Камень са следам каля касцёла Прасвятой Тройцы ў вёсцы Струбіца Мастоўскага раёна. |
Добра ведаў сваю каралеву і народ. З цягам часу ў народнай свядомасці яна зрабілася нават міфалагізаванай асобай. З імем Боны звязана шмат паданняў пра аб’екты
Шырока распаўсюджаны паданні, што на месцы гарадзішча (замчышча) стаяў палац каралевы Боны (пані Бовы, пані Бэні). Паводле адных паданняў, Бона сама жыла ў замку, а па другіх — пабудавала замак (у Крычаве, Мядзелі, Пінску, Рагачове, Радашковічах і інш.). Некалі распавядалі, нібыта на гарадзішчы XV — XVI стст. пад назвай “Шведскі Вал”, што ў вёсцы Гарадзішча каля мястэчка Радунь Воранаўскага раёна, “жыла каралева Бона, якая потым з’ехала ў Белавежскую пушчу”. У Індуры, непадалёк ад Гродна, гаварылі, што там праязджала каралева Бона, і па яе жаданні насыпалі гару (гарадзішча), каб там паставіць альтанку. Адно з гарадзішчаў у Талачынскім раёне нібыта “было ўзведзена для ваенных мэт каралевай Бонай”.
Пра гарадзішча каля Століна паданне гаворыць, што “там ваявала каралева Бона”.Замак Белы Коваль у Смалянах на Аршаншчыне называюць яшчэ і замкам каралевы Боны, хаця сама яна ніякага дачынення да збудавання не мела. Замак быў пабудаваны толькі ў першай палове XVII ст. і разбураны ў часы Паўночнай вайны. У мястэчку яшчэ і сёння можна пачуць, быццам на рэштках вежы часта з’яўляецца жанчына ў белым адзенні, гэта, нібыта, і ёсць каралева Бона.
Паблізу Гродна каля былой вёскі Бая Велька на левым беразе Нёмана стаіць “Гара каралевы Боны”. На Піншчыне з манаршай асобай звязваюць Скамарохаву Гару. Паводле падання, тут праязджала каралева Бона і сустрэла скамароха, які вёў мядзведзя. Коні спудзіліся, памчалі і разбілі карэту. Па загадзе каралевы скамароха і мядзведзя жывымі закапалі на гары. Адсюль і паходзіць назва — Скамарохава Гара.
Каля Пінска была яшчэ і крыніца, якую называлі Калодзежам каралевы Боны.Паданне тлумачыць, чаму: быццам некалі тут праходзіла славутая ўладарка і вяла за сабой войска, якое спынілася на адпачынак, і, каб набраць вады, ваяры выкапалі калодзеж. Яшчэ ў 1930-ыя гады над крыніцай была арка, якую ўпрыгожвалі зелянінай і кветкамі, а побач стаяў крыж. Але ўжо ў 1950-ыя вады тут не стала.
“Шведскі Вал”, в. Радунь Воранаўскага раёна. |
Вялікім захапленнем каралевы было паляванне. Гэта знайшло адлюстраванне ў паданні пра камень-следавік, які ляжыць каля ганка касцёла Прасвятой Тройцы ў вёсцы Струбіца Мастоўскага раёна (пабудаваны ў 1740 годзе). З другога боку ганка знаходзіцца архаічная каменная кропельніца.“...
Калісьці на ўзгорку палявала каралева Бона і згубіла сем сабак. Каля каменя яна памалілася — і сабакі знайшліся. На гэтым месцы пабудавалі спачатку капліцу, а потым і храм. Слядок на камяні лічылі следам Святога Антонія, чый дзень святкуецца 13 чэрвеня”.
Паколькі Бона была чужаземкай, у народным уяўленні яе постаць часам атачалі падкрэсленай таямнічасцю, і ў некаторых паданнях яна фігуруе ў якасці чараўніцы. Напрыклад, у вёсцы Стараселле Іванаўскага раёна на Брэстчыне ў канцы ХІХ ст. было запісана паданне, сюжэт якога паўтарае шырока распаўсюджаныя ў Беларусі паданні пра чараўніц. “Па возеры ў чоўне плыла каралева Бона з двума малалетнімі дзецьмі, і адно з іх патанула. Бона-чараўніца пракляла возера, і яно зарасло густым мохам. На тоймох гадоў 100 таму ўзышла пара валоў, якія пасвіліся каля былога возера. Яны праваліліся і патанулі, але праз месяц выйшлі па зямной жыле ў Дняпро”.
Людміла ДУЧЫЦ,
кандыдат гістарычных навук