І з радасцю, і з трывогай

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

“Хатка” ў Сямурадцах — не на курыных ножках
Дарога да гэтага населенага пункта ляжала акурат па знакамітым пантонным мосце праз Прыпяць, які ўжо стаў славутасцю не толькі для беларусаў. Што вам сказаць — уражвае, асабліва калі па ім ідзеш пешшу. Я не паленаваўся, не спалохаўся, вылез з мікрааўтобуса і ўпэўненымі крокамі перайшоў раку з аднаго берага на другі. Уражанняў хапіла і там, уласна, пра тое і мой аповед.

/i/content/pi/cult/682/15025/22.JPGГенетычная памяць

Адзіны культурны агмень Сямурадцаў — сельскі клуб — адразу ж нанёс сакрушальны ўдар па маім эстэтычным гусце сваімі разьбянымі ўзорамі, якія ўпрыгожвалі фасад установы. Позірк прыкавалі і розныя пацешныя прадметы і фігуркі, расстаўленыя па двары або ўкапаныя ў зямлю. Натуральнага паходжання пні з дапамогай фарбаў ператварыліся ў неверагодных істотаў.

— Напэўна, весела яны тут жывуць, — агледзеўшы цуды, падумаў я. Увайшоў унутр — і тут жа атрымаў другі аперкот, у выглядзе выставы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і вышыўкі. Сціпленька, мінімальна, але… чамусьці гэтая экспазіцыя навеяла ўспаміны пра нейкія казкі, у якіх добрага малайца чароўны клубок прыводзіў у таямнічую і, здавалася б, закінутую хатку, інтэр’ер якой не пераставаў дзівіць.

Дырэктар сельскага клуба Людміла Ляўковец тлумачыць мне, што выставы гэтыя не простыя, а залатыя — усё, што выраблена майстрыхамі вёскі, можна набыць за наяўныя. І гэта “ўсё” з ходу раскупляецца і мясцовымі жыхарамі, і заезджымі “гастралёрамі” з усёй краіны, і на выязных выставах-продажах. Так што мне пашанцавала, паспеў я да “шапачнага разбору”.

Чамусьці я быў упэўнены, што ў вёсцы дзейнічае яшчэ і бібліятэка, аднак высветлілася, што яе аптымізавалі, прычым ужо каля дзесяці гадоў таму. Аматары чытання ходзяць па кнігі з кіламетр у бліжэйшую клуб-бібліятэку, якая размешчана ў вёсцы Старажоўцы. А на месцы былога храма кнігі, на другім паверсе СК, ужо год як функцыянуе невялікі музей, што структурна ўваходзіць ва ўстанову.

— Яго мы назвалі “Матулiна хата”, — кажа Людміла Уладзіміраўна. — У ім прадстаўлена сёе-тое з таго, што калісьці — паўстагоддзя, стагоддзе таму, а то і больш — складала хатні побыт вясковага чалавека. Верацёны, ткацкі станок, гліняны і драўляны посуд, шафа (маёй прабабулі з прадзедам, дарэчы), карціны, ручнікі... Пяць гадоў збіралася гэтая “калекцыя”. Думаем, можа, “у сезон” рабіць музей платным для наведвальнікаў, хоць бы няхай за 50 капеек?

Што, зноў-такі, адразу кранае ў “Хаце”, дык гэта аркуш на сцяне з надпісам “Жыве наша вёска”.

— Усе яе 164 жыхары — ад маладых да старых — ужо колькі разоў былі ў музеі, але прыходзяць у яго зноў і зноў, — працягвае дырэктар. — Як і жыхары суседніх вёсак. Мабыць, нешта такое цягне іх сюды — можа, рэальныя ўспаміны або генетычная памяць?

Ад бабуль засталося

/i/content/pi/cult/682/15025/21.JPGА для клуба ўдарны для наведвання час года (той самы “сезон”) — лета. Як сказаў калісьці нехта Пруткоў: “Сапраўднае жыццё ў горадзе пачынаецца тады, калі ў яго ўваходзяць ваенныя”. Так і тут: млявае жыццё вёскі змяняецца ў цёплыя дзянькі, калі ў яе з’язджаюцца сваякі вяскоўцаў, іх госці, “дзікія адпачывальнікі”, якія прыглядаюць пустыя дамы з мэтай іх магчымага набыцця. Натуральна, дзверы клуба ў гэтыя тры месяцы амаль не зачыняюцца.

Сярод платных паслуг, што аказваюцца вяскоўцам, — правядзенне народнага абраду з выездам (5 рублёў), віншаванне з сямейнымі імпрэзамі (5 рублёў за 30 хвілін), тэатралізавана-гульнёвая праграма для дзяцей “Дзень нараджэння” (20 рублёў за 1 гадзіну)... Пры СК дзейнічаюць два аматарскія аб’яднанні — клубы аматараў настольных гульняў і “Для тых, каму за 50” (мяне ўразіла адна з гульнёвых праграм, якую практыкуюць яго заўсёднікі, шырока распаўсюджаная на вяселлях — калі людзі перадаюць адзін аднаму бутэльку, заціснутую паміж ног); два дзіцячыя гурткі — сольнага спеву і ДПМ; два дарослыя фарміраванні — бытавога танца і народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Сцвiжанка” (яму ідзе 36-ы год).

