Бы Фенікс з попелу

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

“Синяя птица” працягвае свой палёт
Сёння ў нас гасцюе чалавек, без усялякага перабольшання легендарны — Міхаіл БАЛОТНЫ, дзякуючы якому ў СССР пачала набіраць сілу другая (трэцяя?) хваля жанру вакальна-інструментальнай музыкі і выпырхнуў на вялікую “саюзную” сцэну калектыў “Синяя птица”. Мала хто ведае, што мегапапулярны ў 1970-я ВІА вылупіўся з яйка ў Беларусі. Ён не згубіў сваіх прыхільнікаў і па гэтую пару.

/i/content/pi/cult/682/15027/24.JPGПраца над памылкамі

— Вы са старэйшым братам Робертам у 1974 годзе “падхапілі” той калектыў (тады ён яшчэ не называўся “Синяя птица”), які ўтварыўся ў Гомелі ў 1972-м і канцэртаваў па Беларусі. У 1975-м, ужо ў Куйбышаўскай філармоніі, у ансамбля і з’явілася тая самая назва, пад якой ён стаў здабываць папулярнасць. Чым абумоўлены ўсе гэтыя пературбацыі?

— Ансамбль з самага пачатку ствараўся мной і маім братам Робертам! Мы нікога не “падхоплівалі”! Тое, што рабілі ўсе гэтыя самадзейныя калектывы, нас не задавальняла, і калі я дзесьці чытаю, што “Синяя птица” з’яўляецца працягам нейкага там ВІА, — гэта глупства. Мы пачалі з падбору людзей, якія адпавядалі нашым патрабаванням і патрабаванням тых аўтараў, з якімі мы тады супрацоўнічалі (Сяргей Дзьячкоў, Тэадор Яфімаў, Вячаслаў Дабрынін, Анатоль Дняпроў, Юрый Антонаў...). І ўсе, хто калі-небудзь граў і спяваў у “Синей птице”, былі прынятыя ў яе мною і Робертам. Рэпертуар мы вызначалі разам, каму спяваць якую песню — таксама.

— Але ж пачыналася ўсё ў Гомелі?

— У Гомелі нам рэкамендавалі паслухаць самадзейны ансамбль дрэваапрацоўчага камбіната. Калектыў вялікі, і ў тым выглядзе ён нам быў не патрэбны. І я адразу пасля праслухоўвання сказаў Роберту, што можна ўзяць толькі траіх — Сяргея Драздова, Юрыя Мяцелкiна і Барыса Белацаркоўскага. Плюс яшчэ гукарэжысёра Аляксея Куліка. Астатнімі ўдзельнікамі новаўтворанага ВІА сталі калінінградскія музыканты. Назву “Синяя птица” потым прыдумаў Роберт.

— Што вас не задаволіла ў Гомельскай абласной філармоніі? Там жа тады працавалі вялікі джазмэн Эдзі Рознер, знакаміты акардэаніст Валерый Коўтун, нейкі час “бацька савецкага року” Аляксандр Градскі, будучы лідар ансамбля “Сябры” Анатоль Ярмоленка?

— Працаваць у Гомельскай філармоніі мы, вядома, хацелі, аднак нам сказалі, што з нашымі патрабаваннямі мы ім не патрэбныя. Але ўжо праз пару гадоў, калі ў нас з’явіліся песні “Клён”, “Ты мне не снішся...”, “Горка” ды іншыя, ансамбль стаў самым жаданым госцем у Гомелі і астатніх гарадах Беларусі. Мы канцэртавалі там мінімум два разы на год.

— Але на пачатку шляху вам давялося перабрацца з Гомеля ажно ў Горкі — цяперашні Ніжні Ноўгарад.

— Так, нейкі вельмі кароткі перыяд мы лічыліся пры Горкаўскай філармоніі. Але перспектыва працы ў ёй нас не задавальняла. І неяк наш добры знаёмы — маскоўскі канферансье і пісьменнік Сямён Камінскі — паведаміў, што патрабуецца калектыў у Куйбышаўскую філармонію, пазнаёміў з яе дырэктарам Канстанцінам Лісіцыным. Як цяпер памятаю, у Куйбышаў (цяпер гэта Самара) мы прыляцелі 10 верасня 1975 года і засталіся там на доўгія гады. У студзені 1976-га выйшаў першы міньён, які ўключаў песні “Клён” і “Словы”. Праз месяц пасля яго выдання нікому невядомы гурт прачнуўся знакамітым. Досыць сказаць, што мы па дзесяць разоў збіралі ў Маскве ўсе самыя лепшыя залы і стадыёны!

