Ляляўскі і лялькі

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

6 сакавіка споўнілася б 95 гадоў народнаму артысту БССР, рэжысёру, педагогу Анатолю Ляляўскаму. У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек адбылася святочная імпрэза, на якую з усёй краіны з’ехаліся як непасрэдна лялечнікі, так і тыя, чые першыя крокі ў мастацтве былі зроблены пад кіраўніцтвам слыннага творцы. Напярэдадні імпрэзы аглядальнік “К” разам з заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Уладзімірам ГРАМОВІЧАМ перагледзелі архіўныя фотаздымкі, каб яшчэ раз згадаць, кім быў для айчыннага мастацтва Анатоль Аляксандравіч.

/i/content/pi/cult/682/15028/25.JPGПа-за кадрам

— Анатоль Аляксандравіч, пры ўсіх сваіх дасягненнях і рэгаліях, быў надзвычай сціплым чалавекам. Таму здымкаў з ім у архівах не так і шмат. У кадр часцей траплялі акцёры, сцэны са спектакляў, галоўны рэжысёр жа далікатна трымаўся ўбаку. Магчыма, у знакі давалася высакароднае паходжанне, бо карані яго роду ідуць са Швецыі, дзе бабка народнага артыста БССР мела тытул баранэсы. На станаўленне асобы аказала ўплыў і шляхетнае дзяцінства: ён рос у цэнтры Масквы, меў стасункі з вядомымі фаміліямі, яго клас мог запрашаць на лецішча сам Максім Горкі.

Акцёры ніколі не чулі ад рэжысёра зневажальных слоў. У памяці захавалася добрая ўсмешка, абаяльнасць і заўсёды далікатны гумар. Эрудыцыя і культура нашага галоўнага рэжысёра асабліва выразна раскрываліся падчас дыскусій на тэатральных фестывалях. Спрэчкі былі эмацыйнымі, жорсткімі, але Анатоль Ляляўскі заўсёды заставаўся інтэлігентам, неверагодна эрудыраваным у пытаннях развіцця жанру. Мы, маладыя, з цікавасцю назіралі за такімі дыспутамі, якія з афіцыйных пляцовак павольна перацякалі ў кулуары. Галоўрэж быў для нас прыкладам, як весці палеміку.

Выпадковасць ці наканаванне?

— Ляляўскі зрабіў бясцэнны ўнёсак у мастацтва Беларусі. Прынцыпы, закладзеныя ім, дзейнічаюць і сёння. Між тым, ён апынуўся ў Мінску выпадкова. Пасля вучобы на рэжысёра драмы ў Ташкенцкім тэатральным інстытуце дыпламаваны спецыяліст выправіўся па размеркаванні ў Усць-Каменагорскі драматычны тэатр. Але паступова стаў надаваць усё больш увагі лялечным спектаклям.

Чаму ён усё ж абраў лялькі? Трэба разумець час, у які пачынаўся творчы ўзлёт Мэтра. Тады ніводзін драмтэатр не мог існаваць, калі ў яго рэпертуары не значыліся ідэалагічна вывераныя спектаклі. Партыя, калгасы, перадавікі… Мне падаецца, пачынаючы рэжысёр адчуваў, што звар’яцее ад такіх п’ес, таму і абраў лялькі. Менавіта тут ён бачыў магчымасць для творчых пошукаў, не абцяжараных закасцянелымі патрабаваннямі.

Маладому творцу прапанавалі працу ў тэатрах Рыгі і Мінска. У 1956 годзе ён робіць лёсавызначальны для беларускага лялечнага мастацтва выбар: пераязджае ў сталіцу БССР. Мінскі тэатр пачынае зыходзіць ад натуралізма. Можна сказаць, менавіта з Анатоля Ляляўскага ў краіне распачалося станаўленне нацыянальнага тэатра лялек — таго самага, які сёння прызнаны ва ўсім свеце. Галоўны рэжысёр хутка знаходзіць паплечніка — мастака Леаніда Быкава. Праз нейкі час пастаянным суаўтарам стане мастак Аліна Фаміна.

