Кніга на аўтобусным прыпынку

№ 10 (1345) 08.03.2018 - 15.03.2018 г

Пачнём з падзей, што адбываюцца гэтымі днямі ў сёлетняй Культурнай сталіцы Беларусі — Наваполацку. З 1 сакавіка, як распавядае дырэктар дзіцячай мастацкай школы імя Івана Хруцкага Аксана Тарасікава, у навучальнай установе працуе персанальная выстава Сяргея Прывады. Мастак пэўны час працаваў выкладчыкам згаданай мастацкай школы. У экспазіцыі — больш за 25 ягоных работ. Гэта графіка і выкананая ў арыгінальнай тэхніцы пастэль. Выстава называецца “Набываючы майстэрства” і адлюстроўвае прыгажосць Наваполаччыны.

/i/content/pi/cult/682/15024/20.JPGУ Наваполацкім палацы дзяцей і моладзі, распавядае кіраўнік установы Наталля Серакова, доўжыцца першы фестываль дзіцячай інструментальнай музыкі пад цікавай назвай “Адзін дзень жывой музыкі, альбо Вясенняя рапсодыя”. “Дзень” распачаты яшчэ напрыканцы мінулага года, а завершыцца 17 сакавіка. У фестывалі бяруць удзел гітарысты ды піяністы ад 6 да 18 гадоў.

Гарадзішчанская дзіцячая школа мастацтваў (Баранавіцкі раён) у мінулым годзе была рэканструявана. А ў сакавіку тут прайшоў І адкрыты абласны дзіцячы конкурс ансамбляў “Музычны капеж — 2018”. Гэта ўжо пяты па ліку конкурс дзіцячага калектыўнага музіцыравання. Але дзякуючы таму, што плошчы ўстановы павялічыліся, пашырылася і геаграфія мерапрыемства. Пад дахам Гарадзішчанскай ДШМ сабраліся 104 удзельнікі 32 ансамбляў з Пружанскага, Пінскага, Бярозаўскага, Камянецкага і Баранавіцкага раёнаў. Гран-пры атрымала Пружанская ДШМ.

І яшчэ адна інфармацыя з Баранавіцкага раёна. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Святлана Ашыбкіна распавядае пра маштабны раённы бібліятэчны праект “ІНФА. biblioteka // кропкі доступу”. “Адным са складнікаў праекта, — піша яна, — стала PR-акцыя “Чытацкі прыпынак”. Цягам года супрацоўнікі ЦРБ вандравалі па малых населеных пунктах Баранавіцкага раёна, прапаноўвалі вяскоўцам самы разнастайны спектр паслуг і заняткаў. Кожная выязная бібліятэчная пляцоўка на аўтобусных прыпынках была тэматычнай.

Гомельская абласная бібліятэка прэзентавала мемарыяльную залу, прысвечаную народнаму пісьменніку Беларусі Андрэю Макаёнку, які нарадзіўся на Рагачоўшчыне. Галоўны бібліятэкар аддзела краязнаўства Ніна Серыкава паведаміла, што гэта адно з першых мерапрыемстваў, якія запланаваны бібліятэкай у Год малой радзімы. “Падставай для стварэння залы, — працягвае аўтар, — стаў архіў драматурга, які перадала бібліятэцы яго жонка Любоў Іванаўна. У экспазіцыі — камсамольскі і ваенны білеты, узнагароды, пасведчанне народнага пісьменніка з нагрудным знакам, кнігі, лісты, тэлеграмы, рукапісы, афішы, фотаздымкі, ваенныя дзённікі, першы верш, напісаны ў 1945 годзе (сваю творчасць пісьменнік пачынаў з вершаскладання)”.

Дырэктар Горацкай раённай бібліятэчнай сеткі Ірына Пачэкіна паведамляе аб праекце “Ён думкай і словам служыў Беларусі”, які прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Менавіта з Горкамі і Сельскагаспадарчай акадэміяй звязаны пэўны перыяд жыцця і творчасці пісьменніка. Тут ён вучыўся, стварыў таварыства аматараў беларускай літаратуры, потым працаваў на кафедры беларусазнаўства. Імем Гарэцкага ў Горках названа вуліца і цэнтральная бібліятэка. У Сельскагаспадарчай акадэміі працуе музей-кабінет пісьменніка. Існуе стыпендыя імя М.Гарэцкага, якая выдаецца замежным студэнтам за поспехі ў вучобе і ў грамадскай дзейнасці… Праект, які падтрымала народнае літаратурнае аб’яднанне “Роднае слова”, закліканы бліжэй пазнаёміць жыхароў Горацкага раёна з асобай і творчай спадчынай класіка. Мерапрыемствы будуць ладзіцца да верасня.