— І тады, у 1970 — 1980-я, і сёння, некаторыя музычныя крытыкі і музыказнаўцы казалі і кажуць пра безаблічнасць жанру ВІА. Маўляў, былі хіба адзінкавыя калектывы з уласным почыркам, астатняе — шэрая маса. Чым брала слухача “Синяя птица”?

— Думаю, шмат каму з тагачасных крытыкаў сёння проста сорамна за тое, як яны асвятлялі гэты жанр, — выконваючы заказ. А хто тады “заказваў музыку”, мы памятаем. Безумоўна, якасць ансамбляў — чый лік ішоў на сотні — моцна адрознівалася. Сярод іх было 5 — 8 калектываў, песні якіх падхоплівала ўся краіна, і нам пашанцавала апынуцца ў той... меншасці! А чым бралі? Якасцю! “Синяя птица” — гэта не толькі пара шлягераў, але і цэльны якасны рэпертуар, высокага ўзроўню праграмы, дзясяткі выпушчаных вялізнымі накладамі альбомаў, якія разыходзіліся імгненна. А яшчэ — старанна падабраныя выканаўцы і заўсёды добрыя касцюмы.

А якія пародыі мы рабілі, што прыводзілі ў захапленне стадыёны! Ніколі не забуду, як у нейкім годзе выступалі ў Мінску ў Палацы спорту. На адным з канцэртаў падчас выканання пародыі на цыганскі ансамбль да нас на сцэну з залы выскачыў сапраўдны... цыганскі табар і пачаў скакаць разам з намі! Як яго прапусцілі? Міліцыянты, напэўна, не разабраліся, падумалі, што гэта такая пастаноўка, зала ж віскатала ад задавальнення і не адпускала нас, бiсуючы, хвілін 20. Гэта было сапраўднае шоу!

— “Синюю птицу” не без падстаў называюць “кузняй кадраў”. Праз яе прайшлі многія з будучых зорак эстрады: Алег Газманаў, Ігар Саруханаў, Мікалай Парфянюк, Святлана Лазарава, бубнач “ДДТ” Ігар Дацэнка (на жаль, ён памёр некалькі гадоў таму). “Птушаняты” клопатаў дастаўлялі?

— Імкнуліся не дастаўляць. Напэўна, любы папулярны ў той час ВІА быў у нейкай ступені “кузняй кадраў”. Некаторыя музыканты пакідалі ансамблі і пачыналі сольную кар’еру, і вельмі паспяхова. Іх імёны мы ўсе ведаем і часта бачым на ТБ. А хтосьці не дасягнуў поспеху, і аказалася, што лепшы іх час быў тады, калі яны працавалі ў ансамблях. Гэта жыццё. Як каму пашанцавала.

— Напэўна, самай вядомай постаццю “Синей...” быў Сяргей Драздоў. На жаль, ён таксама ўжо пайшоў з жыцця.

— Сярожа быў сапраўднай “зоркай”... Дзівосны музыкант — ад Бога. Цудоўны вакаліст, які валодаў такім яркім тэмбрам, што мог перакрыць усю спеўную групу. Але пры гэтым вельмі прафесійны, “коўдру” на сябе ён ніколі не цягнуў. Гэта быў адзіны чалавек, якому я давяраў правесці распеўкі перад канцэртам, калі ад’язджаў на звядзенне чарговага дыска. Ён быў унікальным інструменталістам, які мог спяваць і ў той жа час граць вельмі складаную басовую партыю. Мы разумелі адзін аднаго з паўслова. Усе-ўсе песні, якія даверылі яму выконваць, народ палюбіў.

