта, і ёсць каралева Бона.
Паблізу Гродна каля былой вёскі Бая Велька на левым беразе Нёмана стаіць “Гара каралевы Боны”. На Піншчыне з манаршай асобай звязваюць Скамарохаву Гару. Паводле падання, тут праязджала каралева Бона і сустрэла скамароха, які вёў мядзведзя. Коні спудзіліся, памчалі і разбілі карэту. Па загадзе каралевы скамароха і мядзведзя жывымі закапалі на гары. Адсюль і паходзіць назва — Скамарохава Гара.
Каля Пінска была яшчэ і крыніца, якую называлі Калодзежам каралевы Боны.Паданне тлумачыць, чаму: быццам некалі тут праходзіла славутая ўладарка і вяла за сабой войска, якое спынілася на адпачынак, і, каб набраць вады, ваяры выкапалі калодзеж. Яшчэ ў 1930-ыя гады над крыніцай была арка, якую ўпрыгожвалі зелянінай і кветкамі, а побач стаяў крыж. Але ўжо ў 1950-ыя вады тут не стала.
 /i/content/pi/cult/165/1503/Bona3.jpg
“Шведскі Вал”, в. Радунь Воранаўскага раёна.
З каралевай Бонай звязана і паданне пра вельмі старадаўні могільнік каля вёскі Забалоцце на тэрыторыі былога Лідскага павета. Могільнік нібыта “з’явіўся пасля бітвы каралевы Боны з царыцай Кацярынай”.
Вялікім захапленнем каралевы было паляванне. Гэта знайшло адлюстраванне ў паданні пра камень-следавік, які ляжыць каля ганка касцёла Прасвятой Тройцы ў вёсцы Струбіца Мастоўскага раёна (пабудаваны ў 1740 годзе). З другога боку ганка знаходзіцца архаічная каменная кропельніца.“...
Калісьці на ўзгорку палявала каралева Бона і згубіла сем сабак. Каля каменя яна памалілася — і сабакі знайшліся. На гэтым месцы пабудавалі спачатку капліцу, а потым і храм. Слядок на камяні лічылі следам Святога Антонія, чый дзень святкуецца 13 чэрвеня”.
Паколькі Бона была чужаземкай, у народным уяўленні яе постаць часам атачалі падкрэсленай таямнічасцю, і ў некаторых паданнях яна фігуруе ў якасці чараўніцы. Напрыклад, у вёсцы Стараселле Іванаўскага раёна на Брэстчыне ў канцы ХІХ ст. было запісана паданне, сюжэт якога паўтарае шырока распаўсюджаныя ў Беларусі паданні пра чараўніц. “Па возеры ў чоўне плыла каралева Бона з двума малалетнімі дзецьмі, і адно з іх патанула. Бона-чараўніца пракляла возера, і яно зарасло густым мохам. На тоймох гадоў 100 таму ўзышла пара валоў, якія пасвіліся каля былога возера. Яны праваліліся і патанулі, але праз месяц выйшлі па зямной жыле ў Дняпро”. 

Людміла ДУЧЫЦ,
кандыдат гістарычных навук