А вось праект “Чытанне — шлях да дасканаласці” распачаўся ў Навагрудскай раённай бібліятэцы. Яна запрасіла мясцовы гандлёва-эканамічны каледж у літаратурнае рэтра-падарожжа. А “Тэатр Сяброў” навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці зрабіў літаратурны баль незабыўным. Пра гэта паведаміла загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі Іна Шаўчук.

Расонскі раённы дом культуры правёў XII абласны агляд-конкурс фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі “Ад прашчураў да зор”. Пераможцы яго прадставяць Віцебшчыну на Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які пройдзе ў чэрвені ў пасёлку Акцябрскі, што на Гомельшчыне. Абласны агляд-конкурс фальклорнага мастацтва ладзіцца на Віцебшчыне з 2004 года. І кожны раз з’яўляюцца новыя калектывы, якія папулярызуюць мясцовыя традыцыі і абрады, паказваюць высокі мастацкі ўзровень выканання і веданне спецыфічных асноў фальклорнага мастацтва вобласці. Пра гэта паведаміла вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна. “Рэпертуарную аснову, — працягвае яна, — складаюць творы, сабраныя падчас фальклорных экспедыцый. У конкурсе прынялі ўдзел 20 фальклорных калектываў і 44 танцавальныя пары, гэта больш за 350 чалавек — дзяцей і моладзі розных узростаў.” Гран-пры ўручаны ўзорнаму фальклорнаму гурту “Нежачкі” Расонскага цэнтра дзяцей і моладзі. Сярод фальклорных калектываў лаўрэатамі І ступені сталі Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь — узорны фальклорны ансамбль “Сунічкі” Стайскай ДШМ, што на Лепельшчыне. У конкурсе музычных інструментальных капэл (ансамбляў) традыцыйнага складу лаўрэатамі І ступені названы дзіцячы фальклорны калектыў “Вязынка” ДШМ Гарадка (Езярышчанскі філіял) і згаданы ўжо гурт “Нежачкі”. У турніры пар-выканаўцаў народных побытавых танцаў лаўрэатамі ў розных узроставых катэгорыях названы Аліса Раманоўская і Ягор Жалтоўскі з Гарадоччыны, Валерыя Быкава, Аляксей Залатуха з Лепельшчыны. У конкурсе-прэзентацыі выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва лаўрэатам І ступені стаў узорны фальклорны калектыў “Знічка” Палатоўскай школы Полацкага раёна. У намінацыі “Творчы дэбют” у побытавых танцах адзначана незвычайная пара: сястра і брат Міхно — Дар’я (4 гады) і Уладзіслаў (3 гады) з Лепельшчыны.

Аддзел абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі запрасіў ахвотных на пасяджэнне клуба “Сустрэча”. Кіраўнік клуба Святлана Галінская распавяла, што гэтым разам адбылося знаёмства з творчасцю народнай майстрыхі Святланы Сярпейка з аграгарадка Кальчуны. Святлана Юр’еўна прэзентавала выставу сваіх работ. Сярод іх — бацік, выцінанка, кропкавая графіка… Цяпер спадарыня Сярпейка спрабуе асвоіць ткацтва. А яшчэ яна збірае ключы, спявае прыпеўкі ў фальклорным калектыве “Скарбніца”, піша вершы.

Бібліятэкар чытальнай залы Ашмянскай раённай бібліятэкі Вольга Швец напісала пра тое, што аддзел абслугоўвання і інфармацыі ўстановы запрасіў навучэнцаў Ашмянскага прафесійнага аграрна-тэхнічнага каледжа на мерапрыемства, прысвечанае прафілактыцы наркаманіі. У дыялогу прыняла ўдзел намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Ашмянскага райвыканкама Святлана Пятніцкая.

Інфармацыя ад Галіны Гашчук са Століншчыны. Супрацоўнікі Рэчыцкага гарпасялковага клуба заўжды вызначаліся жанравай разнастайнасцю сваіх выступленняў. Гэтым разам яны падрыхтавалі канцэртную праграму “Comedy Women па-рэчыцку”. Работнікам культуры дапамагалі медыкі, настаўнікі, супрацоўнікі дзіцячага садка.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"