Выйсці з-за шырмы

— Цяпер у Беларусі дзейнічае сем дзяржаўных тэатраў лялек, а напрыканцы 1950-х быў толькі адзін. Таму нашы спектаклі аб’ездзілі ўсю Сінявокую з канца ў канец. У гэтых паездках Анатоль Аляксандравіч выявіў для сябе адметныя рысы беларусаў, адчуў прыродную паэзію краіны. Тыя ўражанні хутка лягуць у аснову найлепшых спектакляў тэатра.

/i/content/pi/cult/682/15028/26.JPGМожна сказаць, што Ляляўскі прывёў у тэатр лялек драматургаў, распачаў традыцыю шчыльнага супрацоўніцтва лялечнікаў і аўтараў п’ес. У прыватнасці, шмат пісаў для нашага тэатра Аляксей Якімовіч, неаднаразова ставілася п’еса Віталя Вольскага “Дзед і жораў” — некалькі разоў пастаноўкі па гэтай п’есе рабілі прарыў у лялечным мастацтве. Услед за бацькам, у драматургі для тэатра лялек прыйшоў Артур Вольскі: спектаклі па яго п’есах праехаліся па міжнародных фестывалях.

У 1968 годзе наш калектыў атрымлівае знаёмае сёння ўсім памяшканне на вуліцы
Энгельса. Анатоль Аляксандравіч адыходзіць ад адно дзіцячага рэпертуару і бярэцца за п’есы больш значныя. “Клоп” Уладзіміра Маякоўскага расчыніў перад тэатрам лялек зусім новыя дзверы. Затым Анатоль Вярцінскі перабудаваў свой твор пад сцэнічны варыянт для лялечнікаў. У выніку, праз паэтычную кантату “Скажы сваё імя, салдат” Ляляўскі вывеў артыстаў на новую прастору і даў кірунак будучым рэжысёрам.

Вядома, за савецкім часам моду ў тэатры лялек дыктаваў Сяргей Абразцоў. Аднак Ляляўскі ад пачатку шукаў свой шлях у мастацтве, эксперыментаваў з новымі сродкамі выразнасці. Нашыя лялечнікі ўсё часцей выходзілі з-за шырмы. У “Сымоне-музыку” Ляляўскі разбурыў “чацвёртую” сцяну, стварыў унікальны паэтычны тэатр, пра які пасля з узрушэннем гаварылі самавітыя крытыкі на міжнародных фестывалях. “Прыгоды бравага салдата Швейка” Яраслава Гашака, “Ляўша” Мікалая Ляскова, “Зорны хлопчык” Оскара Уайльда, “Жаваранак” Жана Ануя — праз гэтыя пастаноўкі разам з Анатолем Аляксандравічам мы ўсе крок за крокам спазнавалі лялечнае мастацтва. А глядач за нашыя пошукі галасаваў, так бы мовіць, нагамі: чэргі ў касу стаялі ўздоўж вуліцы, а лішні білецік на вечаровы спектакль пыталі ажно ля кінатэатра “Навіны дня” (не так даўно на тым месцы працавала малая сцэна Купалаўскага тэатра).

Нават “Боскую камедыю” Ісідора Штока — п’есу, якая грымела на той час у тэатры Абразцова, — Ляляўскі з Фаміной прачыталі на свой лад, наблізіўшы лялечную пастаноўку да відэамультыплікацыі. Спектакль ішоў 33 гады! На адным з апошніх паказаў прыемнай нечаканасцю сталі кветкі немаладой пары. Гэтыя людзі пазнаёмілася на яго прэм’еры!