З нуля

— У канцы 1980-х рок-музыка, а потым і “ласкавыя маі”, катком прайшліся па вакальна-інструментальных ансамблях. Але ў адзін цудоўны дзень “Птица” адрадзілася з попелу...

— Рашэнне сабраць калектыў зноў прымалі Роберт і бубнач Лёша Камароў, я ў гэты час ужо жыў у ЗША. Тут у мяне таксама ёсць свая “Синяя птица”, некаторыя яе музыканты працавалі яшчэ ў першым складзе (як, да прыкладу, Алег Калеснічэнка), хтосьці — у іншых папулярных у мінулым гуртах. У ЗША жыве нямала прыхільнікаў нашай музыкі, мы шмат працуем у студыі. А ў Расіі здарылася тое, што прадказваў Роберт — паназ’яўлялася мноства “пірацкіх” складаў, якія называлі сябе “Синей птицей”, раз’язджалі з гастролямі і падманвалі публіку. Наогул, ва ўсім цывілізаваным свеце існуе такое паняцце — first in file, гэта значыць, таму, хто першы прыдумаў і зрабіў, належыць назва. Упэўнены, час расставіць усё на свае месцы.

— У сталіцы штата Нью-Ёрк Олбані, дзе вы жывяце, у вас ёсць свой бізнес, ці не так?

— Так, у 1995 годзе я адкрыў кампанію, якая займалася пастаўкай “бэушных” аўтамабіляў у Расію і краіны Прыбалтыкі.

— А чым увогуле быў выкліканы пераезд у Штаты?

— Думаю, шмат хто памятае ліхія 1990-я. А мы былі тады ў цэнтры ўвагі — і ў пэўных колах таксама. Я вырашыў не рызыкаваць дзецьмі (маёй дачцэ было 13 гадоў, а сыну 4): за тыдзень аформіў усе дакументы і з’ехаў. Так у 1994 годзе і апынуўся ў новай краіне, з новай мовай і новымі законамі. Жыццё, як гаворыцца, пачаў з нуля. Ну, нічога, выжыў!

— Песні працягваеце пісаць?

— У 2003 годзе выйшаў кампакт “Синяя птица-2003” з маімі песнямі, у запісе якога прымалі ўдзел нашы салісты — Сяргей Драздоў, Сяргей Леўкiн (яго не стала ў 2006-м), Аляксандр Звяровiч і Яўген Воінаў. У 2011-м быў выпушчаны дыск ужо з амерыканскім складам, а ў канцы 2015 года выдадзены новы CD “Цяпер я ведаю”, запісаны ў Нью-Ёрку з удзелам, дарэчы, Мікалая Парфенюка, пра якога вы згадвалі, — нашага былога вакаліста, выдатнага спевака, цяпер артыста тэатра “Ленком”.

— Ці маеце ўяўленне аб цяперашняй беларускай папулярнай музыцы? Можа, кагосьці адзначыце? Тыя ж крытыкі сцвярджаюць, што яна шмат у чым як бы завісла ў эпосе савецкай эстрады.

— Назаву перш за ўсё “Беларускіх песняроў”, Анатоля Ярмоленку з “Сябрамі” і Дзіму Калдуна. А наконт савецкай эстрады... Яна падарыла людзям столькі прыгожых песень, за якімі не ўгнацца сённяшнім аднадзёнкам!

— Даўно не былі ў Беларусі?

— На жаль, даўно. Вядома, было б цікава паглядзець краіну, дзе я нарадзіўся, жыў, вучыўся. Калі будзе час, абавязкова пабываю на радзіме! Ну а чытачам вашай газеты хачу пажадаць усяго самага лепшага. Няхай яны слухаюць нашы песні і ўспамінаюць “Синюю птицу”!

Даведка

Міхаіл БАЛОТНЫ, 67 гадоў. Нарадзіўся ў Гомелі. У 1971 годзе скончыў факультэт фізічнага выхавання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “выкладчык фізкультуры, трэнер”. У 1985-м — Куйбышаўскі дзяржаўны інстытут культуры па спецыяльнасці “арганізатар культурна-масавых мерапрыемстваў”. Адзін з заснавальнікаў і музычны кіраўнік ВІА “Синяя птица”, аўтар песень, прадзюсар.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"