Пра апошні — трохі падрабязней. Ён выступае не толькі ў Сямурадцах, але і ў бліжэйшых вёсках, пастаянна ўдзельнічае ў раённых і абласных конкурсах. І запрашаюць калектыў заўсёды з велізарным задавальненнем, бо адрозніваецца ён асаблівай старасвецкай манерай спеву. А рэпертуар яго складаецца, у асноўным, са старых-старых твораў, якія прынята называць народнымі. Але адначасова дзіўна, што такі эксклюзіў не вывозіцца, напрыклад, на буйныя мерапрыемствы рэспубліканскага маштабу. Добра, хоць тэлевізійшчыкі звярнулі ўвагу на ансамбль і “засвяцілі” яго ў пары перадач. Зрэшты, перад тым як выходзіць на новы ўзровень, няблага было б абнавіць сцэнічны гардэроб, атрымаўшы на гэта належныя сродкі. Пакуль што ўдзельніцы калектыву дбаюць пра свае касцюмы самі — балазе, ад бабуль сёе-тое засталося.

Сцены просяць рамонту

Калі ж казаць пра тэхнічны стан будынка, то ў гэтым пытанні назіраецца “карціна маслам”, як любіла прыгаворваць такая вядомая персона, як Давыд Маркавіч Гоцман з фільма “Ліквідацыя”. Клубу вельмі патрэбны рамонт, пра што літаральна “лямантуюць” яго сцены. У перспектыве яго зрабіць абяцаюць — па меншай меры, замена вокнаў быццам бы не за гарамі. Пакуль жа падфарбоўваюць, падбельваюць, падтынкоўваюць самі работнікі ўстановы — за свой кошт, зразумела. Ну і, шчыра кажучы, драўлянае добраўпарадкаванне, якое так мяне ўразіла, патрабуе дбайнай рэстаўрацыі.

А вось у танцавальнай зале калонкі вельмі сабе нават нічога. Не так даўно была набытая новая музычная апаратура, так што па святах, суботах і нядзелях народу ёсць пад што “збацаць”, дапусцім, твэрк. Выснова: пры праблемах непазбежных, клуб гэты ўсё ж такі трывала стаіць на нагах — нармальных, а не курыных! Застаючыся цэнтрам жыцця і самой вёскі, і яе бліжэйшых суседак.

А адным з двух маіх памочнікаў-рэспандэнтаў стаў канцэртмайстар СК 62-гадовы Фёдар Батура, які некалі скончыў музычную вучэльню ў Мазыры па класе баяна і потым шмат-шмат гадоў працаваў і на ніве культуры, і ў абласцях далёкіх ад яе. Куды толькі лёс ні закідваў гэтага чалавека, чыё дзяцінства прайшло ў Сямурадцах! Ён катэгарычна адмовіўся фатаграфавацца, аргументуючы гэта тым, што, з яго рэпутацыяй паслядоўнага крытыка разнастайных парадкаў, будзе дастаткова толькі неперадузятага меркавання “рэцэнзента”.

Каментарый Фёдара БАТУРЫ:

— У клубе мы рэпеціруем, развучваем новыя песні. З аднаго боку, і не сумна — калі адпраўляемся кудысьці з канцэртамі або ладзім мерапрыемствы на месцы, з другога — манатонна неяк у будні жыццё працякае ў СК. Хочацца больш дзіцячага смеху ў ім, а якая тут весялосць, калі асноўнае насельніцтва вёскі — людзі пенсійнага ўзросту, якія перш за ўсё думаюць пра тое, як ім выжыць, дзе яшчэ грошыкаў зарабіць. (А мы нярэдка за свае ездзім на выступы, наймаем машыну, плацім за бензін: не хапае ў Жыткавіцкага раёна сродкаў, каб забяспечыць імі ўсе запыты яго ўстаноў культуры.)

Але я вельмі спадзяюся, што тыя нашы асаблівыя спевы ўсё ж будзе каму перадаць. Дзеткі, няхай іх і мала, тым спевам вучацца. Правільна, калі кажуць аб захаванні традыцый, але надзённае ў гэтым сэнсе сёння заключаецца менавіта ў развіцці. Асабліва тое тычыцца культуры і мастацтваў на вёсцы. Што тыя грошы — звычайнай увагі нам бы ад мясцовых уладаў паболей, паболей чуласці, лішняга добрага слова...

Ганаровая ж місія другога правадыра “К” была ўскладзена на Тамару Торчык, ураджэнку Сямурадцаў, якая ўжо амаль 17 гадоў працуе ў СК тэхнічкай —- і, адпаведна, можа параўноўваць тое, як было тады, з тым, што ёсць цяпер. Між іншым, і яе вырабы ДПМ былі прадстаўлены на выставе, як і вышыўка крыжыкам. Паказвае сваё мастацтва ўдзельніца “Сцвiжанкi” і па ўсёй Гомельшчыне. “Нешта, здараецца, і купляюць, — паведамляе яна. — Як-ніяк, а дапамога сямейнаму бюджэту”.

Каментарый Тамары ТОРЧЫК:

— Я яшчэ школьніцай бегала ў клуб, які паўстаў у 1960-я гады. Напэўна, аж да пачатку 2000-х было каму ў яго хадзіць, было яму для каго працаваць. Сёння... Людзей з кожным годам у вёсцы становіцца ўсё менш і менш, не ратуюць нават прыезджыя. І клуб наш стаў ужо такім... пажылым. Не, ён не памірае, трымаецца, мы яго трымаем, але маладая кроў яму неабходная. А адкуль яе ўзяць? Збіраем па засеках, дзеткі з задавальненнем да нас ходзяць, але колькі іх, і што будзе заўтра, паслязаўтра? З клубам, з самiм культурным жыццём Сямурадцаў? Таму працуем і з радасцю, і са смуткам, i з трывогай…

Мінск — вёска Сямурадцы Гомельскай вобласці — Мінск
Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"