Лепшы досвед — у Мінск

— Анатоль Аляксандравіч не толькі намацаў шлях станаўлення нацыянальнага тэатра лялек. Менавіта дзякуючы яму з’явілася аддзяленне лялечнікаў у нашым тэатральна-мастацкім інстытуце. Да гэтага над лялькаводамі пакеплівалі: маўляў, за шырмай хаваецца той, хто нічога не ўмее сам рабіць на сцэне. А Ляляўскі адчуваў патрэбу ў прафесійнай падрыхтоўцы сваіх лялечнікаў. Між іншым, з іх атрымліваліся пасля і выдатныя драматычныя акцёры — напрыклад, народны артыст Беларусі Віктар Манаеў выйшаў менавіта з-пад крыла Анатоля Ляляўскага.

Яшчэ да першага набору ў ВНУ наш галоўрэж адкрыў пры тэатры школу-студыю. Праз яе і трапіў на сцэну: прыйшоў у тэатр працаваць рабочым, а паміж спектаклямі браў у рукі ляльку. Анатоль Аляксандравіч гэта запрыкмеціў і сказаў: калі ў хлопца такая прага да лялек — няхай будзе ў дапаможным складзе. Ляляўскі змог за невялікі тэрмін з дапамогай вопытных лялечнікаў навучыць зусім неадукаваных хлопцаў і дзяўчынак, многія з якіх прыязджалі з вёсак, не толькі прафесіі, але і этыцы.

Але і дыпламаваных артыстаў ён не пакідаў у спакоі. Разам з айчынным саюзам тэатральных дзеячаў ладзіў для акцёраў паездкі на самыя гучныя спектаклі па ўсім Савецкім Саюзе. Пасля кожнай такой вандроўкі Ляляўскі збіраў трупу і прасіў акцёра распавесці свае ўражанні ад пабачанага. У нас здараліся цікавыя спрэчкі! Галоўны рэжысёр запрашаў у тэатр знакамітых выкладчыкаў па сцэнічнай мове і руху з Масквы і Ленінграда.

Педагогу Анатолю Ляляўскаму не давала спакою адчуванне, што ў гэтай галіне мастацтва не хапае дасведчаных людзей. Ён выпусціў кнігі для тых, хто хоча займацца лялькамі: “Лялечны тэатр у школе” і “Тэатр лялек”. З-пад яго пяра выйшлі і дзве п’есы, якія доўгі час ішлі на нашых падмостках — “Ліпавічкі” і “Вясёлы цырк” (сцэнічная версія апошняй у адноўленым варыянце хутка зноў з’явіцца ў рэпертуары тэатра — Н.П.)

На пастаноўках Анатоля Аляксандравіча вучыліся. І, здаецца, першым вучнем у рэжысуры быў яго сын Аляксей Ляляўскі, які пайшоў далей, пашырыўшы прыроду артыста ў светапоглядзе яго існавання на сцэне. Анатоль Аляксандравіч без ваганняў саступіў дарогу маладым, а сам сышоў на пенсію. Гісторыя пайшла сваім ходам, а Ляляўскі-старэйшы працягваў наведвацца ў тэатр да апошняга моманту (пайшоў з жыцця ў 1995 годзе).

У нашага Майстра быў нязменны погляд на свет: ён лічыў, што жыццё — гэта цудоўна, і калі ты цалкам аддаешся яго гіпнозу, то побач заўсёды павінна быць мастацтва. Па яго меркаванні, прырода чалавечая мусіць ісці ў гармоніі з развіццём грамадства. Сваёй дзейнасцю Анатоль Аляксандравіч натхніў айчынную акцёрскую грамаду, выхаваў не адно пакаленне гледачоў. Ён выпеставаў ідэю лялечнага братэрства. У гэтым рэчышчы цалкам лагічна выглядала заснаванне ў 1997 годзе Беларускім цэнтрам UNIMA (Міжнародны саюз лялечных тэатраў — Н.П.) вышэйшай узнагароды — прэміі імя Анатоля Ляляўскага, якую прысуджаюць дзеячам тэатра за высокія прафесійныя дасягненні і значны ўнёсак у справу развіцця лялечнага мастацтва.

Фота з архіва
Аляксея Ляляўскага
і Уладзіміра Грамовіча.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"